Разьдзел 20 |
1. Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека-гаспадара, які раньнім ранкам выйшаў наняць работнікаў у вінаграднік свой. 2. І ўмовіўшыся зь імі па дынару на дзень, паслаў іх у вінаграднік свой. 3. І выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, якія бяз справы стаялі на рынку. 4. І тым сказаў: Ідзеце й вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дам вам; яны пайшлі. 5. І зноў выйшаў каля гадзіны шостай і дзявятай і зрабіў таксама. 6. І яшчэ выйшаў каля адзінаццатай гадзіны й знайшоў іншых, якія стаялі без занятку, і кажа ім: Чаго стаіцё тут увесь дзень без работы? 7. Кажуць яму: Бо ніхто нас не наняў; і сказаў ім: ідзеце й вы ў вінаграднік мой, і што будзе належаць, дастанеце. 8. Калі-ж надыйшоў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў аканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы ад апошняга й да першага. 9. І тыя, якія прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынару. 10. Прыйшоўшыя першымі думалі, што яны атрымаюць больш, але й яны дасталі па дынару. 11. І атрымаўшы, сталі наракаць на гаспадара дому. 12. І гаварылі: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты прыраўняў іх да нас, мы-ж перанесьлі цяжар дня й сьпёку. 13. Ён-жа ў адказ сказаў аднаму зь іх: Дружа! Я ня крыўджу цябе. Ці- не за дынар ты ўмовіўся са мною? 14. Вазьмі сваё й ідзі. Я-ж хачу даць і гэтаму апошняму, што й табе. 15. Ці-ж я ня волен у сваім рабіць, як хачу? Ці вока тваё зайздроснае, што я дабрадзейны? 16. Гэтак будуць апошнія першымі, а першыя апошнімі, бо многа званых, але мала выбраных. 17. І, падыйходзячы да Ерусаліму, Ісус ў дарозе адклікаў дванаццаць вучняў асобна й сказаў ім: 18. “Вось увайходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выданы будзе архірэям і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць. 19. І выдадуць Яго нявернікам на зьдзекі, на пабоі й на ўкрыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне”. 20. Тады падыйшла да Яго маці сыноў Заведэевых з сынамі сваімі й, кланяючыся, хацела ў Яго штосьці прасіць. 21. Ён-жа сказаў ёй: “Чаго хочаш?” І яна кажа Яму: “Скажы, каб гэтыя абодва сыны мае селі, адзін з правага, а другі зь левага боку ў Цябе ў Валадарстве Тваім”. 22. Ісус у адказ прамовіў: “Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чашу, якую Я буду піць, ці хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?” Яны-ж адказалі – можам. 23. І Ён кажа ім: Чашу маю піць будзеце й хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца будзеце, але сесьці ў Мяне з правага боку й зь левага ня Мне даваць, але каму прызначана ад Айца Майго”. 24. Пачуўшы гэтае, іншыя дзесяць вучняў узлаваліся на двух братоў. 25. Але Ісус, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: “Вы ведаеце, што князі народаў уладараць над імі й вяльможы – начальнікі над імі. 26. Але між вамі няхай ня будзе так; але, хто хоча між вамі быць большым, няхай будзе вам слугою. 27. І хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам слугою. 28. Так і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю за адкупленьне многіх”. 29. І калі яны выйходзілі зь Ерыхону, сьледам за Ім ішло мноства народу. 30. І вось двое сьляпых, якія сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус прайходзіць і мінае іх, пачалі крычаць: “Госпадзе, Сыне Давідаў, зьмілуйся над намі!” 31. Народ-жа пагражаў ім, каб маўчалі, але яны яшчэ мацней пачалі крычаць: “Зьмілуйся над намі Госпадзе, Сыне Давідаў!” 32. Ісус, спыніўшыся, падклікаў іх і сказаў: “Што вы хочаце, каб я ўчыніў вам?” 33. Яны кажуць Яму: “Госпадзе, каб адчыніліся вочы нашыя”. 34. Ісус, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхных, і ўраз-жа сталі бачыць вочы іх, і яны пайшлі за Ім.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|