Разьдзел 19 |
1. І калі Ісус скончыў словы гэтыя, Ён выйшаў з Галілеі, і прыйшоў у межы Юдэйскія, на той бок Ярдану. 2. За Ім ішло многа людзей, і Ён аздаравіў іх там. 3. І прыступілі да Яго фарысеі, каб спакусіць Яго, і гаварылі Яму: “Ці можна чалавеку абы зь якой прычыны разводзіцца з жонкаю сваёю?” 4. Ён-жа ў адказ сказаў ім: “Ці вы ня чыталі, што Стварыцель чалавека напачатку стварыў іх, як мужчыну й жанчыну?” 5. І сказаў: “Дзеля таго пакіне чалавек бацьку свайго й маці й злучыцца з жонкаю сваёю, і будуць абое адным целам. 6. Гэтак, яны ўжо ня два, але адно цела. Вось-жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае”. 7. Яны кажуць Яму: “Як-жа Майсей запавядаў даваць разводны ліст і адпусьціць яе”. 8. Ён-жа сказаў ім: “Майсей дзеля жорсткасьці сэрцаў вашых дазволіў вам пакідаць жонкі вашыя, а на пачатку гэтак ня было 9. І кажу Я вам: Хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, апрача прычыны блудадзеяньня, і ажэніцца зь іншаю, той блудадзейнічае, і хто ажэніцца з разьведзенай – блудадзейнічае”. 10. Кажуць Яму вучні Ягоныя: “Калі гэтакі абавязак у мужа да яго жонкі, то лепш не жаніцца”. 11. Ён-жа сказаў ім: “Ня ўсім дасяжнае разуменьне слоў гэтых, але каму дадзена. 12. Ёсьць бо лягчаныя, якія з улоньня маці радзіліся такімі, і ёсьць лягчаныя ад людзей, і ёсьць лягчаныя, якія самі сябе кастравалі дзеля Ўладарства Нябеснага. Хто можа гэта ўспрыняць, няхай успрымае”. 13. Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі й памаліўся; вучні-ж забаранялі ім. 14. Але Ісус сказаў ім: “Пусьцеце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо гэткіх ёсьць Уладарства Нябеснае”. 15. І ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль. 16. І вось адзін з народу, падыйшоўшы, сказаў Яму: “Добры Настаўнік! Што дабрае зрабіць мне, каб мець жыцьцё вечнае?” 17. Ён сказаў яму: “Чаму Ты завеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, апрача аднаго Бога. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё вечнае, выпаўняй запаветы”. 18. І той кажа Яму: “Якія?” Ісус сказаў: “Не забівай, не блудадзейнічай, не крадзі, ня сьведчы фальшыва. 19. Шануй бацьку й маці й любі бліжняга твайго, як самога сябе”. 20. Кажа Яму юнак: “Усяго гэтага я трымаюся ад юнацтва майго, чаго яшчэ мне нестае?” 21. Ісус кажа яму: “Калі хочаш быць дасканалым, пайдзі, прадай маёмасьць тваю й раздай бедным й будзеш мець скарб у небе й прыходзь ды йдзі за Мною”. 22. І юнак, пачуўшы гэтае слова, адыйшоў у засмучэньні, бо меў вялікую маёмасьць. 23. Ісус-жа сказаў вучням Сваім: “Папраўдзе кажу вам, што цяжка ўвайсьці багатаму ў Валадарства Нябеснае. 24. І яшчэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушка, чым багатам ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае”. Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя моцна зьдзівілся й гаварылі: “Хто-ж тады можа быць збавёны?” 26. Узглянуўшы на іх, Ісус сказаў: “У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма”. 27. Тады Пётра адазваўся й сказаў Яму: “Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за Табою, што-ж будзе нам?” 28. І сказаў ім Ісус: “Папраўдзе кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у будучым жыцьці, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе Славы Сваёй, сядзеце й вы на дванаццацёх пасадах судзіць дваннаццаць родаў ізраілевых. 29. І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў і сёстраў, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці вёскі дзеля імя Майго – атрымае стокроць і здабудзе жыцьцё вечнае. 30. І шмат, хто зь першых стануцца апошнімі, апошнія-ж – першымі.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|