Радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою” (Лк.1:28), – гэта словы Пасланца нябёсаў, звернутыя да Маці Божай, у якіх – сутнасць нашага свята. З гэтых словаў пачынаецца наша выратаванне – збаўленне роду чалавечага. Гэтыя словы абвяшчаюць свету таямніцу Богаўцялеснення, прыносяць вестку з нябёсаў аб вялікай любові Бога да чалавека. Сын Божы становіцца Сынам Дзевы. На якую ж вышыню ўздымаецца наша чалавечая прырода! Вось як пра гэта кажа свяціцель Іаан Златавуст: “Бог – на зямлі, чалавек – на небе. Усё аб'ядналася: ангелы складаюць адзінае цэлае з людзьмі, людзі далучаюцца да ангелаў і іншых нябесных сілаў.”
Якая ж роля Божай Маці, заўжды Дзевы Марыі ў справе выратавання чалавецтва? Якое Яе месца ў сакральнай гісторыі? У момант Благавешчання Прасвятой Багародзіцы Дзева Марыя, адгукаючыся на зварот Бога да людзей, ад імя ўсяго чалавечага роду і дзеля яго збаўлення выказала сваю згоду, без якой Бог не мог прыйсці ў свет і стаць чалавекам. І калі ў Назарэце архангел Гаўрыіл з'явіўся Божай Маці і прынёс Ёй радасную вестку пра тое, што ад Яе народзіцца Сын Божы, Яна пакорна згадзілася з воляй Творцы.
Гэта быў Яе асабісты адказ на зварот Божы. Але Яна – адна з нас. І таму, як мы праз агульначалавечую салідарнасць і пераемства звязаны з Адамам і здзейсненым ім грахом, так і звязаны мы з Багародзіцаю, словы згоды Якой прагучалі ад імя усяго чалавецтва. Калі б не было Яе станоўчага адказу, не было б і Уцялеснення Сына Божага і Сына Чалавечага. Без Сваёй Прачыстай Маці і насуперак Яе волі Іісус Хрыстос не змог бы прыйсці ў свет і прынесці яму збаўленне.
Праваслаўная Царква ўшанаўвае Прасвятую Дзеву як найвышэйшую з усіх створаных Богам істотаў, не толькі людзей, але і ангелаў. Як Маці Богачалавека па Яго чалавецтву Яна пераўзыходзіць благадаццю і набліжанасцю да Бога ўсіх іншых істотаў – жыхароў свету зямнога і нябеснага, бачнага і нябачнага. І таму Царква называе Яе “Пачэснейшай за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшай за Серафімаў”. Прасвятая Дзева Марыя – самая дасканалая прадстаўніца чалавечага роду, цалкам прысвяціўшая Сваё жыццё Богу. Чалавечая прырода ў асабе Багародзіцы ў выніку свабоднага Яе асабістага выбару дае згоду паслужыць Уцялесненню Бога. Яна аддае сябе Богу цалкам у непаўторнай асобе канкрэтнага чалавека. Згода Дзевы Марыі зрабіла магчымай сустрэчу чалавечай волі і волі Божай. Абсалютны давер Яго Любві. Ніякага эгаізму – суцэльная паслухмянасць Богу, найцяснейшае яднанне з Ім, максімальная рэалізацыя усіх жыццёвых магчымасцяў.
Бог прымае нашу чалавечую прыроду, каб яе выправіць і нас жа ацаліць. Бог прыходзіць да нас, каб усіх нас, без выключэння, узняць на неба. Гэтую радасць і ўзвяшчае архангел Гаўрыіл Дзеве Марыі. Гэта слова радасці пранеслася па ўсёй зямлі. З гэтым словам радасці на вуснах і гарачым пачуццём у сэрцы ішлі апосталы, абвяшчаючы свету жывую евангельскую ісціну. Пачуццё гэтай радасці натхняла многія тысячы святых мучанікаў нашай Царквы і ўсіх падзвіжнікаў веры на іх пакуты і подзвігі.
