Слова у нядзелю 2-ю Вялікага посту |
Адзначыўшы ў першую Нядзелю Вялікага посту свята Перамогі Праваслаўя над усімі ерасямі, што страсалі Царкву Хрыстову ў першыя стагоддзі яе існавання, цяпер мы святкуем перамогу праваслаўнага падзвіжніцтва над усімі супрацьлеглымі яму вучэннямі. Таму невыпадкова, што менавіта сёння, у другую Нядзелю Святой Чатырохдзесятніцы, якую Святая Царква называе Нядзеляй "святланосных постаў", яна моліць Госпада аб азарэнні і прасвятленні благадаццю Божай усіх тых, хто моліцца, трымае пост і прыносіць пакаянне ў сваіх грахах. Вызначыўшы ў мінулую Нядзелю абожанне як мэту духоўнай працы хрысціяніна, цяпер Святая Царква гаворыць пра яго вынікі, гаворыць пра перамяненне чалавека. У богаслужэнні сённяшняга дня побач са скрухай аб грахоўным стане чалавека прысутнічае ўхваленне посту як шляху да такога ўнутранага азарэння і прасвятлення. Мэта посту, мэта усіх нашых духоўных подзвігаў - пакаяннага, малітоўнага, мэта ўсіх просьбаў нашых, звернутых да Бога, - гэта імкненне да раскрыцця ў нас вобраза Божага, які ўпісаны ў нашу сутнасць рукою самога Творцы. Гасподзь нізпасылае на нас Сваю благадаць. І мы называем яе Боскай, згодна з вучэннем Праваслаўнай Царквы, агучаным святым Грыгорыем Паламам, памяць якога мы сёння ўшаноўваем. На падставе вопыту святых ён вызначыў, што благадаць Усесвятога Духа ёсць Само Бажаство, Якое зыходзіць на чалавека і робіць яго, па словах апостала Пятра, супольнікам божай прыроды (2Пятр.1:4). Гэта вучэнне, заснаванае на ўласным вопыце святых і вопыце ўсёй Царквы ў яе сукупнасці, з'яўляецца, магчыма, самай вялікай нашай радасцю: мы здольныя не толькі стаць духаноснымі ў нейкім пераносным сэнсе, але сапраўды баганосцамі, стаўшы, праз благадаць, далучанымі да жыцця Божага і супольнікамі Божай прыроды. Менавіта малітва, пакаянне, устрыманне і іншыя аскетычныя подзвігі садзейнічаюць асэнсаванню чалавекам таго высокага прызначэння, якое мае кожны з нас. І прызначэнне гэтае - здабыццё збаўлення. Клапоцячыся пра сваё збаўленне, чалавек становіцца далучаным да боскага святла ўжо тут, на зямлі. Ён азараецца, прасвятляецца, адухаўляецца гэтым Няствораным Боскім святлом. Свяціцель Грыгорый і яго спадзвіжнікі, афонскія манахі, даказвалі самім сваім жыццём, што пастаянным ачышчэннем душы, несупыннымі практыкаваннямі ў богамысліі і малітве, абсалютнай маўклівасцю сваіх думак і пачуццяў чалавек здольны дасягнуць азарэння Звыш, убачыць Нястворанае Боскае святло - праяўленне сутнасці Бажаства і яе адлюстраванне - убачыць сваімі цялеснымі вачыма, як было гэта з апосталамі на Фаворы і пры ўсіх іншых выпадках звышнатуральнага Адкрыцця Божага, напрыклад, Маісею і Іліі, старазапаветным праведнікам і святым новага часу. Сутнасць духоўнага жыцця, да якога заклікае нас Святая Царква ў часы Вялікага посту, у тым, каб, перш чым імкнуцца дасягнуць благадаці, Нястворанага Боскага святла, мы навучыліся б супрацьстаяць усялякай няпраўдзе, усякаму граху, усякай марнасці, усякай маркоце; каб мы імкнуліся з усіх сваіх сілаў прыдбаць тыя галоўныя якасці, аб якіх нагадвае нам Царква. Кожнаму чалавеку Гасподзь падае Сваю благадаць, але ў меру здольнасці кожнага прымаць яе. Святыя айцы кажуць, што сапраўдная духоўная праца пачынаецца з ачышчэння ад страсцей, а далей ідзе абожанне - набліжэнне чалавека да Бога. Грыгорый Палама ўказвае нам шлях, па якім мы не ідзем, але можам ісці. Неабходна захоўваць свой язык, розум і сэрца ад усяго дрэннага і грахоўнага, і праз малітву ўзыходзіць да Бога і набліжацца да Яго. Пост - гэта паглыбленне ў сваю ўласную душу з мэтай дасканалага ачышчэння яе ад грахоўнага бруду. А як жа зможа паглыбіцца ў сябе пустаслоў, калі ўсе яго памкненні накіраваныя ў знешні свет, дзе ён шыкуе перад іншымі людзьмі сваімі прамовамі? Пост аднаўляе дачыненні чалавека з Богам. Але як жа здолее пачуць голас Божы ў сваёй душы той, хто пастаянна заняты марнаслоўем і чуе толькі свой уласны голас?! Вось таму і папярэджвае нас святы апостал Іакаў: "кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханні, марудлівы