Пачатак пропаведзі Іаана Хрысціцеля |
Што за чалавек быў Іаан Хрысціцель? Паводле сведчання Гасподняга, ніхто з народжаных на зямлі не быў такім вялікім, як Іаан Прадцеча. Гэта вобраз чалавека, які здолеў так неабмежавана быць адданым свайму Богу і свайму зямному закліку і які можа паслужыць кожнаму з нас прыкаладам і вобразам, таму. Што кожны з нас у нейкім сэнсе для іншых з’яўляецца Прадцечай Гасподнім, тым каго Гасподзь паслаў перад Сабою, каб прынесці людзям слова і вобраз жыцця, які падрыхтаваў бы іх зразумець Хрыста, прыняць Хрыста. І калі сваім жыццём мы ганьбім нашае сведчанне, калі гледзячы на нас, людзі перастаюць верыць і ў нашыя словы і ў словы Хрыста, то мы бярэм на сябе страшную адказнасць. Мы не толькі жывем самі ў суд сабе і ў асуджэнне, але і іншых не цягнем за сабой туды, куды павінны іх прывесці: да радасці, да той радасці, якую нам Гасподзь пакінуў і ніхто не можа яе адняць, але якую ніхто, акрамя Бога ніхто не зможа і даць. Святы Іаан Хрысціцель быў папярэднікам Іісуса Хрыста, Прадцечай Месіі, яго нараджэнне за шмат стагоддзяў было прадказана прарокам Малахіяй: “Вось Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою”. Ангел значыць вястун. Іаан быў пасланы Богам, каб абвясціць людзям хуткае прышэсце Хрыста і падрыхтаваць сэрцы чалавечыя да пакаяння і ўступлення ў Царства Божае. Набліжаўся час выканання старажытных прароцтваў пра Хрыста. Лепшыя людзі Ізраільскага народа чакалі з’яўлення Месіі. Але велізарная маса людзей працягвала жыць звычайным грахоўным жыццём. Тады і нарадзіўся Іаан Хрысціцель. Нараджэнне гэтае было незвычайным. Бацькі – святар Захарыя і жонка яго Елісавета былі людзьмі старымі, а Елісавета да таго ж і хворая – бясплодная. Яны былі вельмі цнатлівымі. Але ў іх не было дзяцей, а гэта лічылася вялікім няшчасцем – пакараннем Божым. І яны не спынялі малітву Богу, каб Ён падараваў ім дзіцця. Бог пачуў іхныя малітвы і ў глыбокай старасці падараваў ім дзіця. Гэта і быў Іаан Хрысціцель. У Евангеліі гаворыцца, што дзіця “узрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустынях да дня з’яўлення свайго Ізраілю”. Але вось наступіў час – і Іаан выйшаў з пустыні на пропаведзь. Евангеліст Марк называе Іаана “голасам таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яго”. Так называе сябе і сам Іаан ў Евангеллі паводле Іаана. Словы гэтыя ўзятыя з прамовы прарока Ісайі, дзе ён суцяшае Іерусалім, кажучы, што скончыўся час яго зневажання і хутка з’явіцца слава Гасподняя і “убачыць кожны чалавек выратаванне Божае”. Гэтае прароцтва выканалася, калі пасля сямідзесяцігадовага вавілонскага палону 42 000 іўдэяў, з дазволу персідскага цара Кіра, вярнуліся ў сваю айчыну. Гэтае вяртанне прарок паказвае як радаснае шэсце, якое ўзначальвае Сам Бог і наперадзе ідзе вястун. Гэты вястун абвяшчае, каб у пустыні, па якой трэба будзе ісці Госпаду са Сваім народам, падрыхтавалі Яму шлях просты і роўны – паглыбленні напоўнілі насыпамі, а горы і пагоркі зрабілі раўнінай і г. д. Гэтае прароцтва евангелісты і сам Іаан Хрысціцель тлумачаць у праабразавальным сэнсе (бо такі сэнс мелі ўсе старазапаветныя падзеі, якія прадказвалі сабою падзеі Новага запавету): пад Госпадам, які ідзе на чале свайго народа, які вяртаецца з палону, яны разумеюць Мессію, а пад вестуном – Яго Прадцечу Іаана. Пустыняй у гэтым духоўным сэнсе з’яўляецца сам народ ізраільскі, а яе няроўнасці, якія трэба ўстараніць як перашкоды да прышэсця Месіі – гэта грахі чалавечыя, з-за чаго сутнасць усёй пропаведзі Прадцечы і зводзілася да аднаго, менавіта да закліка: “Пакайцеся!” Гэтае прароцтва Ісайі апошні са старазапаветных прарокаў Малахія выказвае прама, называючы Прадцечу, які падрыхтоўвае шлях Месіі, “Ангелам Гасподнім”; гэтай цытатай святы Марк і пачынае сваё евангельскае апавяданне. Пропаведзь пакаяння Іаан Хрысціцель абгрунтоўваў набліжэннем Царства нябеснага, гэт значыць Царства Месіі. Пад гэтым Царствам слова Божае разумее