Нядзеля 29-я пасля Пяцiдзесятнiцы. Ацаленне дзесяцi хворых. |
Вера твая ўратавала цябе! Але які сэнс схаваны ў гэтым слове – "вера"? Якая вера? Якое жыццё? Бо і мы таксама верым, але ці так, каб і нам пачуць рашучае слова: "Ідзі, ты ўратаваны!" Кароткае евангельскае слова звернутае да нас – прыйдзі і ўбач, навучыся выратаванню верай. Чалавек без канца падбягае да Бога і патрабуе, патрабуе выгод: шчасця, дастатку, здароўя. Ён падбягае да Бога са сваёй патрэбай, але не жыве Ім, і ўсякі раз, атрымаўшы неабходнае, вяртаецца да звыклага ранейшага грахоўнага жыцця. І гэтая бясплодная мітусня чалавека вакол Бога ўсё часцей і часцей выклікае ў пракажоных душах нараканне на свайго Стваральніка, нараканне на ўсё і на ўсіх. Тады Бог становіцца вінаватым ва ўсім: гэта Ён не адказвае на просьбы-патрабаванні, гэта Ён не дае чалавеку ўсю паўнату жыццёвага шчасця. А тое, што сам чалавек не жыве па загадах Божых і знаходзіцца па-за межамі закона Божага, што ён пажынае горыч разбуранага сваімі ж беззаконнямі жыцця, не прыходзіць яму на розум. Няма ў яго сапраўднай веры, сапраўднага духоўнага жыцця, і не скончыцца выратаваннем жыццёвы шлях яго. Збаўленне чалавека здзяйснялася, здзяйсняецца і будзе здзяйсняцца ва ўсе часы толькі верай і толькі ў Царкве. Ва ўсе часы праказа граху, якая паразіла ўвесь род чалавечы, лечыцца і ацаляецца толькі там і толькі Збавіцелем Богам. Мы зноў і зноў, як іудзеі, патрабуем цудаў. На жаль, надта часта нашы паломніцтвы па святых месцах, нашы паездкі да цудатворных іконаў, нашы пошукі "празорлівых" старцаў не што іншае, як патрабаванне новых доказаў. Нібыта мала нам Крыжа Хрыста, нібыта ужо не пераконвае нас "пот Яго, як кроплі крыві, якія падаюць на зямлю" (Лк.22:44)! Мы прагнем і патрабуем новых цудаў, а на самой справе павінны былі б спалохацца іх, як спалохаўся некалі апостал Пётр цудоўнага ўлова так, што "жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога ўлову рыбы, выцягнутай імі" (Лк.5:9). "Чаго палохацца, – скажа прыхільнік правіл, – трэба падзякаваць і паставіць свечку, ды і ўсё тут"! Зусім як дзевяць пракажоных: сказана паказацца святару, вось мы і ідзем паказвацца! Не! Цуд, які адбыўся ў нас на вачах, патрабуе ад нас іншага жыцця! Ён патрабуе ад нас імклівай змены, неадкладнага пакаяння, адчайнага парыву да святасці. Прасцей кажучы, такога ўчынку, які здзейсніў самаранін, які ачысціўся ад праказы: ён неадкладна забыў усё, "вярнуўся, голасна славячы Бога, і ўпаў ніц да ног [Хрыстовых], дзякуючы Яму" (Лк.17:15-16). Гэта пакаянны крык, гэтае жаданне неадкладна змяніцца. Не той і хрысціянін, хто заклапочаны толькі шуканнем цудаў і здзяйсненнем жэстаў. Перахрысціцца – не значыць памаліцца, паставіць свечку перад іконай – не значыць аддаць сваё сэрца Хрысту. Можна, вядома, паспрабаваць пражыць жыццё "ад гэтых да гэтых", дакладна адмяраючы і блізкім і далёкім меру свайго ўдзелу ў іх праблемах, можна і з Самім Богам свае адносіны пабудаваць такім чынам, як гэта сфармуляваў яшчэ адзін ахоўнік закона: "пашчу два разы на тыдзень, даю дзесятую частку з усяго, што набываю" (Лк.18:12). Можна паспрабаваць, аднак малаверагодна, што такая спроба будзе мець поспех. Наўрад ці у адказ на такі скрупулёзны падлік ўласнай дабрачыннасці рахункавод пачуе гэтак чаканы ўсімі намі адказ: "устань і ідзі, вера твая ўратавала цябе" (Лк.17:19). Вера ратуе, а не дакладны падлік уяўных вартасцяў! Большая за закон, вышэйшая за закон – любоў. Гэта значыць, менавіта любоў, як гэта і было адзначана Хрыстом, з'яўляецца канцэнтраваным выражэннем праўды закона. Мы ведаем, што трэба рабіць, "каб унаследаваць жыццё вечнае" (Мк.10:17). Мы ведаем, што трэба пакінуць, каб асмеліцца ісці за Хрыстом. А сёння мы пазналі, што Гасподзь Міласэрны не толькі "справы прымае, але і намер вітае", таму што не паспелі яшчэ няшчасныя хворыя дайсці да тых, да каго іх накіраваў