Слова ў нядзелю 4-ю Вялікага посту, прп. Іаана Лесвічніка
У чацвёртую Нядзелю Вялікага посту Царква малітоўна ўзгадвае і праслаўляе аднаго з найвялікшых падзвіжнікаў сваіх - прападобнага Іаана Лесвічніка, ігумена Сінайскай гары. Сваё найменне прападобны атрымаў ад складзенага ім духоўнага настаўлення для манахаў, вядомага пад назвай "Лесвіца". Кніга гэтая напісана не толькі для інакаў, але вельмі карысная таксама і для нас. Канешне, магчыма, не ўсе тыя парады, што дае прападобны, мы зможам выкарыстаць у нашым мірскім жыцці, але, ведаючы іх, будзем хаця б мець уяўленне пра тое, як павінен жыць чалавек, які з'яўляецца веруючым і сапраўды імкнецца да Хрыста.
Вялікую ўвагу Іаан Лесвічнік надае пакаянню. Што такое пакаянне? Гэта вельмі важнае пытанне. Што значыць пакаяцца? Хіба толькі пералічыць свае грахі і сказаць
"я грэшны"? Не! Каб сапраўды прынесці шчырае пакаянне, гэтага недастаткова. Пакаяцца - значыць усвядоміць свае грахі, адчуць цяжар грэхападзення, пазбавіцца ад грэшных думак і пачуццяў, выправіцца, стаць іншым. Замест апаганенага жыцця, ад якога выбаўляе нас Гасподзь Іісус Хрыстос у пакаянні, неабходна пакласці пачатак новаму жыццю - жыццю ў адпаведнасці з духам Хрыстовым. Неабходна духоўнае сталенне, паступовая перамога над уласнымі грахамі, быццам бы пад'ём па прыступках лесвіцы маральнага ўдасканалення. "Лесвіца" прападобнага Іаана - гэта "шлях дзейснага ўзыходжання", "зварот ад спакусаў свету гэтага да адзінага сапраўднага скарба - святыні Хрыстовай".
На першым тыдні Вялікага посту было паказана, што наша вера - ісціная, сапраўдная і адзіная правільная. На другім, што яна - вера ўнутраная, вера сэрца, вера, з дапамогай якой чалавек дасягае абожання. На трэцім тыдні Царква нагадала нам, што наша вера - не ад "свету гэтага", што яна - крыжаносная, што яна цярпліва зносіць усе жыццёвыя нягоды. І, нарэшце, на чацвёртым тыдні Вялікага посту Царква сцвярджае, што наша вера - аскетычная, гэта вера падзвіжнікаў, вера, якая патрабуе авалодання сабою і змагання са злымі духамі і грахоўнымі страсцямі. Вось гэты шлях барацьбы з дапамогай аскетызму бачым мы ў "Лесвіцы" прападобнага Іаана і на прыкладзе яго жыцця.
Падзвіжнік - гэта той, хто перш за ўсё адчуў, што ўсякая асалода "свету гэтага" не пазбаўлена і прысмаку горычы: "усё - марнасць і пагоня за ветрам!" (Экл.1:15). І не толькі адчуў, бо шмат хто з нас адчувае гэта, але і захацеў вырвацца з гэтага палону, адшукаць сэнс жыцця і знайсці свайго сапраўднага Уладыку.
Шлях падзвіжніка - гэта самы прамы і кароткі шлях паміж дзвюма кропкамі - чалавекам і Богам. Далёка не ўсе ўтрымліваліся на гэтым выратавальным шляху, а тым больш не ўсе даходзілі па ім да сустрэчы са сваім Збавіцелем. Прападобны Іаан Лесвічнік, памяць якога мы сёння адзначаем, гаворыць нам у адным са сваіх пісанняў: "Не за тое мы будзем асуджаны, браты і сёстры, што не тварылі ніякіх цудаў або не прадказвалі будучыню, а за тое, што не плакалі аб грахах сваіх".