ў словах" (Іак.1:19). Добрае маўчанне, якое сцвярджаў сваім жыццём і сваім вучэннем свяціцель Грыгорый Палама, - гэта і пакланенне перад веліччу слова Божага праз утаймаванне гордага чалавечага языка, якім мы часта імкнемся павучаць тых, хто побач з намі, пры гэтым самі не ведаючы ісціны. Пост дадзены нам, каб раскрыць, прабудзіць і развіць у сабе духоўнае жыццё. Сэнс жыцця ў тым, каб чалавек знайшоў самога сябе. А што значыць "знайсці самога сябе"? Гэта якраз значыць знайсці ў сабе, убачыць у сабе далучанасць да быцця Божага і пабудаваць сваё жыццё так, каб гэтая далучанасць была рэалізавана. Перш чым уваходзіць у высокія сферы духоўнага жыцця, чалавек павінен пачынаць з самага галоўнага: з усведамлення сваёй грахоўнасці, сваіх немачаў перад Богам, з прызнання таго, што без Бога ён не можа нічога. Грэшныя мы і нявартыя тых міласцяў, якія Гасподзь дае нам. Гэта трэба цвёрда зразумець і асэнсаваць і, пазбягаючы ўпадзення ў маркоту, імкнуцца да ачышчэння свайго сэрца. Вось і ў малітве Яфрэма Сірына мы просім Госпада пазбавіць нас ад духу маркоты і дапамагчы ўбачыць свае грахі, каб пакаяцца ў іх перад Богам і не трапляць у іх зноў. Шмат хто з вернікаў лічыць, што яны жывуць звычайным хрысціянскім жыццём. Але, па вялікім рахунку, звычайнага хрысціянскага жыцця не бывае. Святая Царква папярэджвае нас аб небяспецы так званага "сярэдняга" хрысціянства. На жаль, у большасці сваёй мы менавіта такія і ёсць: і не "гарачыя", і не "халодныя". А такі стан чалавечай душы, як вучаць святыя айцы, з'яўляецца грахоўным. Так, канешне, нам, хто пастаянна знаходзіцца ў паўсядзённых клопатах і турботах, у штодзённай побытавай мітусні, нялёгка выратаваць сваю душу, цяжка ісці за Хрыстом, выконваючы Яго запаведзь: "Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною"(Мф.16:24). Не ўсе мы здольныя ў поўнай меры адгукнуцца на гэты заклік Збавіцеля. Але, нягледзячы на гэта, мы абавязаны ў адпаведнасці са сваімі сіламі, што кожнаму з нас дадзеныя ад Госпада, вучыцца таму хрысціянскаму подзвігу, які здзяйснялі усе святыя падзвіжнікі веры і пабожнасці, а не сядзець склаўшы рукі і не плысці па цячэнні, быццам дохлая рыбіна. Па словах святых айцоў, у апошнія часы хрысціяне будуць ратавацца не столькі подзвігам малітвы і посту, колькі цярплівым нясеннем свайго ўласнага крыжу пакутаў і вызнаваннем ісціны з адмаўленнем усякай няпраўды, што запануе ў свеце. Сапраўднае хрысціянскае жыццё вельмі не простае і патрабуе праяўлення нашай настойлівасці, выдаткаў энергіі і волі. Усё павінна быць сабрана ў адзіны кулак: наша вера, наша любоў, наша надзея, наша рашучасць на выкараненне зла са сваёй душы. Ды, на жаль, чаго там граху таіць, як сказаў адзін мудры чалавек: "Нам наканаваныя вялікія памкненні, але здзейсніць - нічога не дадзена". Менавіта так і атрымліваецца ў тым выпадку, калі ў нас няма жадання і настойлівасці ў дасягненні пастаўленай мэты. І як сугучнае з гэтым евангельскае чытанне, прапанаванае нам сёння. Нямоглага чалавека ацаліў Хрыстос. Гэты хворы меў чатырох сяброў, і па веры гэтых людзей, бачучы іх настойлівасць, Збавіцель яго ацаляе. Так, усе мы, браты і сёстры, павінны быць настойлівымі ў дасягненні станоўчых вынікаў у справе свайго духоўнага сталення. Не стаянне на адным месцы, не адыход назад, а рух наперад; хоць на крышачку, хоць ледзь-ледзь, але - наперад. У адпаведнасці са сваімі сіламі мы павінны імкнуцца да дасканаласці - да гэтага заклікае нас Гасподзь. Ператварыцца ў чалавека духоўнага цяжка: неабходна прыкласці вялікія намаганні, каб дасягнуць хаця б невялікіх станоўчых вынікаў. Святая Царква, быццам любячая маці, бярэ кожнага з нас за руку і вядзе па тым шляху, на якім чалавек абавязкова знаходзіць самога сябе ў самым высокім сэнсе слова, знаходзіць далучанасць да быцця Божага ў глыбіні сваёй сутнасці. Прыслухаемся да парады свяціцеля Грыгорыя Паламы: "Пакладзі пачатак свайго жыцця дасканалейшага і абнаві сябе, рыхтуючыся да прыняцця будучых вечных дабрадаянняў". Амінь . |
< Папярэдні | Наступны > |
---|