Благавешчанне звычайна знаходзіцца побач са Страстным тыднем. Яно быццам бы рыхтуе людзей да перажывання самых напружаных дзён богаслужбовага года. Радасць Благавешчання, разам з тым, ёсць і пачатак Крыжовага шляху і пакутаў. Гэтая думка выдатна ўвасобілася ў адной старажытнарускай іконе Благавешчання. Ікона гэтая, якая носіць назву “Страсное Благавешчанне”, уражвае нас смеласцю свайго натхнення. На ёй архангел Гаўрыіл звяртаецца да Божай Маці, трымаючы ў сваіх руках не лілею, як мы прывыклі гэта бачыць, а Крыж. У благавешчанскай радасці ўжо можна заўважыць Крыж – Крыжовы шлях, тое самае прадказанне праведнага Сімеона: “І Табе Самой душу пратне меч, – каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў” (Лк.2:35). Страшныя цвікі уванзіліся не толькі ў Прачыстае Цела Хрыста, але і ўпіліся ў сэрца Божай Маці. Прасвятая Багародзіцца разам са Сваім Сынам ішла Яго скрушным Крыжовым шляхам, поўным смутку, пакутаў і выпрабаванняў. Яна не спалохалася Крыжа, Яна не ўхілялася ад прыніжэнняў і абразаў, Яна цярпліва і пакорна пераносіла ўвесь гэты боль і жах. І ў выніку Яе радасць, прынесеная архангелам, стала і нашай радасцю. Не сагравала б нашыя сэрцы надзея на жыццё вечнае, калі б Яна, адзіная з усяго чалавечага роду, не вырашыла б аднойчы стаць “Рабой Господняй” (Лк.1:38), адданай Свайму Творцы цалкам, да канца, да таго жудаснага моманту, калі Яе Сын і Бог, прыбіты да Крыжа, у перадсмяротных пакутах не ўсклікнуў: “Божа Мой, Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?” (Мф.27:46). Толькі ўявіце сабе: Яна, Маці, чула гэты крык! І вось ў гэтую хвіліну, калі “завеса храма разадралася напалам, зверху данізу; і зямля страсянулася; і скалы раскалоліся; і многія целы спачылых святых уваскрэслі” (Мф.27:51), Яна, наша Заступніца і Хадатайніца за нас, не забыла пра радасць, прынесеную Ёй архангельскім дабравесцем, не страціла веры.
Радасць Благавешчання спалучаецца і з Крыжам, і з пакутамі і з самой смерцю. Тым не менш, гэта – радасць, бо без Крыжа не было б Уваскрасення! Мы бачым незвычайную веру ў Бога, паяднаную з даверам Яму і пакорай перад Ім, якія мела Прасвятая Багародзіца. Яе дзіўная здольнасць даверыцца Богу цалкам, да канца, не з'яўляецца прыроднай здольнасцю, уласцівасцю, атрыманай ад нараджэння, як многія могуць падумаць. Не. Гэтая Яе вера і давер Богу народжаны той любоўю, якой Прасвятая Дзева ўзлюбіла Госпада.
Так, сапраўдная любоў – гэта любоў самаахвярная, якая ўмее пераносіць пакуты і можа цалкам аддаць сябе за іншых; так, як усяго Сябе аддаў за нас Хрыстос. Ён прыйшоў у свет як Агнец Божы для таго, каб прынесці ў ахвяру Сябе за кожнага чалавека, каб Сваёю Пачэснай Крывёю, пралітай Ім на Жыватворчым Крыжы, амыць грахі чалавецтва. Само прышэсце ў свет Хрыста Збавіцеля – гэта ўвасабленне ахвярнай і высакароднай любві Божай да людзей, бо “так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Іаан.3:16). І добрая вестка архангела Гаўрыіла Дзеве Марыі ёсць пачатак гэтай любві. Сын Божы добраахвотна ідзе на пакуты, смерць і пахаванне, каб даць людзям вечную радасць.
