Першая Нядзеля Вялікага посту называецца Нядзеляй Праваслаўя, або Нядзеляй Перамогі Праваслаўя над усімі ерасямі і, у прыватнасці, над іканаборствам. Іканаборцы, адмаўляючы іконы і святыя выявы, падрывалі асноўны хрысціянскі дагмат аб уцялесненні, сэнс якога ў тым, што Сын Божы стаў сапраўдным чалавекам, а гэта значыць, што мы атрымалі магчымасць яго апісваць і выяўляць. Таму ў гэтую Нядзелю адбываецца пакланенне Нерукатворнаму Вобразу Госпада Бога і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста. Гасподзь сказаў сваім вучням: " Ад гэтага часу ўбачыце неба раскрытае i ангелаў Божых, што ўзыходзяць i сыходзяць да Сына Чалавечага" (Ін.1:51).
І сапраўды, ва ўцялесненні Сына Божага была разбурана сцяна паміж Богам і чалавецтвам, узведзеная грэхападзеннем людзей, і зноў пачаліся дачыненні паміж светам зямным і светам нябесным, бо Бог стаў Чалавекам, каб чалавек мог стаць богам праз благадаць. Праз Іісуса Хрыста, прыняўшага чалавечы вобраз, людзі атрымалі магчымасць аднавіць у сабе вобраз Божы. І Царква, прапаноўваючы ў пачатку Вялікага посту сённяшняе евангельскае чытанне, указвае і на мэту чалавека ў яго пакаянні - на абожанне.
Перамога Праваслаўя першапачаткова была адзначана ў Візантыі ў 842 годзе ў першую Нядзелю Вялікага посту, і, такім чынам, у гэтай падзеі гістарычная падстава яго святкавання .
Іканаборства ўзнікла ў выніку спробы дзяржаўнай улады змяніць рэлігію згодна са сваімі запатрабаваннямі. Таму сёння мы звяртаем увагу на тое, што Царква, паважаючы свецкую ўладу, не павінна, тым не менш, трапляць у залежнасць ад яе. Іканаборства ўзнікла як водгук на загад імператара скасаваць шанаванне ікон і іх выкарыстанне ў рэлігійных абрадах. Сутнасць сённяшняга свята ў сцвярджэнні таго, што лад царкоўнага жыцця павінен вызначацца не моцнымі свету гэтага, а служыць абароне веры нашых айцоў. Царква павінна выразна сведчыць пра сваю прысутнасць у грамадстве, аднак пры гэтым не ператварацца ў нейкую мірскую сілу.
Сёння ўзгадваецца тое дзівоснае ўздзеянне, якое аказалі на імператара Феафіла, праціўніка шанавання святых іконаў, усеагульнае пакаянне, малітва і пост. Здзяйсняемыя за яго ў першы тыдзень Святой Чатырохдзесятніцы, яны даравалі імператару, які перад смерцю пакаяўся ў сваіх ўчынках, прабачэнне грахоў ад Госпада.
У чым жа Перамога Праваслаўя сёння, у наш час, такі далёкі ад дзевятага стагоддзя, калі ўзнікла гэта свята? Перш за ўсё ў тым, што, нягледзячы на жудасныя ганенні, мы не страціла сваю веру, свой літургічны лад. Дагматычнае вучэнне Царквы захавалася непашкоджаным, і яна па-ранейшаму ўтрымлівае тую самую веру апостальскую, веру праваслаўную, якую прапаведавалі Святыя айцы.
