http://belmova.hram.by
Разьдзел 14
1. Было два дні да Пасхі й сьвята Прэсьнікаў; архісьвятары й кніжнікі сачылі, каб як узяць Яго хітрасьцю й усьмерціць. 2. Але гаварылі: толькі ня ў сьвята, каб ня было забурэньня ў народзе. 3. Калі ж Ён быў у Віфаніі, у доме Сымана запракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына й прынесла ў алябастравым слоіку чыстае, дарагое нардовае міра і, разьбіўшы пасудзіну, узьліла Яму на галаву 4. I некаторыя абураліся ў думках і гаварылі між сабою: нашто гэткая страта алею? 5. Можна-ж было-б прадаць яго больш як за трыста дынараў і раздаць убогім. 6. Але Ісус сказаў: "Ня турбуйце яе, нашто спрычыняеце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне. 7. Убогіх заўсёды маеце каля сябе, і можаце рабіць ім дабро, колькі захочаце; Мяне-ж не заўсёды маеце. 8. Яна зрабіла, што магла: намасьціла цела Маё да пахаваньня. 9. Праўду кажу вам: усюды, дзе толькі будзе абвешчана Евангельле гэтае, сказана будзе пра ўчынак яе, на ўспамін пра яе". 10. Юда-ж Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятароў, каб прадаць Яго ім. 11. Яны, пачуўшы гэтае, усьцешыліся й абяцалі даць яму срэбранікаў; і ён шукаў зручнага моманту, каб прадаць Яго. 12. I ў першы дзень Прэсьнікаў, калі прыносілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Ягоныя: "Дзе хочаш спажываць Пасху? Мы пойдзем і прыгатуем". 13. Ён-жа паслаў двух вучняў Сваіх і сказаў ім: "Ідзеце да места, і сустрэнецца вам чалавек, нясучы збан вады; за ім ідзеце. 14. І куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому таго: Вучыцель кажа: дзе ёсьць пакой, у якім-бы Мне спажываць Пасху з вучнямі Маімі. 15. I ён пакажа вам сьвятліцу, вялікую, прыбраную, гатовую, — там прыгатуйце нам". 16. I вучні Ягоныя пайшлі, і прышлі ў места й знайшлі, як казаў ім; і прыгатавалі Пасху. 17. I калі настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма. 18. Калі-ж яны сядзелі за сталом і елі, Ісус сказаў: "Папраўдзе кажу вам: адзін з вас, хто есьць са Мною, прадасьць Мяне". 19. Яны засмуціліся й адзін па адным пачалі гаварыць да Яго: ці ня я? I іншы – ці ня я? 20. Ён-жа, адказваючы, сказаў ім: "Адзін з дванаццацёх, які абмакнуў са Мною ў сальніцу. 21. Але Сын Чалавечы йдзе, як напісана пра Яго; гора-ж таму чалавеку праз якога Сын Чалавечы прадаецца, лепш было-б чалавеку таму не радзіцца". 22. I калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіў, пераламаў і даў ім, сказаушы: "Вазьмеце, ежце: гэта ёсьць Цела Маё". 23. I ўзьняўшы чашу, узьнёс хвалу, падаў ім, і пілі зь яе ўсе. 24. I сказаў ім: "Гэта кроў Мая Новага Запавету, праліваная за многіх. 25. Папраўдзе кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плёну вінаграднага аж да дня, калі буду піць віно новае ў Уладарстве Божым". 26. I, прапяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную. 27. I кажа ім Ісус: "Усе вы адступецеся ад Мяне ў гэтую ноч, як напісана пра гэта: зьвераджу пастыра, і рассыплюцца авечкі. 28. Але, як уваскросну, апярэджу вас у Галілеі". 29. Пётра-ж сказаў Яму: "А хоць-бы й усе адступіліся, але ня я". 30. I сказаў яму Ісус: "Папраўдзе кажу табе, што сёньня, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне". 31. Ён-жа яшчэ мацней запэўніваў, кажучы: "А хоць-бы давялося мне і ўмерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе"; гэтак гаварылі ўсе. 32. I прыйшлі ў паселішча, званае Гефсыманія; і кажа вучням Сваім: "Пасядзеце тут, пакуль Я памалюся". 33. I ўзяў з сабою Пятра, Якуба й Яна, і ўпаў у жах і тугу. 34. I кажа ім: "Тужыць душа Мая аж да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце". 35. I адыйшоўшы крыху, прыпаў да зямлі й маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго часіна гэтая. 36. I гаварыў: Аўва-Войча! Усё магчыма для Цябе, пранясі чашу гэтую міма Мяне, але ня так, як Я хачу, але як Ты". 