Свята Благавешчання сугучнае Евангеллю: па-грэчаскі “евангелле” якраз і азначае ‘радасная вестка'. Таму ў храме ікона Благавешчання заўсёды знаходзіцца ў самым цэнтры – над Царскімі варотамі, якія вядуць з храма ў алтар. Праз гэтыя вароты людзям выносіцца Пацір – Святая Чаша, з якой мы прычашчаемся: прымаем ў сябе Прачыстае Цела і Пачэсную Кроў Сына Марыі.
Царква ўмацоўваецца крывёю мучанікаў. І гэта асабліва яскрава стала бачна ў 20-м стагоддзі. Мэтай усіх гістарычных катаклізмаў пачатку стагоддзя, інспіраваных, безумоўна, сатаною, было знішчэнне Праваслаўнай Царквы. Адразу ж пасля бальшавіцкага перавароту на Рускую Праваслаўную Царкву абрынуліся нябачныя дагэтуль ганенні, моц якіх не слабела цэлую чвэрць стагоддзя. Царква аказалася адзіным інстытутам старой Расіі, які не змагла перамагчы новая ўлада. Тым самым Яна яшчэ раз пераканала ўсіх у сапраўднасці слоў Хрыста: “Вароты пякельныя не адолеюць Яе” (Мф.16:18). І, канешне ж, перамога Царквы над сіламі зла, у першую чаргу, адбылася, дзякуючы вялікай колькасці навамучанікаў і вызнаўцаў святой праваслаўнай веры. Гэта іх малітвы, іх хадайніцтва перад Збавіцелем і Яго Прачыстай Маці не дазволілі знішчыць Праваслаўе.
25 сакавіка 1925 года ў дзень Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, дзень пачатку збаўлення чалавецтва, спачыў Патрыярх-мучанік Ціхан. Адзінаццаты Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, ён у цяжкі для Царквы час прыняў на сябе ад Бога подзвіг несці людзям словы любві і ісціны. У асобе патрыярха Ціхана ганімая Царква знайшла голас вялікай аблічальнай моцы. У гэтым першасвятару была асаблівая, амаль царская веліч і свабода, а таксама поўная адсутнасць страху за сваё жыццё. Разам з усім народам пакутаваў і плакаў над сваёй зняважанай Радзімай і Патрыярх. Сем з паловай гадоў ён працаваў на ніве Божай, цярпліва пераносячы абразы і паклёпы, гатовы ў кожную хвіліну прыняць пакутніцкую смерць ад рук бязбожнікаў. Святы Ціхан клікаў народ да пакаяння, да плача па грахах. Сапраўднай прарочай сілай дыхаюць яго пасланні: “Грэх – цяжкі, нераскаяны грэх – выклікаў з пякельнай бездані сатану, які зараз зняславіць імя Божае, узводзіць паклёпы на Госпада і Хрыста Яго, распачынае адкрытае ганенне на Царкву. Хто дасць вачам нашым слёзы, каб аплакаць усе беды, народжаныя нашымі ўсенароднымі грахамі і беззаконьмі – страту славы і прыгажосці нашай Айчыны. Плачце ж, дарагія браты і сёстры, што засталіся вернымі Царкве і Радзіме, плачце па грахах вашай Бацькаўшчыны, пакуль яна не загінула да канца.”