Праваслаўная Царква цярпела ганенні і прыгнёт на працягу многіх стагоддзяў з боку і арабаў, і крыжаносцаў, і манголаў, і туркаў, і бальшавікоў ў Савецкай Расіі. Гісторыя ведае і смерць мітрапаліта Філіпа ад рук ката, і ўмарэнне голадам свяціцеля Гермагена, і затачэнне патрыярха Нікана. "Сімфонія" дзяржавы і Царквы ў Расіі была толькі добрым пажаданнем і светлаю мараю. Духавенства знаходзілася пад пастаянным уціскам з боку свецкага чынавенства. Беспрэцэдэнтныя па сваіх маштабах рэпрэсіі былі разгорнуты супраць Рускай Царквы ў дваццатым стагоддзі, калі сотні епіскапаў, дзесяткі тысяч святароў і манахаў, мільёны міранаў былі расстраляныя, мноства храмаў узарвана, усе манастыры і духоўныя школы знішчаны, калі была пастаўлена задача ўвогуле сцерці Царкву з твару зямлі. Але яна выстаяла, захавала сваю веру і сваё адзінства цаною крыві шматлікіх Вызнаўцаў і Новамучанікаў, якія зараз моляцца за нас перад прастолам Божым.
Сёння будуецца і аднаўляецца мноства храмаў - гэта сведчыць аб запатрабаванасці Праваслаўя, аб яго непераходзячай актуальнасці, аб яго жыццяноснасці і духоўнай моцы.
У гэты дзень мы молімся, каб тыя, хто адпаў ад паўнаты царкоўнага быцця, вярнуліся да сапраўднай, жывой веры, прыйшлі да Хрыста і Яго Царквы. У сучасных умовах нам вельмі важна ведаць сваю веру, бо зноў надыходзіць час барацьбы за Ісціну. Некаторыя ўпэўніваюць сябе і нас у тым, што Праваслаўе - гэта нейкая нацыянальная ідэалогія. Мы ж павінны ведаць, што Праваслаўе - гэта пошук жыцця ў Богу і што ўсялякае дзяржаўнае і нацыянальнае ўладкаванне жыцця для нас другаснае. Іншыя кажуць, што Праваслаўе - гэта наша культурная спадчына. Мы ж павінны ведаць, што Праваслаўе - гэта не стварэнне культурных формаў, а сакральнае спасціжэнне і набыццё дара Духа Святога.
Сёння хрысціяне стаяць перад выклікам ваяўнічага бязбожжа. Сёння моладзі ўнушаюцца зняважлівыя адносіны да традыцыйных каштоўнасцей. Кажуць, быццам бы яны выйшлі з моды, аджылі свой век. І таму зараз задача хрысціянаў - нагадваць свету аб спрадвечных ісцінах, якія ніколі не могуць састарэць, а заўсёды застаюцца актуальнымі.
Сёння Гасподзь кліча нас адстойваць ісціну Праваслаўя ад памножыўшыхся прапаведнікаў цемры. Кліча нас Хрыстос, кліча быць падобнымі да святых падзвіжнікаў, што атрымалі ад Яго вянцы славы за сваю непахіснасць у веры. Набыццё ўнутранага спакою Звыш, умацаванне Царства Божага ўнутры сябе - у гэтым задача хрысціяніна ў сучасных абставінах, у гэтым тая сіла воінаў Хрыстовых, аб якую разбіваюцца ўсе варожыя напады на нас. Мы жывем у шчаслівы час, калі як ніколі ясна і зразумела, што свет гэты змагаецца з Хрыстом і імкнецца знішчыць на зямлі і саму памяць аб хрысціянстве. Пры гэтым асабліва важна, што ўсё значэнне гэтай барацьбы раскрываецца не ў чым-небудзь знешнім, а перш за ўсё ў нашых сэрцах. Менавіта тут, па словах Ф.М. Дастаеўскага, ідзе самае сапраўднае і напружанае змаганне паміж Богам і сатаной. Прыгадайце, што Гасподзь кажа: "Царства Божае ўнутры вас." (Лк.17:21). Калі гэта сапраўды так, то і царства дыявала прыходзіць у наш свет толькі таму, што мы носім яго ў сваіх сэрцах.
