Слова ў нядзелю 5-ю Вялікага посту, прп.Марыі Егіпецкай
У першую Нядзелю Вялікага посту Царква ўказвае нам на мэту нашых пакаянных намаганняў - на абожанне. У другую Нядзелю Святой Чатырохдзесятніцы Царква гаворыць пра вынікі духоўнай працы хрысціяніна над сабою - пра перамяненне, праабражэнне чалавека. На трэцім тыдні Вялікага посту Царква нагадала нам, што сэнс нашай веры ў самаадданасці і самаахвярнасці, у нясенні свайго ўласнага крыжу ў духу пакоры волі Божай, у цярпенні ўсіх жыццёвых выпрабаванняў, пасланых нам ад Госпада Яго прамудрым Промыслам. На чацвёртым тыдні Царква сведчыць нам, што наша вера аскетычная, вера падзвіжніцкая, што яна патрабуе ад нас самаабмежавання, удасканалення і барацьбы з духамі зла і тымі справамі, на якія яны нас спакушаюць. Іаан Лесвічнік гаворыць: "Пакаянне - гэта наш зварот да Бога, наша вяртанне да Госпада".
У пятую Нядзелю Вялікага посту мы адзначаем памяць святой Марыі Егіпецкай. З глыбокай бездані грахоў Гасподзь яе, простую жанчыну, паклікаў і памілаваў. Памяць Марыі Егіпецкай - гэта памяць міласці Божай і Божай міласэрнасці, якія не маюць межаў! Узрадуемся ж і ўзвесялімся ж, бо ў нас ёсць такі выдатны прыклад праявы дзеяння любові Божай ў свеце - у Хрысце і праз Хрыста, у Царкве і праз Царкву. Узрадуемся ж і ўзвесялімся ж, таму што няма такога граху, якога б Бог не мог нам дараваць, няма такой ступені падзення, з якой бы Гасподзь не мог нас узняць! Прападобная Марыя Егіпецкая дае нам павучальны ўрок ніколі не адчайвацца ў сваім збаўленні... Благадаць Божая заўсёды і ўсюды шукае чалавека і кліча яго...
Мы не павінны маркоціцца. Маркота, туга, скруха, - адныя з самых цяжкіх грахоў, і не выпадкова яны трапілі ў лік так званых смяротных грахоў, - менавіта таму, што ў хрысціяніна ўвогуле няма падставаў, каб тужыць, сумаваць і адчайвацца, бо тады ён ужо не хрысціянін! Той, хто так робіць, - гэта чалавек з пашкоджанаю душою. Толькі чалавек, які апантаны гардыняю, чалавек, які не ўмее дзякаваць і быць удзячным, а таксама той, які не мае духоўнай цвярозасці і зусім не можа жыць у згодзе з благадаццю Божай, можа маркоціцца.
Будзем помніць пра гэта, і няхай сіла Божая пазбавіць нас ад усякага граху і духу маркоты. Мы не павінны, нам нельга зачарсцвець у грахах, якімі б яны ні былі. Якімі б ні былі нашы жыццёвыя звычкі і погляды, якімі б ні былі нашы хваробы, што б з намі ні здаралася, - мы не можам паддавацца сваім грахоўным страсцям і трапляць да іх у палон: мы павінны іх пераадольваць, з аднаго боку, міласцю і міласэрнасцю Божай, а, з другога боку, - сілаю служэння Госпаду, сілаю самаахвярнасці і паслухмянасці волі Божай.
Мы жывем у свеце, дзе ўсё больш і больш становіцца грахоўнага бруду. Гэта ад таго, што свет не ведае самай галоўнай таямніцы жыцця. У гэтай цемры граху, якая імкнецца паглынуць усё навокал, мы павінны мець вочы, не толькі каб плакаць па сваіх грахах, але і бачыць гэтымі вачыма небяспеку, што пагражае і нам. Мы жывем у свеце, пра які Хрыстос гаворыць: " конецформыначалоформыВедаю твае дзеі, і што ты жывеш там, дзе трон сатаны" (Адкр.2:13). "Звер апакаліпсіса" ужо ў свеце і паказвае свае кіпцюры. Хто такая апакаліптычная блудніца вярхом на чырвоным зверы, і што азначае гэты вобраз? Магчыма, спадкаемцу таталітарнага камунізму, народжанага ваяўнічым бязбожжам, - рэлігійную абыякавасць і агрэсіўны секулярызм, якія распаўсюджваюць у свеце разбэшчанасць?
Сатане недастаткова спакусіць і разбэсціць, галоўнае - не дапусціць пакаяння. Дзеля гэтага у грамадстве ствараецца атмасфера насмешкі і адкрытага здзеку над пакаяннем. І перш за ўсё з гэтай мэтай вядзецца атака на Царкву. Не атрымалася Яе знішчыць дашчэнту, не атрымалася разбурыць знутры - зараз імкнуцца змяшаць Яе імя з гразёю. Цяжкую спадчыну пакінулі нам мінулыя пакаленні, нялёгкія і грахі нашага часу. Але сярод гэтага змроку мы выразна чуем голас Божы, які кліча нас да бадзёрасці і духоўнай цвярозасці, не дазваляючы ўпасці ў адчай і самотнасць.
Вобраз прападобнай Марыі Егіпецкай, памяць якой мы сёння ўшаноўваем, - гэта яшчэ і ўзор надзеі на міласць Божую да нас, грэшных, і жывое сведчанне таго, што самыя цяжкія грахі даруе Міласэрны Творца тым, хто ў сваім жыцці імкнецца да Яго і шчыра каецца ў здзейсненых грахах. Да мужнасці заклікае нас сёння Гасподзь. Гэты вобраз подзвігу ў трыванні за запаведзь Божую дае прападобная Марыя Егіпецкая. Будзем жа з той грахоўнай бездані, у якой мы знаходзімся, з верай і надзеяй звяртацца да Госпада нашага Іісуса Хрыста, бо Сын Божы прыйшоў, каб знайсці і выратаваць тое, што загінула (Лк.19:10). Амінь.