Разьдзел 9 |
1. І ўвайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад і прыйшоў у места Сваё. 2. І вось прынясьлі да Яго спараліжаванага, паложанага на пасьцелі; Ісус, бачачы веру іх, сказаў спараліжаванаму: “Бадзёрся, сыне! Выбачаюцца табе грахі твае”. 3. Некаторыя-ж кніжнікі падумалі самі ў сабе: Ён блюзьнерыць. 4. Ісус-жа, ведаючы помыслы іхныя, сказаў: “Навошта трымаеце злыя думкі ў сэрцах вашых? 5. Бо што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе грахі твае, ці устань ды хадзі. 6. Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, - сказаў спараліжаванаму: “Устань, вазьмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой”. 7. І той устаў, узяў пасьцель сваю й пайшоў у дом свой. 8. Народ-жа, бачыўшы гэтае, дзівіўся й славіў Бога, даўшага такую сілу людзям. 9. Пераходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, званага Мацьвей, які сядзеў на месцы збору мытнага, і кажа яму: “Ідзі за Мною”. І ён устаў, і пайшоў сьледам за Ім. 10. І калі Ісус сядзеў за сталом у доме, вось многія мытнікі й грэшнікі прыйшлі й селі за стол зь Ім і вучнямі Яго. 11. І, бачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго: “Чаму Настаўнік ваш есьць і п’е з мытнікамі й грэшнікамі?” 12. Ісус-жа, пачуўшы, сказаў ім: “Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя. 13. Пайдзеце-ж навучэцеся, што значыць – міласьці хачу, а не ахвяры; ня прыйшоў бо Я прызываць праведнікаў, але грэшнікаў на пакаяньне”. 14. Тады прыступілі да Яго вучні Янавы, і кажуць: “Чаму мы й фарысеі часта посьцім, а Твае вучні ня посьцяць? 15. І сказаў ім Ісус: “Ці-ж могуць сумаваць сыны бяседы шлюбнае, пакуль зь імі жаніх? Але настануць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць. 16. Ніхто-ж не прышывае латкі з тканіны суравое да старое адзежыны, бо новапрышытае аддзярэцца, і дзіра будзе яшчэ большая. 17. Таксама не ўліваюць віна новага ў мяхі старыя, бо мяхі парвуцца, і віно выцячэ, і мяхі зьнішчацца; але новае віно ўліваецца ў мяхі новыя – і захоўваецца адно й другое”. 18. Калі Ён гаварыў да іх гэтае, вось начальнік адзін падыйшоў і, кланяючыся Яму, прамовіў: “Дачка мая цяпер умірае, але прыйдзі, узлажы на яе руку Тваю, і яна жывой будзе”. 19. І, ўстаўшы, пайшоў за ім Ісус і вучні Ягоныя. 20. І вось, жанчына, хворая на крывяцечу ўжо 12 гадоў, падыйшла ззаду й дакранулася да краю вопраткі Яго. 21. Бо яна думала сабе: як толькі дакрануся да вопраткі Яго – ачуняю. 22. Ісус-жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: “Мацуйся, дачка, вера твая выбавіла цябе”. І жанчына стала здаровай з тэй часіны. 23. І калі Ісус прыйшоў у дом начальніка і ўбачыў жалейнікаў і народ у вялікім хваляваньні, 24. Ён сказаў ім: “Адыйдзецеся, дзяўчына не памерла, але сьпіць”. І зьняважліва сьмяяліся над Ім. 25. Калі-ж народ адправілі, Ён увайшоў, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала. 26. І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй краіне той. 27. Калі Ісус адыходзіў адтуль, за Ім ішлі два сьляпыя й голасна ўсклікалі, прамаўляючы: “Зьмілуйся над намі, Ісусе, Сыне Давідаў!” 28. Калі-ж Ён прыйшоў у дом, яны прыступіліся да Яго. І кажа ім Ісус: “Ці верыце, што Я магу гэта зрабіць вам?” Яны-ж кажуць Яму: “Так, Госпадзе”. 29. Тады Ён дакрануўся да вачэй іхных і сказаў: “Па веры вашай няхай станецца вам”. 30. І адчыніліся вочы іхныя; Ісус-жа цьвёрда прыгаварыў ім: Глядзеце, каб ніхто не даведаўся”. 31. А яны, выйшаўшы, разьнесьлі славу пра Яго па ўсёй краіне. 32. Калі-ж тыя выйходзілі, прывялі да Яго чалавека нямога, які меў злога духа. 33. І калі злы дух выгнаны быў, загаварыў нямы; і народ дзівіўся, кажучы: “Ніколі не бывала гэткага ў Ізраілю”. 34. А фарысеі гаварылі: “Ён выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага”. 35. І хадзіў Ісус па ўсіх местах і вёсках, навучаючы ў сынагогах іхных, абвяшчаючы Евангельле Ўладарства й ацаляючы людзей ад усякіх нядугаў й ўсякае немачы іх. 36. І гледзячы на вялікія зборышчы людзей, зжалішся над імі, бо былі яны разгубленыя й бязрадныя, як авечкі без пастуха. 37. Тады сказаў вучням Сваім: “Жніва вялікае, а працаўнікоў мала. 38. Дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніва сваё”.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|