Дабравешчанне Найсвяцейшай Багародзіцы |
Гэтая падзея апісана ў Евангеліі паводле Лукі (1; 26 – 38). Прасвятой Дзеве, якая жыла ў горадзе Назарэце, у доме праведнага Іосіфа Абручніка, явіўся Архангел Гаўрыіл. Паданне кажа, што ў гэты час Прасвятая Дзева чытала менавіта тое месца Свяшчэннага Пісання ў кнізе прарока Ісайі, дзе гаворыцца пра нараджэнне Збавіцеля ад Дзевы. Калі ён ўвайшоў да Марыі, архангел усклікнуў: “Радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою! Благаславёна Ты паміж жанчынамі!” Убачыўшы архангела і пачуўшы яго словы, Найчысцейшая засмуцілася і падумала, што б магло азначаць такое вітанне. Тады архангел сказаў: “Не бойся, Марыя! Ты атрымала благадаць у Бога. Ты народзіш Сына і назавеш Яго Іісусам, Ён будзе вялікі, і назавецца Сынам Усявышняга, и Царству Ягонаму не будзе канца”. Такую радасную, добрую вестку прынёс Заўждыдзеве архангел Гаўрыіл; дзень жа калі гэта адбылося і называецца Днём добрай весткі – Дабравешчаннем, ці – па-славянску – Благавешчаннем. Марыя была невымоўна здзіўлена словамі архангела. Як жа гэта будзе, – спыталася яна, – калі Я не ведаю мужа?” (г. зн. “не знаходжуся ў адносінах з мужам”). Адказам ёй былі словы ангела пра тое, што ўсё гэта здзейсніцца з дапамогай Усемагутнага Бога: “Дух Святы сыйдзе на Цябе, і моц Усявышняга ахіне Цябе, таму і тое Святое, што народзіцца назавецца Сынам Божым”. Тады Марыя сказала з глыбокай пакорай: “Я раба Гасподня; няхай будзе па слову Твайму…” Старажытныя Хрысціяне называлі свята Благавешчання Зачаццем Хрыста, Благавешчаннем пра Хрыста, пачаткам іскуплення, Благавешчаннем ангела Марыі. Цяперашняя назва свята замацавалася ў VII ст., хаця вядома, што святкаванне Благавешчання было ўжо ў ІІІ ст. Спевы царкоўнай службы Благавешчанню кажуць пра непасціжнасць для чалавечага розуму вобраза уцялеснення і цялеснага нараджэння Сына Божага. Калі ўгодна Богу, і незвычайнае, і звышнатуральнае здзяйсняецца, і перамагаецца парадак прыроды, – і Бог уцелясняецца (з’яўляецца ў целе, у існасці чалавечай) непасціжным чынам. Як непасціжна само ўцялесненне Сына Божага і звышнатуральнае зачацце ад Духа Святога, так непасціжна і нетлумачальна для чалавечага розуму тое, што пасля нараджэння немаўляткі Тая, што нарадзіла Яго засталася Дзевай. У Благавешчанні праяўлена вышэйшая ступень Любові Божай да падшага чалавека. Сын Божы учалавечыўся і ўцялесніўся (з’явіўся ў чалавечым целе), каб устварыць, адрадзіць чалавека, вярнуць яму згубленую ім з прычыны грэхападзення сувязь з Богам, асвабадзіць ад граха і вечнай смерці. Дзеля гэтага Сын Божы зняважыў, спакарыў сябе, каб наблізіцца да Свайго падшага стварэння – чалавека. Уцялесненне Бога Сына кажа пра тое, што зместам быцця Божага з’яўляецца любоў, што толькі бязмежная любоў прымусіла Бога падыйсці да чалавека, уз’яднацца з ім ва ўцялесненні, узяць на сябе грахі ўсяго свету, зрабіць чалавека здольным атрымаць бессмяротнасць, вечнае жыццё. І нашую радасць збаўлення, абнаўлення, адраджэння чалавека багаслужбовыя спевы свята Благавешчання ўзносят да Заўждыдзевы Марыі. “Радуйся, абрадаванная, Гасподзь з Табою”, “Радуйся Усеблажэнная Багародзіца, Чыстая Заўждыдзева!” – так праслаўляе Царква Найчысцейшую Маці Бога нашага. Свята Благавешчання – адзін з найбольш любімых сярод праваслаўных народаў. Вядомая показка: у гэты дзень “птушка гнязда не свівае, дзяўчына касу не сплятае”, якая азначае, што усе павінны пакінуць сваю працу, каб прысвяціць дзень добрай весткі без астатка Госпаду. У славянскіх народаў існаваў звычай выпускаць у свята Благавешчання на волю птушак з клетак – у знак пачатку вызвалення рода чалавечага ад грахоўнага палону. |
Наступны > |
---|