Вакол свяціцеля і яго духоўнага “статка”, які ён ахоўваў як добры евангельскі пастыр, збіраліся зграі “ваўкоў”, гатовых з нянавісцю разарваць “статак”. А знутры “статак” раздзіралі “ваўкі ў авечых шкурах” – прыхільнікі так званай “жывой царквы”, “абнаўленцы”. Здавалася, такі велічны будынак Праваслаўнай Царквы разбураны, як і шматлікія храмы, знішчаныя “ваяўнічымі атэістамі”. Святы Ціхан прайшоў праз шматчасовыя жорсткія допыты, праз замахі на сваё жыццё, праз арышты, здзекі і прыніжэнні, але не спыніў свайго служэння, захінаючы сабою ўвесь народ Божы, умацоўваючы яго сваімі казаннямі і зваротамі да паствы. І разам з Царквою Божай, з усімі вернікамі падзяляў іх долю і Патрыярх, які цярпліва нёс свой уласны пакутніцкі крыж да самай смерці, што напаткала яго ў бальніцы і здарылася пры дастаткова загадкавых абставінах.
Жыццё Свяцейшага Патрыярха Ціхана нагадвае нам пра Бога. Жыццё Свяцейшага Патрыярха Ціхана сведчыць пра Бога. Яго жыццё, смерць і ўпакаенне са святымі прымушаюць нас выйсці са стану духоўнага сну, каб ажыць у Богу, каб жыць з Богам. А нерашучасць, крывадушша, абыякавасць да духоўнага жыцця вядуць да смерці, і смерці не толькі духоўнай.
7 красавіка памерла Ларыса Геніюш. Збавалася б, што агульнага можа быць паміж гэтымі двума людзьмі – святым вызнаўцам і беларускай паэткай… Але іх жыццёвыя шляхі зыходзяцца ў адной кропцы – крывавай ране, нанесенай бязбожнай савецкай уладай цкаваннем, допытамі, болем і страхам, арыштамі і рэпрэсіямі, “чырвоным тэрорам”. У сваёй кнізе “Споведзь” Ларыса Геніюш расказвае аб суцяшэнні, якое яна знаходзіла ў малітве, калі была ў лагеры. Там усе трымаліся адзін аднаго, разам маліліся, сумесна адзначалі святы, вышывалі пасланні-крыжыкі, памятаючы, што і самі яны нясуць кожны свой уласны жыццёвы крыж. Памерла Ларыса Геніюш, як і святы Патрыярх Ціхан, у бальніцы. У яе знайшлі рак кішэчніка і зрабілі аперацыю. Тыя, хто даглядаў за ёй у бальніцы, сведчылі, што “нейкія практыканты-канавалы” выконвалі над ёй загадкавыя працэдуры, якія, хутчэй за ўсё, і наблізілі смерць.
Шлях святасці, шлях простай веры і вернасці Богу, які здзяйсняе свае вялікія справы. Ён ведае, як гэта зрабіць. Ад нас патрабуецца толькі вернасць Богу ў тым, што ў нашых сілах.
На жаль, вопыт нашага жыцця сведчыць, што мы па розных прычынах не гатовыя, а, магчыма, нават і не жадаем адказваць Богу сваёй любоўю. Замест любві, ад якой нараджаецца цярпенне, у нас часцей за ўсё ўзнікае нараканне, незадаволенасць усім і ўсімі. Але сённяшняе свята вучыць нас іншаму: хрысціянін за ўсё павінен быць удзячны Богу: і за радасць, і за гора, таму што ўсё, пасланае нам ад Яго, карысна для нас. Мы павінны з усёй сілай аддаваць Богу сваю ўдзячную любоў, а разам з Ім любіць і ўсіх тых людзей, што знаходзяцца побач з намі. У гэтай любові да Бога, Які перанёс жудасныя пакуты і прыняў смерць за нас, да Яго Прачыстай Маці і да ўсіх людзей – крыніца шчасця і блажэнства як тут, на зямлі, так і там, у будучым жыцці – у Царстве Божым. Вось да гэтага Царства і будзем ісці, пераадольваючы ўсе перашкоды і цяжкасці цяперашняга часу. Будзем усімі сіламі імкнуцца да таго, каб Гасподзь і Яго Прачыстая Маці былі б з намі ва ўсе дні нашага зямнога, а таксама, і гэта галоўнае, падчас жыцця нябеснага! Амінь.