Слова ў нядзелю 3-ю Вялікага посту, Крыжапаклонную
У сярэдзіне Вялікага посту Царква ставіць нас перад Крыжам Хрыстовым, пакланяючыся якому, мы разумеем, што азначае служэнне Госпада нашага Іісуса Хрыста: гэта любоў, такая ўсеабдымная, такая дасканалая, што Хрыстос нават забываецца пра Сябе. Забываецца да такой ступені, што атаясамлівае Сябе з намі і згаджаецца ў Сваім чалавецтве страціць пачуццё Свайго адзінства з Богам - крыніцай вечнага жыцця, і, больш за тое, - з вечным жыццём у Самім Сабе, і далучыцца да нашай смяротнай чалавечай сутнасці. Ахвяра Хрыста ў тым, што Сын Божы, Які быў непадуладным смерці і не меў нічога ў Сабе, што асуджала б Яго на смерць, вырашыў прыняць яе. Той, Хто існаваў спрадвек, Хто Сам ёсць само Жыццё, з-за Сваёй любві і спачування да нас згадзіўся падпарадкавацца смерці, якой Ён не ствараў, але якая пачала ўладарыць у свеце пасля грэхападзення роду чалавечага. Смерць паглынае жыццё, але ў смерці Хрыста яна сама аказалася паглынутая Жыццём...
Вось чаму шанаванне Крыжа - адметная з'ява ў Царкве. Мы ніколі не здолеем даведацца вопытным шляхам, як Несмяротнасць можа памерці. Але мы можам навучыцца любіць і праз любоў адчуць, што смерць як забыццё сябе, забыццё ўсяцэлае і абсалютнае, аб'ядноўваецца з перамогай святла, уваскрасеннем і жыццём вечным. І калі мы імкнемся да гэтай любові, то яна здольна раскрыцца перад намі пры ўмове, што мы зможам адрачыся ад сябе. Дзеля таго, каб гэта здарылася, нам неабходна памерці, неабходна прыняць смерць такой, якая яна ёсць. Мы павінны прыкладаць сапраўды гераічныя намаганні, каб не баяцца самой смерці і памерці разам з Ім, бо , як і апостал Павел, мы ведаем, што калі мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем з Ім "(Рым.6:8).
Зараз з'явілася вялікая колькасць людзей, якія называюць сябе праваслаўнымі хрысціянамі і пры гэтым не адчуваюць ніякай патрэбы для сябе ў Хрысце і нават не ўсведамляюць гэтага. Ім неабходна атрымаць ацаленне ад сваіх хваробаў і дапамогу ў вырашэнні сваіх жыццёвых клопатаў, таму яны часта звяртаюцца за гэтым да тых або іншых святых і святыняў. І сам Крыж ім не нагадвае пра Смерць Хрыстову, а ўспрымаецца, хутчэй, як абярэг, як сродак, які засцерагае чалавека ад розных цёмных сілаў, ад розных негатыўных уздзеянняў, сурокаў, накідаў і падобнага.
На жаль, шмат у каго з нас памылковае ўяўленне пра хрысціянства і пра Хрыста. Многія прыходзяць у храм і ўспамінаюць пра Бога толькі дзеля таго, каб усё ў іх жыцці было добра, ціха і мірна. Пры гэтым яны забываюць, што жыццё хрысціяніна - гэта нясенне крыжа, гэта - барацьба са шматлікімі спакусамі і пераадольванне выпрабаванняў, змаганне з дыявалам, а таксама з самім сабою - са сваімі заганамі і страсцямі - і з тым злом, якое пануе ў свеце, што вакол нас. Гэтая духоўная вайна адбываецца не без вялікіх намаганняў з нашага боку, не без напружання ўсіх сілаў цела і душы, выдаткаў духоўных і фізічных. І ніякім чынам мы не зможам ухіліцца ад гэтай барацьбы. А калі мы хочам спакойнага і размеранага жыцця ў цішыні і спакою, то тым самым здраджваем Богу, Які кліча нас да працы над сабою, да ўдасканалення і прапаноўвае ісці Ягоным шляхам.
