У сённяшні дзень, браты і сёстры, мы разам з усёю паўнатою Святой Хрыстовай Праваслаўнай Царквы адзначаем свята Уваходу Гасподняга ў Іерусалім. Гэта свята – адно з самых трагічных святаў усяго царкоўнага года. Гэта – свята радасці, і, разам з тым,– гэта свята смутку: радасці таму, што мы бачым, як Сына Божага сустракаюць натоўпы людзей, сустракаюць радаснымі крыкамі: "Асанна ў вышніх! Благаславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе! Благаславёны Цар Ізраілеў!"; смутку таму, што пройдзе зусім няшмат часу – усяго некалькі дзён – і Гасподзь пацерпіць здраду і здзекі, перанясе пакуты, будзе апляваны і прыбіты да Крыжа і памрэ за нас і дзеля нашага збаўлення.
Увесь трагізм падзеі, якую сёння ўзгадвае Царква, трагізм уваходу Хрыста ў Іерусалім, у тым, што народ хацеў бачыць у Ім перш за ўсё палітычнага правадыра, вызваліцеля ад Рымскага ўладарства. Але не такім прыйшоў Сын Божы на зямлю. Ён не апраўдаў тых спадзяванняў, якія ўскладалі на Яго іудзеі. І таму ўжо праз некалькі дзён пасля ўрачыстай сустрэчы, калі натоўп вітаў Збавіцеля словамі "Асанна", "Благаславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе", той самы натоўп, падбухтораны фарысеямі і першасвятарамі, якія праследвалі свае мэты, будзе патрабаваць: "Распні Яго! Няхай Ён будзе распяты!"
Так і мы, хрысціяне, вось ужо дзве тысячы гадоў то шукаем Бога, то ўцякаем прэч ад Яго. Так вера ў нашых душах змяняецца здрадай. Так са старажытнасці і да цяперашняга часу ўсё ў той жа самай Царкве ўсё тыя ж самыя людзі – мы, хрысціяне, – то з радасцю крычым "асанна", то з раз'юшанасцю – "Распні Яго"! І наш Бог бачыць і ведае гэта. Ведаў Ён гэта і тады, у Іерусаліме, ведае і зараз. Ён ведаў, чаго чакаў вялікі горад, Ён ведае, чаго чакае ўвесь свет, і таму – плача. Евангеліст Лука піша пра гэта так: "І, калі наблізіўся да горада, то, гледзячы на яго, заплакаў па ім…" (Лк.19:41). Гасподзь наш плача па нас з вамі, і гэтыя слёзы Хрыста – горкі ўкор нам усім, і адначасова, як гэта не дзіўна, гэтыя слёзы Бога нашага – знак надзеі. Бо толькі ўчора Гасподзь плакаў па памерлым Лазары, і вось – Лазар жывы! Значыць, і ў нас ёсць надзея на жыццё, значыць, і для нас не ўсё яшчэ страчана.
Толькі, лікуючы і радуючыся з гэтай нагоды, нельга забываць, навошта наш Бог і Збавіцель ідзе ў Іерусалім. Ён ідзе туды паміраць. Увесь жах той падзеі, якую мы сёння святкуем, таксама і ў тым, што ніхто з тых, якія стаяць уздоўж гэтага невялікага шляху, нават не здагадваецца і не ведае, што асляня вязе Сына Божага на Галгофу. На смерць. Прыгадайце, як Хрыстос разам са Сваімі вучнямі і сябрамі толькі яшчэ пачаў Свой шлях з-за Іардана да Іерусаліма, зрабіў яшчэ толькі першыя крокі да Крыжа, і побач не было чужых і выпадковых людзей, а былі толькі свае – тыя, якіх любіў Ён, і тыя, хто любіў Яго. Самыя блізкія з тых, каго Ён браў з сабою на Фавор, хто быў пасвечаны ў самыя заветныя таямніцы, Іакаў і Іаан, пасля прамых слоў Збавіцеля, што аддадуць Яго на смерць, будуць здзеквацца з Яго, будуць Яго біць і пляваць у твар, і заб'юць Яго, – Іакаў і Іаан просяць свайго Настаўніка, як мы сёння сказалі б, пра "цёплыя месцы". "Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч у славе Тваёй!" І Гасподзь яшчэ раз кажа сваім вучням пра Сваю смерць і пра тое, што толькі гэтым – толькі Крыжам, толькі пакутамі – можа падзяліцца з імі.
Людзі з пальмавымі галінкамі ў руках там, ля сценаў Іерусаліма, і мы, што стаім у храме з галінкамі вярбы, якія трымаем у сваіх руках замест пальмы, чаго чакаем ад Госпада Іісуса, чаго мы просім у Яго зараз, калі пачынаецца пакутніцкі шлях Збавіцеля нашага на Крыж? Што просяць у Хрыста тыя натоўпы іерусалімскіх грамадзян і кожны з прысутных сёння ў храме? Просяць толькі здароўя, шчасця, дабрабыту, спакойнага і бестурботнага жыцця. "Цёплага месца", інакш кажучы. І зусім няважна, у якія канкрэтныя формы гэтыя агульныя формы ўвасабляюцца. Іерусалімскія гараджане таксама хацелі простага чалавечага шчасця, звычайных рэчаў: свабоды ад рымскіх акупантаў, рэлігійнай і нацыянальнай свабоды, і хлеба (так, а чаму б і не), і жыцця для сябе і сваіх дзяцей (а хіба гэта забароненыя рэчы?). Яны хацелі таго ж, чаго хочам і мы. І гэтыя жаданні не былі незаконнымі. Таксама як цалкам законнымі з'яўляюцца нашы малітоўныя звароты і просьбы да Бога. Толькі вось бяда: ніхто з тых, хто крычаў "асанна", не зразумеў, што для таго, каб уваскрэснуць для новага жыцця, для таго, каб вызваліцца ці то ад акупацыйнай улады рымлян, ці то ад палону сваіх уласных грахоў і страсцей, неабходна прыкласці пэўныя намаганні, неабходна працаваць да крывавых мазалёў, неабходна памерці за свабоду, неабходна распяцца разам з Хрыстом. Неабходна піць з Чашы, з якой п'е Ён Сам.
