Разьдзел 16 |
1. І прыступілі да Яго фарысеі й садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім знаменьні зь неба. 2 Ён-жа ў адказ сказаў ім: “Увечары вы кажаце – будзе пагода, бо неба чырвеніцца. 3. А раніцай кажаце: Сёньня будзе непагадзь, бо неба багрыцца й захмурваецца. Аблуднікі! Воблік неба распазнаць умееце, а знаменьняў часу пазнаць ня можаце. 4. Род ілжывы й чужаложны знаменьняў шукае, але знаменьне ня дасца яму, апрача знаменьня Ёны-прарока.” І пакінуўшы іх, адыйшоў. 5. І, калі пераплылі на другі бок мора, вучні Ягоныя заўважылі, што забыліся ўзяць хлебы. 6. Ісус-жа сказаў ім: “Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай”. 7. Яны-ж разважалі між сабою, гаворачы: “Гэта дзеля таго, што мы хлябоў не ўзялі”. 8. Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: “Што вы разважаеце між сабою, што хлеба не ўзялі? 9. Ці яшчэ не разумееце й не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысячаў? І колькі карабоў набралі? 10. Ці пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі карабоў назьбіралі? 11. Чаму не разумееце, што не пра хлеб гаварыў Я вам – сьцеражэцеся закісі фарысейскай і садукейскай”. 12. Тагды зразумелі, што казаў ім сьцерагчыся ня закісі хлебнае, а навукі фарысейскай і садукейскай. 13. Прыйшоўшы ў землі Кесарыі Піліпавае, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: “За каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?” 14. Яны сказалі: “Адны – за Яна Хрысьціцеля, іншыя за Ільлю, а яшчэ іншыя за Ерамію, ці за аднаго з прарокаў”. 15. Кажа ім Ісус: “А вы-ж за каго прызнаеце Мяне?” 16. Сымон Пётра, адказваючы, сказаў: “Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога”. 17. Тады Ісус прамовіў яму ў адказ: “Шчасьлівы ты, Сымоне, сын Ёнін, бо ня цела й кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой Нябесны. 18. І Я кажу табе: Ты – камень, і на гэтым камені Я збудую Царкву Маю, і моц пякельная не адолее Яе. 19. І дам табе ключы Ўладарства Нябеснага, і што зьвязаш на зямлі, будзе зьвязана ў нябёсах, і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязанае ў нябёсах”. 20. Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не гаварылі, што Ён Ісус Хрыстос. 21. З таго часу пачаў Ісус адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць ісьці ў Ерусалім і многа пацярпець ад старэйшын і архісьвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскроснуць. 22. Пётра-ж, адклікаўшы Яго, пачаў угаворваць Яго, кажучы: “Зьмілуйся над Сабой, Госпадзе! Няхай ня станецца гэтага з Табою”. 23. Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: “Адступіся ад Мяне, шатане! Ты мне спакуса, бо думаеш не пра Божае, але пра людзкое”. 24. Тады Ісус сказаў вучням Сваім: “Хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе й возьме крыж свой да йдзе за Мною. 25. Бо хто хоча душу сваю ўсьцерагчы, загубіць яе. 26. Якая-ж карысьць чалавека, калі-б ён здабыў увесь сьвет, а душу сваю зьвярэдзіў? Або які выкуп дасьць чалавек за душу сваю? 27. Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з ангеламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў яго. 28. Папраўдзе кажу вам: Ёсьць некаторыя з прысутных тут, якія не зазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, калі прыйдзе ў Валадарстве Сваім”.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|