Адметнай рысай нашага часу з'яўляецца утылітарызм: нам усё роўна, каму маліцца, каму служыць - была б толькі з усяго гэтага нам асабістая карысць. Але чалавечае жыццё - не проста сытае і спакойнае існаванне, а адухоўленае быццё, напоўненае сэнсам і вышэйшай праўдай. А хіба можа быць праведным жыццё, калі ўяўленні ў нас пра яго ілжывыя? Такім чынам, абараняючы Ісціну ад скажэнняў, Царква клапоціцца не аб незразумелых і абстрактных багаслоўскіх ідэях, а пра нашу далучанасць да жыцця вечнага, якое і ёсць веданне адзінага сапраўднага Бога. Таму галоўнае ў Праваслаўі не веданне на памяць зместу Евангелля і асваенне дагматычнага багаслоўя, а далучанасць да таго вопыту, які стаіць за словамі Кнігі Жыцця. А колькі сярод нас тых, хто толькі паводле імя свайго з'яўляецца праваслаўным, а жыве забабонамі, блукае паміж невуцтвам і ерассю, бегае ад аднаго "цудатворцы" да другога і ў храме бывае толькі на ўласным хрышчэнні, вянчанні і пахаванні.
Увесь жах становішча сучаснага чалавека ў тым, што ён не хоча жыць, падпарадкоўваючыся тым законам, якія дадзены яму Богам. Не забывайце пра тое, што не Бог карае нас за нашы грахі, а мы самі, выходзячы за межы тых умоваў, што ствараюцца для нас законамі Божымі, церпім гора і трапляем у палон граху. Але так жа, як у нас саміх знаходзіцца прычына нашых бедаў, гэтак жа ў нашай душы ўтрымліваецца і сродак нашага ацалення - пакаянне.
Нам неабходна памятаць, што праз далучэнне да быцця Божага ў Святой Еўхарыстыі мы можам пакаяннем ачысціць усё тое, што пашкоджана грахом у нашай душы. Пакаянне дадзена нам Богам як лекавы сродак супраць грэхападзення. Гасподзь даў нам магчымасць убачыць і спазнаць Шлях Жыцця і шлях смерці, пры гэтым мы вольныя ў сваім выбары. Давайце ж паспрабуем уважліва прыгледзецца да сябе і спытаць у свайго сумлення: ці не Іудавым шляхам ідзем мы? Хіба тады, калі цалуем выяву нашага Збавіцеля на святой іконе, наш пацалунак не падобны на пацалунак здрадніка Іуды? Хіба рэдка мы свядома робім тыя ўчынкі, што прама супрацьлеглыя таму, што кажа нам нашае сумленне?
Адно з двух: або мы сапраўды змагаемся ў сваёй душы за дадзены нам Творцам вобраз Божы, і тады, як бы ні было нам цяжка, мы будзем імкнуцца да ацалення нашых душ ад хваробы на грэх, або мы прымусім замаўчаць у сваёй душы голас нашага сумлення, і тады зоймем бок "свету гэтага і князя яго".
Гасподзь надзяліў нас магутнай зброяй у духоўным змаганні за Ісціну - гэта пакаянная малітва. Будзем жа маліцца за нашу Святую Праваслаўную Царкву, якой пагражаюць сёння ілжэвучэнні і расколы. Будзем маліцца за нашу Айчыну, каб яна зноў вярнулася да Хрыста і каб тыя нягоды, што зараз пануюць над намі, спрыялі не страчванню людзьмі Богам дадзенага ім розуму, а, наадварот, абуджэнню іх сумлення. Будзем маліцца і за нас саміх, каб у гэтыя дні Вялікага посту здолець нам ацаліцца духоўна. Будзем маліцца і аб тым, каб Гасподзь натхніў нас духам сапраўднай праваслаўнай малітвы і шчырага пакаяннага пачуцця і дазволіў увайсці ў радасць Свайго Уваскрасення. Амінь.