Дык што ж такое грэх, калі ён павінен выклікаць у нас такое пачуццё сардэчнай скрухі, якое б не азмрочвала наша жыццё, але натхняла на яго аднаўленне? Мы часта думаем, што грэх - гэта парушэнне нормаў Закона Божага, парушэнне маральнага абавязку або пэўнае памылковае дзеянне. Але ў граху ёсць нешта больш значнае, што сапраўды павінна выклікаць у нас шчырае пакаянне і сардэчную скруху і, больш за тое, - глыбокі і востры боль.
Грэх - гэта нявернасць, грэх - гэта здрада; здрада і нявернасць у адносінах да Бога, бо грэх азначае, што калі б Гасподзь ні звяртаўся да нас, для нас словы Яго былі неістотныя, другасныя, няважныя, хоць рабіў Ён гэта з ўсёй Сваёй Любоўю, каб упэўніць нас у тым, як многа мы для Яго значым. Дзеля нашага збаўлення Сын Божы аддаў Сваё жыццё і, Несмяротны, прыняў смерць, каб выратаваць нас ад граху і каб мы паверылі ў Яго Боскую Любоў да чалавецтва!
Калі мы грашым, то гэтым самым як бы адварочваемся ад Таго, Хто палюбіў нас адразу і назаўсёды, і таму Яго жыццё і Яго смерць становяцца для нас такімі нічога не вартымі, што мы не здольныя з любоўю адгукнуцца на іх сваёй вернасцю і адданасцю. Падобныя адносіны да Бога прыводзяць да несупыннага парушэння тых законаў быцця, дадзеных Творцам, кіруючыся якімі мы дасягнулі б жыцця вечнага і сталі б сапраўднымі, дасканалымі людзьмі (як і Хрыстос быў сапраўдным чалавекам) у гармоніі паміж Богам і намі.
Усе канкрэтныя грахі, якія мы пастаянна здзяйсняем: няўважлівасць да патрэбаў і праблемаў тых, хто побач з намі, абыякавасць адзін да аднаго, асуджэнне іншых, раўнадушша да чужога гора, стрыманасць у любові і міласэрдзі - усё гэта ад таго, што сэрцы нашы халодныя і пакрытыя ледзяным панцырам эгаізму. Нездарма кажа нам Хрыстос у сённяшнім евангельскім чытанні:
"Гэты род ні ад чаго іншага не можа выйсці, толькі ад малітвы і посту."(Мк.9:29). Пост азначае, што неабходна адвярнуцца ад усяго таго, што спакушае нас парушыць адданасць і вернасць Госпаду. А малітва - гэта размова, гутарка з Жывым Богам, Які ёсць Любоў, і ў Якім Адным мы можам знайсці сілы, каб здолець палюбіць - палюбіць усіх і ўсё, акрамя граху.
