Адбылося тое, дзеля чаго Бог стаў чалавекам, дзеля чаго Сын Божы стаў сынам чалавечым: Збавіцель памёр на Крыжы.
Чалавек сваёй непаслухмянасцю пазбавіў сябе быцця разам са сваім Творцам – Тым, Хто дае жыццё, і апынуўся ў свеце, у якім пануюць пакуты і смерць. Чалавек захварэў. Грэх – гэта не столькі віна, не столькі злачынства супраць Закона Божага і яго парушэнне, колькі хвароба душы. І вось, каб ацаліць гэту хваробу, Бог успрымае наша чалавечае цела, каб аднавіць яго ў першасным – непашкоджаным, чыстым – выглядзе.
Бог, Сам Адзінародны Сын Божы, добраахвотна прыйшоў у наш пакутуючы ад шматлікіх грахоў і зла свет, добраахвотна сышоў у бездань чалавечага болю і пакутаў, стаўшы праз гэта далучаным да людскога гора. У чалавеку Іісусе Бог сышоў да нас, аб'яднаў нас з Сабою, паказаў нам Сваю бязмежную любоў, адчыніў нам уваход у царства любові і святла. Хрыстос атаясамлівае Сябе з намі настолькі, што згаджаецца ў Сваім чалавецтве страціць пачуццё адзінства з Богам – з крыніцай жыцця вечнага, больш за тое – з вечным жыццём у Самім Сабе, – і далучыцца да нашай смяротнасці. Вечнасць, Якая згаджаецца памерці смерцю гэтага часовага свету. Той, Хто ёсць само Жыццё, у любові і спачуванні добраахвотна аддаецца смерці, якой Ён не ствараў, але якая завалодала светам і атруціла жыццё ў ім. Смерць паглынае жыццё, але ў смерці Хрыста яна сама аказваецца паглынутай Жыццём…
Вось якое ператварэнне здзяйсняе Хрыстос, добраахвотна прымаючы пакуты, добраахвотна аддаючы на іх Сябе: пакуты – нешта такое недарэчнае ў свеце, праяву бессэнсоўнасці і марнасці жыцця, увасабленне абсурднасці існавання – Хрыстос напаўняе Сваёй верай, Сваёй любоўю, Сваёй надзеяй, а гэта значыць – сэнсам; пакуты – са знішчэнне жыцця – Хрыстос робіць магчымасцю нараджэння ў жыццё сапраўднае, духоўнае, прыняцце пакутаў – уваходжаннем у веру, надзею і любоў, перамогай духу, уваходжаннем ў Царства Божае.
Мы пачынаем разумець, што не выкарыстанне Бога ў сваіх асабістых інтарэсах з'яўляецца прызначэннем Царквы, а, наадварот, наша служэнне Богу – вось сапраўдны змест царкоўнага жыцця. Гэта ўжо не спроба збегчы ад цяжкасцей – гэта прыняцця жыцця з усімі яго клопатамі, турботамі, хваробамі і нястачамі ў духу сапраўднай пакоры волі Божай, гэта прыняцце свайго ўласнага жыццёвага Крыжу, пасланага нам Яго Прамудрым Промыслам.
Канешне, прыняцце і нясенне нашага ўласнага крыжу патрабуе мужнасці. Мы можам праяўляць мужнасць на кароткі час, але не здольныя зрабіць яе пастаяннай жыццёвай пазіцыяй.
Ні Крыж, ні Уваскрасенне не могуць быць зразумелыя асобна адзін ад аднаго. Калі мы не гатовы прынесці ў ахвяру Хрысту сваё жыццё, калі мы палохаемся смерці, калі замест таго, каб прынесці сябе ў ахвяру Госпаду, мы імкнемся пазбегнуць гэтага – то мы не маем нічога агульнага з Хрыстом, Які ўсяго Сябе аддае нам. І тысячы хрэсных ходаў не дапамогуць, калі мы не зразумеем, што Крыж Хрыста – гэта наша пуцяводная зорка, гэта той жыццёвы арыенцір, на які павінны мы арыентавацца ў сваім існаванні.
Зараз, пакуль яшчэ цягнецца зямное жыццё кожнага з нас, ёсць яшчэ магчымасць выправіць любую памылку, амыць пакаяннымі слязьмі любое сваё грахоўнае падзенне, любую здраду Хрысту. Будзем удзячныя Госпаду, Які дзеля нашага збаўлення перанёс пакуты і смерць і Уваскрасеннем Сваім падарыў нам Жыццё Вечнае. Амінь.