37. Вярнуўшыся, знайходзіць іх соннымі, і кажа Пятру: "Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты патрываць адну гадзіну? 38. Чувайце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу; бо дух бадзёры, цела-ж немачнае". 39. І ізноў, адыйшоўшыся, маліўся тымі-ж словамі 40. А вярнуўшыся, ізноў застаў іх соннымі, бо вочы іх былі ацяжалымі, і ня ведалі, што адказаць Яму. 41. I прыходзіць трэйці раз і кажа ім: "Вы ўсё яшчэ сьпіцё й спачываеце; досыць! Настала часіна; вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў. 42. Устаньце, пойдзем, вось збліжаецца той, хто прадае Мяне". 43. I ў той час, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а зь ім вялікая грамада зь мячамі й кіямі, ад архісьвятароў і кніжнікаў і старшыняў. 44. А прадажнік Яго даў ім знак, сказаўшы: "Каго я пацалую, — будзе Той; бярэце Яго й вядзеце асьцярожна". 45. I, прыйшоўшы, падступіў да Яго й сказаў: "Раббі, Раббі!" I пацалавау Яго. 46. А яны налажылі на Яго рукі свае і ўзялі Яго. 47. Адзін-жа з тых, што стаялі там, выняўшы нож, ударыў архісьвятаровага слугу й адсек яму вуха. 48. Тады Ісус, азваўшыся, сказаў ім: "Нібы на разбойніка выйшлі вы зь мячамі й кіямі, каб Мяне ўзяць. 49. Кажны дзень бываў Я з вамі ў храме, і навучаў, і вы ня бралі Мяне, але, няхай збудзецца Пісаньне". 50. Тады, пакінуўшы Яго, усе разьбегліся. 51. Адзін-жа юнак ішоў за Ім, авінуўшыся пялёнаю па голым целе; і тыя схапілі яго. 52. Але ён, вывернуўшыся зь пялёны, голы ўцёк ад іх. 53. I прывялі Ісуса да першага архісьвятара; і зыйшліся да Яго ўсе архісьвятары й кніжнікі й старшыні. 54. Пётра-ж ішоў сьледам за Ім аж у панадворак архісьвятара, і сядзеў побач слугаў, грэючыся пры агні. 55. Архісьвятары і ўвесь сынедрыён шукалі сьветчаньняў на Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць, і не знайходзілі. 56. Бо шматлікія ілжыва сьведчылі на Яго, але ня былі згодныя між сабою сьветчаньні тыя. 57. І некаторыя, устаючы, крывадушна сьветчылі супраць Яго, і гаварылі: 58. "Мы чулі, як Ён казаў: Я зруйную храм гэты, і ў тры дні пастаўлю іншы, нерукатворны". 59. Але й гэтыя сьветчаньні іхныя ня былі дастатковыя. 60. Тады архісьвятар, стаўшы пасяродку, спытаўся ў Ісуса, кажучы: "Нічога не адказваеш, што яны сьведчаць супраць Цябе?" 61. Але Ён маўчаў і нічога не адказваў. Ізноў архісьвятар спытаўся ў Яго, кажучы: "Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраславёнага?" 62. Ісус-жа сказаў: "Я ёсьць; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячы праваруч сілы й прыходзячы на хмарах нябесных". 63. Тады архісьвятар, разьдзёршы вопратку сваю, сказаў: "Нашто нам яшчэ сьветкі? 64. Вы чулі богазьнявагу? Як вам думаецца?" I тыя ўсе асудзілі, што Ён варты сьмерці. 65. I пачалі некаторыя пляваць на Яго і, закрываючы Яму аблічча, біць Яго й прыгаворваць: — Прароч! I слугі білі Яго па шчоках. 66. Пётра-ж быў унізе на падворку; і падыйшла адна з архісьвятаровых служанак. 67. Убачыўшы Пётру, які грэўся пры агні, паўглядаўшыся ў яго, сказала: "I ты быў зь Ісусам Назаранінам". 68. Але ён адрокся, кажучы: "Ня ведаю й не разумею, што ты гаворыш", — і выйшаў адтуль на прыдворышча. 69. Служанка-ж, убачыўшы яго ізноў, пачала гаварыць іншым, якія стаялі там: "Гэта зь іх". 70. Ён-жа ізноў адрокся; а крыху счакаўшы, былыя там ізноў пачалі гаварыць Пётры: "Запраўды ты зь іх, бо ты Галілеянін, і мова твая падобная". 71. Ён-жа пачаў бажыцца й клясьціся: "Ня ведаю чалавека гэтага, пра якога гаворыце. 72. І ўраз прапяяў певень другі раз; і ўспомніў Пётра слова, якое сказаў яму Ісус: "Перш чым певень прапяе двойчы, ты адрачэшся ад Мяне тройчы"; і расплакаўся.
 
< Папярэдні   Наступны >
Назад
26-08-1big.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2023