Вялікі пост - час пакаяння, час усведамлення мітуслівасці і імгненнасці зямнога жыцця як адной з найвышэйшых каштоўнасцей "свету гэтага". Гэта час, калі Святая Царква асабліва настойліва заклікае нас здабыць страчаную ў выніку грэхападзення спадчыну нашага Творцы. На прыкладзе падзвіжнікаў, яна паказвае нам, што гэта магчыма, што гэта рэальна, што чалавек сапраўды здольны гэтага дасягнуць. Так, гэта цяжка... Нялёгка ў нашым шэрым і мітуслівым будзённым жыцці служыць Богу Жывому і Сапраўднаму, бо, па словах аднаго хрысціянскага мысліцеля, усякая работа Божая, гэта значыць тая, якая здзяйсняецца ў імя Госпада, - цяжкая. Канешне, не ўсе могуць быць "лесвічнікамі", але змагацца з грахамі, быць уважлівым да свайго духоўнага свету і імкнуцца да выпраўлення заганаў і хібаў сваёй асобы - пад сілу кожнаму з нас. У гэтым абавязак кожнага свядомага хрысціяніна, які жадае быць ім не па адной толькі назве. Іаан Лесвічнік кажа: "Пакаянне - гэта наша вяртанне да Бога, гэта аднаўленне благадаці Святога Хрышчэння, гэта подзвіг адрачэння ад былога - грахоўнага - ладу жыцця, гэта наша абяцанне змяніцца ў лепшы бок. Гэта час, калі мы можам навучыцца пакоры - гэта значыць міру: міру з Богам, міру з самім сабою, міру з усім навакольным светам. Пакаянне нараджаецца ад надзеі і рашучага адмаўлення ад адчаю. І той, хто каецца, - гэта той, хто сапраўды заслугоўвае асуджэння, але выходзіць з залы суда непасаромлены ў сваёй надзеі на міласэрдзе Божае і без ганьбы, таму што пакаянне - гэта наша прымірэнне з Богам. І дасягаецца яно праз годнае жыццё, праз вайну з грахамі, якія мы здзяйснялі ў мінулым. Пакаянне - гэта ачышчэнне нашага сумлення. Пакаянне - гэта рашучасць без наракання на волю Божую і ў аднаўленні праз любоў пераносіць усякі боль, усякую тугу."
Чыстыя сэрцам ужо тут, на зямлі, адчуваюць радасць і спакой у душы сваёй, аб якіх нават паняцця не маюць апантаныя гардыняю. У вачах Божых няма нічога даражэйшага за пакорнамудрасць. Без гэтага няма і збаўлення, бо без пакорнасці Богу ні адна наша справа не можа быць Яму даспадобы, не можа быць выратавальнай для чалавека і сапраўды духоўна ствараючай. Таму што ўсе нашыя беды паходзяць ад нашай гордасці. І светлы ангел з-за гордасці стаў сатаною - праціўнікам Божым, і першыя людзі, Адам і Ева, спадзеючыся стаць роўнымі свайму Творцы, сталі смяротнымі. Гордасць - корань усіх грахоў. Вось чаму Хрыстос прапануе нам выдаліць гардыню і пыху з сэрца чалавечага, вось чаму Хрыстос прапануе нам пакорнасць як надзейны фундамент, з якога трэба пачынаць будаўніцтва ўгоднага Богу ўласнага жыцця. Калі мы не будзем
"убогія духам" (Мф.5:3), гаворыць свяціцель Іаан Златавуст, нават калі мы вялікія малітвенікі і поснікі, нават калі мы цнатлівыя і міласэрныя, - усё гэта будзе марным і бессэнсоўным, як у евангельскага фарысея з вядомай прытчы Хрыста.
Прападобны Іаан Лесвічнік указвае на тры галоўныя прыкметы духу сапраўднай пакоры: першая - калі душа твая з радасцю прымае любую абразу, знявагу і крыўду як лекавы сродак супраць грахоўных страсцей; другая - калі ні на што і ні на кога не злуешся; трэцяя - калі заўсёды жадаеш вучыцца дабру ў імя Божае і дзеля Яго славы.
У дні Святой Чатырохдзесятніцы Царква кліча нас да подзвігу пакаяння і ачышчэння нашых сэрцаў, каб мы змаглі ўбачыць Хрыста Уваскрэслага.
"Дай нам, Добры, змагацца добрым змаганнем, час посту добра закончыць, захаваць непарушнай веру, скрышыць галовы нябачных ворагаў, быць пераможцамі граху і неасуджана дасягнуць і пакланіцца Святому Уваскрасенню." (з заамвоннай малітвы на Літургіі Ранейасвячоных Дароў)
Госпадзі Іісусе Хрысце, дзеля малітваў Прачыстай Тваёй Маці, прападобнага айца нашага Іаана Лесвічніка і ўсіх святых, памілуй нас! Амінь.