Грамадзяне іерусалімскія гэтага не зразумелі. Не прайшло і пяці дзён, як тыя, хто ўзрушана крычаў "Асанна!", настойліва пачалі патрабаваць: "Распні Яго! Няхай Ён будзе распяты!"
Нам неабходна помніць пра гэту страшную памылку. Нам, хто стаіць у храме з галінкамі вярбы ў руках і тым самым сведчыць, што ён гэтак жа, як і яны, сустракае Хрыста, неабходна ўстрымацца ад іх памылковых поглядаў і перакананняў. Нам неабходна зразумець, што нашымі грахамі, нашай халоднай стрыманасцю, нашым ледзяным і халодным раўнадушшам Хрыстос распінаецца зноў і зноў. Нам неабходна зразумець, што гэта ўжо мы, а не тыя жыхары старажытнай спякотнай Палестыны, якія даўно памерлі, чакаем ад Госпада нашага "цёплага месца", а Ён кліча нас да ўзаемнага даверу і распяцця разам з Ім. Калі мы гэта не ўсвядомім і не аддадзім нашаму Збавіцелю, цалкам давяраючы Яму, свае сэрца, сваё жыццё, свой лёс, не баючыся і не жахаючыся пры гэтым нічога, што нам наканавана Промыслам Божым, – баюся, што ў хуткім часе і мы закрычым: "Распні Яго! Няхай Ён будзе распяты!" Таму што для таго, каб саграшыць, зусім не абавязкова ўголас патрабаваць смерці бязвіннага, на самой справе заклікаць да распяцця. Дастаткова проста забыць пра яго. Жыць так, быццам бы і не было ў гісторыі жудаснай падзеі на Галгофе, жыць так, як жывуць мільёны людзей, нават не абцяжарваючы сябе пытаннем: "Чаго чакае, што хоча ад мяне Бог?"
Мы павінны выразна ўсведамляць, што тыя падзеі, якія мелі месца ў старажытным Іерусаліме дзве тысячы гадоў назад, не адышлі ў нябыт, а адбываюцца ў духоўным жыцці кожнага веруючага хрысціяніна. Таму не выпадкова Святая Царква з году ў год вяртае нас да тых падзей, каб мы былі не проста іх назіральнікамі, а каб былі саўдзельнікамі іх. І тут вельмі важна вызначыцца, з кім усё ж такі мы: або з тымі, хто сёння ўрачыста сустракае і вітае Хрыста, а ўсяго праз некалькі дзён будзе патрабаваць Яго смерці, або з тымі, хто да самага канца пранясе з Хрыстом Яго Крыж, хто будзе спачуваць Яму і перажываць за Яго падчас укрыжавання і не пакіне Яго тады, калі ад Яго адвярнецца і адрачэцца ўвесь свет.
З кім мы ў гэтым жыцці? Кожны чалавек павінен адказаць на гэтае пытанне. Мы з Хрыстом тады, калі сапраўды імкнемся выканаць Яго запавет, быць годнымі Яго вучнямі. Мы са здраднікамі Хрыста тады, калі праз тыя шматлікія грахі, што здзяйсняем у сваім жыцці, зноў і зноў здраджваем свайму Госпаду, нават не спрабуючы вырвацца з ліпкага павуціння гэтага грахоўнага света.
Мы бачылі, як дагаджэнне людзям прывяло іудзеяў да духоўнай катастрофы. Але і мы часта праслаўляем Бога, імкнучыся дагадзіць людзям, праслаўляем таму, што "усе так робяць". Хіба не бываем мы падобныя да народа ізраільскага ў сваёй зменлівасці і непастаянстве? Нам скажуць праслаўляць – мы праслаўляем, нас прымусяць знішчаць – мы знішчым, у што нам загадваюць верыць – верым, нават калі ў душы не верым і не згаджаемся з гэтым. "Мы як усе", – кажам мы, апраўдваючы свае паводзіны і дзеянні. Чаму мы так робім? – У імя спакойнага забяспечанага жыцця, дзеля ўлады, каб узабрацца на вяршыню сацыяльнай піраміды. За поліўку з сачавіцы мы гатовы прадаць сябе і нават забіць Бога.
Мы не вінавацім нашых дзядоў, якія разбуралі храмы, бо ім сказалі, што Бога няма. Хіба сёння мы іншыя? Сёння нам дазволілі верыць. А калі зноў забароняць? Ці многа сярод нас знойдзецца тых, хто не будзе разам з раз'юшаным натоўпам крычаць: "Распні, распні Яго! Няхай Ён будзе распяты!"
"Госпадзі, дапамажы нам ніколі не адвярнуцца ад Цябе, як было гэта з народам ізраільскім, не здрадзіць Табе, як зрабіў гэта Іуда, а прыняць Цябе як Збавіцеля! Дапамажы нам быць адданымі Табе ва ўсе дні нашага жыцця!"
Няхай збавіць нас Гасподзь ад маладушша і ўмацуе нас, каб маглі мы ісці за Ім ва ўсе часы, а сэрцы нашыя няхай напоўніць благадаццю Сваёю, каб шукаць нам нябеснага, а не зямнога, вечнага, а не пераходзячага, і праслаўляць Бога нашага цяпер, заўсёды і на векі вякоў. Амінь.