Разьдзел 2 |
1.Калі Ісус нарадзіўся ў Бэтлеэме Юдэйскім у днёх караля Ірада, вось прыйшлі мудрацы з усходу ў Ерусалім і кажуць: 2. – Дзе народжаны кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зару Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. 3. Пачуўшы гэтае, кароль Ірад занепакоіўся, а зь ім і ўвесь Ерусалім. 4. І склікаўшы вышэйшае сьвятарства й кніжнікаў народных, выпытваў у іх, дзе прызначана нарадзіцца Хрысту. 5. Яны-ж сказалі яму: - У Бэтлеэме Юдэйскім, бо гэтак напісана ў прарока: 6. “І ты, Бэтлеэме, зямля Юдава, нічым ня меншы ў ваяводзтвах Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе кіраваць народам маім Ізраельскім”. 7. Тады Ірад, тайком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ў іх час з’яўленьня зары. 8. І, паслаўшы іх у Бэтлеэм, сказаў: “Пайдзеце і дакладна даведайцеся пра Дзіцятка, і калі знойдзеце, паведамеце мне, каб і я мог пайсьці пакланіцца Яму”. 9. Яны-ж, выслухаўшы караля, адыйшлі; і вось зара, якую бачылі яны на Ўсходзе, ішла прад імі, аж пакуль, дайшоўшы, спынілася над месцам, дзе было Дзіцятка. 10. Угледзеўшы-ж зорку яны ўзрадаваліся вельмі радасьцю вялікаю. 11. І, увайшоўшы ў будыніну, убачылі Дзіцятка з Марыяй, Маці Ягонаю, і паўшы ніц, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынясьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну. 12. Атрымаўшы-ж у сьне перасьцярогу не варачацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю. 13. Калі-ж яны адыйшлі, вось Ангел Гасподні зьяўляецца ў сьне Язэпу й кажа: “Устань, вазьмі Дзіцятка й Маці Ягоную й бяжы ў Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго”. 14. Ён устаў, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і ўначы пайшоў у Егіпет. 15. І быў там да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які гаворыць: - “Зь Егіпту паклікаў Я Сына Майго”. 16. Тады Ірад, зазнаўшы зьнявагі ад мудрацоў, разьярыўся гневам і паслаў выбіць у Бэтлеэме і ў ваколіцах яго ўсіх дзяцей ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, выведанага ад мудрацоў. 17. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які гаворыць: 18. - “Голас у Раме чуцён, плач, галашэньне й лямант вялікі: Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо няма ўжо іх”. 19. Калі-ж Ірад памёр, вось Ангел Гасподні ў сьне зьяўляецца Язэпу й кажа: 20. – “Устань, вазьмі Дзіцятка й Маці Ягоную ды ідзі ў зямлю Ізраілеву, бо зьмерлі тыя, якія шукалі душы Дзіцяці”. 21. І ён, устаўшы, узяў Дзіцятка й Маці Яго ды прыйшоў у зямлю Ізраілеву. 22. А, дачуўшыся, што ў Юдэі ўладарыць Архелай на месцы бацькі свайго Ірада, пабаяўся туды йсьці; атрымаўшы-ж вестку ў сьне, пайшоў у краіну Галілейскую. 23. І, прыйшоўшы, пасяліўся ў месьце, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што: “Ён Назарэем назавецца”.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|