вызваленне чалавека з-пад улады граху і замацаванне праведнасці ва ўнутранай яго існасці, аб’яднанне ўсіх людзей, якія атрымалі гэта, у адзін арганізм – Царкву і вечная нябесная слава іх у будучым жыцці. Рыхтуючы людзей да ўваходжання ў гэтае Царства, якое павінна было адчыніцца з прыходам Месіі, Іаан заклікае да пакаяння і тых, хто адгукнуўся на ягоны заклік хрысціць “хрышчэннем пакаяння” для адпушчэння грахоў. Гэта не было благадатнае хрысціянскае хрышчэнне, а толькі апусканне ў ваду, як выраз таго, што той, хто апускаецца ў ваду жадае ачышчэння ад сваіх грахоў падобна таму, як вада ачышчае яго ад цялеснага бруду. Знешні выгляд Іаана Хрысціцеля прыцягваў агульную ўвагу. Ён быў высокага росту, моцнага целаскладу, закалены суровым жыццём пустэльніка. Заўсёды пасціўся, не піў віна (не гледзячы на тое, што віно было ў агульным спажыванні), вельмі сціпла харчаваўся саранчой і дзікім мёдам, насіў грубае з вярблюжай воўны адзенне, падпаясваўся простым скураным рамнём. Твар яго быў бледны з невялікай цёмнай барадой і вусамі; густыя чорныя валасы апускаліся на плечы. Так перадае ягоны выгляд Святое пісанне. У постаці Іаана Прадцечы мы бачым жывы вобраз пакаяння і аскетычнага жыцця. Зразумела, што гэта ідэал да якога нам усім далёка і зусім не ўсе здольныя праводзіць падобнае жыццё. Але неабходна зразумець, што ўважлівае духоўнае жыццё немагчыма без хаця б самых малых аскетычных подзвігаў. У жыцці Царквы ёсць шмат посных дзён і шматдзённых пастоў. І некаторым людзям не зусім зразумела – навошта гэта ўсё? Справа ў тым, што пост – гэта і ёсць самы малы, але неабходны аскетычны подзвіг. Трэба абавязкова памятаць, што пост – справа дабравольная, ён не павінны, з аднаго боку, быць непад’ёмным цяжарам для таго, хто пасціцца, але ж і не павінны быць надта лёгкім, бо з яго неабходна атрымоўваць пэўны духоўны плён. Можна было б не звяртаць увагі на харчаванне, калі б яно не было так цесна звязана з паводзінамі і настроям чалавека. Думаю, што многія, хто пасціцца рэгулярна, могуць падцвердзіць, што падчас шматдзённых пастоў чалавек адчувае нейкую лёгкасць і яму не так цяжка маліцца. Калі ж пост заканчваецца і чалавек пачынае есці мяса, то яго ўжо цягне ў дрымоту і маліцца зусім не хочацца. Але гаворачы пра пост, людзі ў асноўным засяроджваюцца на тым, што падчас посту можна есці, а што нельга. Калі б гэта сапраўды было так, то пост быў бы звычайнай дыетай, што таксама сустракаецца, калі людзі пачынаюць трымаць пост толькі дзеля таго, каб пазбавіцца лішняга тлушчу. Безумоўна, гэта таксама карысна для арганізму, але не для душы. Сапраўдны пост павінны быць спалучаны з пакаяннем і ўнутранай духоўнай засяроджанасцю. Толькі калі чалавек падчас посту вучыцца пераадольваць у сябе грахі, вучыцца любіць Бога і бліжняга, толькі тады пост сапраўды мае сэнс. Калі ж чалавек трымае пост толькі ў ежы – строга выконвае ўсе ўказанні наконт таго, што ў які дзень можна есці, а што нельга і пры гэтым кожны дзень лаецца са сваімі блізкімі, ненавідзіць ці ганьбіць людзей, то такі пост будзе чалавеку не толькі не на карысць – гэта будзе яму прамая шкода. Пра такія выпадкі ёсць такая вядомая гісторыя, калі да аднаго святара часта падыходзілі ягоныя прыхаджане і пыталіся, што можна есці падчас посту, а што нельга. Урэшце гэты святар не вытрымаў і сказаў: “Да ешце вы ўсё, толькі людзей не ешце!” Пост павінны служыць ачышчэнню нашай існасці ад самалюбства, эгаізму, ганарыстасці. Ён павінны выхоўваць пакорлівасць. Іаан Хрысціцель быў такім чыстым сведкам пра Хрыста. Ён не меў ніякага самалюбства, эгаізму, ганарлівасці. Усё гэта было дасягнута цяжкай працай. Гледзячы на постаць Іаана Хрысціцеля будзем вучыцца жыццю сапраўднага цэльнага чалавека, у якім усё спалучаецца: і малітва, і любоў, і аскетыка. Паспрабуем хаця б у малой ступені пражыць падобна таму, як жыў ён, аддаючы сябе сваімі блізкім без астатку. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|