Ні Крыж, ні Уваскрасенне не могуць быць зразумелыя, калі разглядаць іх паасобку. Трэба памятаць, што наша вера ў Крыж неад'емная ад веры ў Хрыстова Уваскрасення. Шанаванне, пакланенне Крыжу пачынаецца з усведамлення і прыняцця гэтага адзінства. Калі мы не здольны аддаць Хрысту сваё жыццё, калі мы палохаемся адной толькі думкі пра смерць, калі замест таго, каб прынесці сябе ў ахвяру Богу, мы імкнемся абысціся без гэтага, адкупіцца ад свайго ўласнага крыжа, ускладзенага на нас Госпадам, чым-небудзь іншым: абмежаваннямі ў ежы, частым наведваннем набажэнстваў, пэўнай колькасцю грошаў "на царкву" - чым заўгодна, толькі не самаахвярнасцю і самаадданасцю ў служэнні Богу і таму, хто побач з намі, - то не маем мы нічога агульнага з Хрыстом, Які ўсё Сваё жыццё, усяго Самога Сябе аддаў дзеля справы адкуплення нашых грахоў. І тысячы хрэсных ходаў не дапамогуць нам, калі мы не зразумеем, што Крыж Гасподні - гэта ўзор для нас, поводле якога мы павінны будаваць наша жыццё. Няма Крыжу без Уваскрасення, але спачатку было распяцце і Галгофа. І калі яшчэ зусім нядаўна для нас была абсалютна незразумелай тая радасць, з якой сустракалі сваю пакутніцкую смерць мучанікі першых стагаддзяў хрысціянства, то цяпер сэнс іх радасці паступова раскрываецца перад намі. Нечаканыя словы святога Лукі (Война-Ясенецкага), амаль што нашага сучасніка, "я палюбіў пакуты" пачынаюць гучаць зусім па-іншаму. Мы разумеем, што не выкарыстанне Бога ў адпаведнасці са сваімі ўласнымі інтарэсамі з'яўляецца сапраўдным прызначэннем Царквы, а, наадварот, наша служэнне Богу - вось сапраўдны змест царкоўнага жыцця. З гэтага вынікае і новае перажаванне глыбінь веры: "самі сябе і адзін аднаго і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім". Гэта ўжо не ўхіленне ад цяжкасцяў, а пакорлівае прыняцце жыцця з усімі яго клопатамі і цяжкасцямі - прыняцце свайго ўласнага крыжу. Магчыма, мы не пацерпім фізічных мукаў за Хрыста, як шматлікія мучанікі за веру, але наша паўсядзённае жыццё стане шляхам у Жыццё Вечнае, калі будзе добраахвотнай ахвярай Богу.
Будуюцца новыя храмы і манастыры, павялічваецца колькасць вернікаў, але і зло праступае праз знешнюю прыстойнасць з нябачнай дагэтуль сілай. Крыж - гістарычны шлях Царквы, а таксама шлях кожнага з нас. Той, хто заклапочаны толькі ўласным дабрабытам, рызыкуе страціць сэнс свайго жыцця, згубіцца ў свеце гэтым, разам з ім пацярпець крушэнне.
Ці не пра гэта незадоўга да рэвалюцыі 1917 года папярэджвалі свяціцель Філарэт Маскоўскі, Ігнацій Бранчанінаў і Феафан Затворнік, святы праведны Іаан Кранштацкі, свяшчэннамучанік Іаан Васторгаў і іншыя нашы пастыры? Здавалася б, Праваслаўе - магутная сіла, і вогненнае выпрабаванне гэта яшчэ раз даказала, але адначасова адкрылася і што такое
"знешняя прыстойнасць і набожнасць". Мы не ведаем, што далей чакае нашу Царкву. Напачатку 20-га стагоддзя ніхто і ўявіць сабе не мог, якім страшным стане яно для Царквы, праз якія ганенні прыдзецца прайсці. Некаторым здаецца, што тыя страшныя часы ўжо мінулі, і Царква заняла сваё пачэснае месца ў жыцці грамадства. Але не трэба забываць, што сітуацыя можа раптоўна змяніцца. Сёння краіна праслаўляе Хрыста і ўсклікае "Радуйся, Цар Іудзейскі" - а заўтра тыя самыя людзі, што віталі Хрыста, аплююць Яго, будуць узводзіць на Яго паклёпы і, як некалі натоўп ізраільцянаў, патрабаваць "Няхай будзе распяты!"(Мф.27:22-25). Менавіта так было ў часы рэвалюцыі.
Зараз, падчас нашага зямнога жыцця, мы яшчэ маем магчымасць выправіць дапушчаныя намі памылкі, пакаяннымі слязьмі змыць ганьбу здрады Хрысту. Калі мы хочам выстаяць у духоўнай вайне, нам неабходна вучыцца ў Госпада, у Божых угоднікаў, у навамучанікаў і вызнаўцаў веры бачанню сваіх грахоў.
Што б ні здарылася з Царквою і з усімі намі ў будучым, не будзем палохацца, а мужна сустрэнем выпрабаванні, наканаваныя Промыслам Божым. Будзем памятаць, што пакуты жыцця гэтага ў параўнанні з Жыццём Вечным нічога не вартыя, а Царства Божае, якое належыць нам дзякуючы крыжовым пакутам і Уваскрасенню Госпада, вечнае.
Збавіцель абяцае, што ніколі вучні Яго не застануцца з бедамі сам-насам. Відавочныя факты царкоўнай гісторыі нагадваюць нам, што, калі хрысціяне былі ганімыя за сваю веру, сярод пакутаў і нават у чаканні лютай смерці яны адчувалі пасхальную радасць прысутнасці Бога побач з імі. Няхай жа Гасподзь дасць усім нам сілы і цярпення ісці тым шляхам, над якім ззяе выратавальнае святло Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Хрыстова. Амінь.