Разьдзел 13 |
1. I калі Ён выходзіў з храму, адзін з вучняў Яго кажа Яму: "Вучыцель! Глядзі якія камяніцы й якія будынкі". 2. Ісус у адказ сказаў яму: "Ці бачыш гэтыя велічныя будынкі? Не застанецца тут каменя на камені, якія-б ня былі разбураны". 3. I калі Ён сядзеў на гары Аліўнай, насупраць храму, пыталіся ў Яго на самоце Пётра й Якуб і Ян і Андрэй: 4. "Скажы нам, калі гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта ўсё павінна стацца"? 5. Ісус у адказ ім пачаў гаварыць: "Сьцеражэцеся, каб хто не спакусіў вас. 6. Бо шматлікія прыйдуць пад імём Маім, і будуць гаварыць, што гэта Я, і многіх зьвядуць. 7. Калі-ж пачуеце пра войны ці разгалосы пра войны, ня бойцеся, — належыць гэтаму быць, але гэта яшчэ не канец. 8. Бо паўстане народ на народ і дзяржава на дзяржаву, і будуць землятрусы мясцамі й галадоўлі й закалоты, — гэта пачатак злыбедаў". 9. "Высьцерагайцеся-ж вы самі, бо выдаваць будуць вас у судзілішчы, і будзеце бітыя ў сынагогах, ды пастаўлены будзеце прад правіцелямі і ўладарамі за Мяне, на сьветчаньне ім. 10. І ўсім народам перад гэтым мае быць абвешчана Евангельле. 11. Калі-ж павядуць вас, выдаючы, ня турбуйцеся загадзя, што вам гаварыць, і не разважайце, але, што вам будзе дадзена у той час, тое гаварэце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты. 12. І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў сваіх і забіваць іх будуць. 13. І будуць ненавідзець вас усе за Імя Маё; хто-ж выцерпіць да канца, збавёны будзе. 14. Калі-ж пабачыце агіду спусташэньня, пра якую казаў прарок Даніель, паўсталую дзе не павінна быць — хто чытае, няхай разумее — тады, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы. 15. А хто на страсе, няхай ня злазіць у дом, і не ўваходзіць узяць чаго-небудзь з дому свайго. 16. А хто на полі, няхай не варачаецца ўзяць вопратку сваю. 17. Гора цяжарным і карміцелькам немаўлят у тыя дні. 18. Малецеся-ж, каб не давялося ўцякаць вам узімку. 19. Бо ў дні тыя будзе такая бяда, якой ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе. 20. Калі-б Госпад не скараціў дзён тых, не ўхавалася –б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў дні тыя. 21. Тады, калі хто вам скажа: вось тут Хрыстос, — ці — вось там, — ня верце. 22. Бо паўстануць ілжывыя Хрысты ды ілжывыя прарокі, ды пакажуць знаменьні й цуды, каб зьвясьці, калі змога, нават і выбраных. 23. Вы-ж сьцеражэцеся; вось Я наперад сказаў вам усё". 24. Але ў тыя дні, пасьля скрухі тэй, сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго. 25. I зоры будуць падаць зь неба, і сілы нябесныя зрушацца. 26. I тады ўбачаць Сына Чалавечага ідучага на хмарах, зь сілаю вялікаю й славаю. 27. I тады пашле ангелаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх, ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. 28. Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе мякчэюць, і распускаецца .лісьце, ведайце, што набліжаецца лета. 29. Гэтак і вы: калі ўбачыце, што ўсё гэта збываецца, ведайце, што блізка ўжо, пры дзьвярох. 30. Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, калі ўсё гэта станецца. 31. Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. 32. Дня-ж таго, ані часу, ніхто ня ведае: ані анёлы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец. 33. Глядзеце-ж, чувайце й малецеся, бо ня ведаеце, калі настане час. 34. Падобна, як чалавек, пакідаючы дом свой перад падарожжам, даверыў слугам сваім кажнаму ягоную работу й загадаў вартаўніку пры браме быць чуйным. 35. Дык чувайце й вы, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому, — ці ўвечары, ці апоўначы, ці пры сьпеве пеўняў, ці нараніцы. 36. Каб, прыйшоўшы нечакана, не застаў вас заспанымі. 37 А што кажу вам, — усім кажу: чувайце.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|