Хрыстос, як ачысціліся ад праказы! Аказваецца, дастаткова часам проста вырашыцца на нешта, проста адправіцца ў шлях, каб адразу, неадкладна дасягнуць мэты. Ці не ясна з гэтага, што наша непаспяховасць у барацьбе з грахамі паходзіць ад адсутнасці рашучасці, ад гультаяватай марудлівасці, ад таго, што мы ўжо зжыліся, зрасліся з імі, а таму і не можам паверыць у цуд уласнага ацалення. З прычыны малой нашай ўласнай веры, магчыма, і здаецца нам, што Богу, з Яго сусветным маштабам, няма справы да маленькага, няшчаснага чалавека. Аказваецца, ёсць! Таму Бог і становіцца слабым дзіцяткам, таму Ён і памірае на Крыжы, таму і ацаляе зачумленных праказай, таму і стукаецца ў сэрца кожнага чалавека з надзеяй на веру ў адказ, любоў і падзяку. Бог ацаляе нас ад граху. Бог не дае нам трапіць ў роспач, калі ўжо шмат гадоў мы не здольныя перамагчы уласныя заганы і страсці. Бог узнагароджвае нас дзіўнай здольнасцю не адмаўляцца ад намаганняў, ад барацьбы, ад надзеі ў сітуацыях, здавалася б, безнадзейных. Бог даў нам усім, хто тут стаіць, веру. Бог да гэтага часу не адняў яе ў нас, таму што Ён любіць і шкадуе нас, грэшных, і не жадае, каб мы страцілі надзею і загінулі. Бог стварыў Царкву і надзяліў Яе правам "вязаць і вызваляць" – гэта значыць, прабачаць і дараваць грахі, аднаўляць і ўздымаць чалавека, які ўпаў, зноў і зноў даваць яму шанс на вечнае жыццё. Мы павінны набыць такую веру, якая ратуе, а не толькі дапамагае ў нашых зямных патрэбах. Калі мы людзі разважлівыя, калі мы сапраўдныя хрысціяне, то мы разумеем, што, уласна кажучы, толькі такая вера і патрэбна. Такая вера ратуе чалавека, якую ўбачыў Гасподзь Іісус Хрыстос у ацалённым ад праказы: веру, якая прыводзіць да Хрыста, прымушае ісці за Ім, каяцца і плакаць. Усё астатняе, нават і цуды, – гэты толькі сродак для дасягнення сардэчнай веры, веры вялікай, узнёслай і сапраўднай, якая ачышчае чалавека і напаўняе яго сэрца светам і вялікай падзякай Богу. Удзячны Госпаду той, хто любіць Яго ўсім сэрцам, не падзяляе сэрца паміж светам і Богам. Удзячнасць – гэта светлая і радасная сіла ў рэлігійным пачуцці. У ёй адкрываецца бясконцая глыбіня чалавечага сэрца, гатовага спяваць, хваліць і дзякаваць Богу. Калі б мы толькі паставілі сабе задачу, усё сваё зямное жыццё прысвяціць падрыхтоўцы да жыцця нябеснага, то кожнае імгненне зямнога жыцця стала б для нас крыніцай радасці і ўсхвалення Госпада, бо Айцец Нябесны дае нам яшчэ час для ўдасканалення і здабыцця вечнага збаўлення. Любімай малітвай святога Іаана Златавуста былі словы: "Дзякуй Богу за ўсё!" Ганарыстае сэрца не можа дзякаваць Бога, ганарыстае сэрца заўсёды ўзлаванае, яно заўсёды ў збянтэжанасці, яно заўсёды незадаволенае. Сэрца ганарлівага не ведае духоўнай радасці – найвышэйшага шчасця. Толькі змірэнным адкрываюцца таямніцы Божыі і таямніцы любові Божай, толькі змірэнны можа дзякаваць Богу за ўсё. Мы ўсе грашым няўдзячнасцю, таму што надзвычай прывязаныя целам сваім, жаданнямі сваімі да зямлі. Як рэдка бывае, што мы ўсім сваім сэрцам і душой звяртаемся да Бога і менавіта Яму дзякуем за тое, што нам дадзена. Гэта вельмі важны момант, момант удзячнасці Богу, дзеля якога мы збіраемся ў храме. Богаслужэнне так і завецца: Еўхарыстыя – гэта значыць Падзяка. І сёння Царква гэтым чытаннем звяртае ўвагу на тое, што ўдзячнасць павінна зыходзіць з нашага сэрца, з нашай душы і нашага цела. Гэтая ўдзячнасць адносіцца непасрэдна да Бога, і адзіная магчымасць, калі мы можам гэта зрабіць, – Еўхарыстыя. Але гэта таксама і наша з вамі, чалавечая справа, таму што мы, па сваёй волі, па сваім шчырым жаданні, збіраемся разам, каб падзякаваць Богу за ўсе Яго дабрадзействы, за ўсе Яго ацаленні, за ўсё тое, што Ён дае нам у жыцці. Дай Бог, браты і сёстры, каб усё наша жыццё было несупыннай падзякай Богу за Яго незлічоныя міласці да ўсіх нас. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|