Нядзеля 27-я пасля Пяцiдзесятнiцы. Пра скрыўленую жанчыну. |
Сёння, браты і сёстры, мы чулі евангельскае апавяданне пра цуд, які здзейсніў Гасподзь і Збавіцель наш Іісус Хрыстос. У дзень суботні ў сінагозе падчас малітвы сабралася мноства людзей, і сярод іх знаходзілася жанчына, якая хварэла на працягу васемнаццаці гадоў. Як апавядае апостал і евангеліст Лука, яна пакутавала хваробай скрыўлення пазваночніка: была скурчаная. Жанчына, якая на працягу васемнаццаці гадоў не магла выпрастацца зусім, была вылечаная боскай сілай Госпада Збавіцеля. Гэты выпадак, расказаны евангелістам Лукой, нагадвае нам аб цудоўным ацаленні, што адбываецца з кожным чалавекам, які на сваім жыццёвым шляху сустракае Хрыста. Жыццё многіх з нас у гэтым свеце складаецца так, што паступова, з гадамі мы згінаемся пад цяжарам ускладзенага на нас грузу. Гэта можа быць груз зямных клопатаў, перажыванняў, невырашальных праблем; гэта можа быць той крыж, які апынуўся на нашых плячах, – напаткаўшая нас хвароба і ўсе тыя жыццёвыя выпрабаванні, якія выпалі на нашу долю; гэта могуць быць грахі, з якімі мы не ў сілах справіцца. Пад цяжарам усяго гэтага мы згінаемся. Часам нам падаецца, што акрамя той цяжкай зямной сітуацыі, у якой мы знаходзімся, нічога больш на свеце не існуе. Скурчаная жанчына, пакуль Гасподзь не ацаліў яе, бачыла толькі маленечкі кавалачак зямлі пад нагамі. Сапраўды, гэтак жа і мы часта не здольныя бачыць тое, што вышэй за нас, або нават тое, што на адным узроўні з намі, а бачны толькі змешчанае ў нас пад нагамі. Схіліўшыся да зямлі, мы не бачым неба. Пагружаныя ў зямныя справы і клопаты, мы забываем пра тое, што, апрача таго маленечкага кавалачка зямлі, які знаходзіцца перад намі, існуе яшчэ штосьці бясконца больш вялікае і прыгожае – Царства Нябеснае, да якога ўсе мы закліканыя, бо кожнаму з нас у ім прыгатавана адпаведнае месца. Прыходзячы ў царкву, мы маем магчымасць дакрануцца да гэтай вышэйшай, іншай рэальнасці ў сваім уласным жыццёвым вопыце. Царква дапамагае нам духоўна выпрастацца, забыць аб зямлі, успомніць пра неба, адмовіцца ад матэрыяльнага і далучыцца да духоўнага . Нярэдка людзі згінаюцца пад цяжарам уласных грахоў. А бывае, што яны схіляюцца да зямлі пад цяжарам пакаяння ў здзейсненых грахах. Перажываемае імі пакаяннае пачуццё ў здзейсненых грахах не дае ім сіл да выпраўлення, не натхняе на подзвіг маральнага самаўдасканалення, на выкананне запаведзяў Божых, на актыўнае здзяйсненне добрых справаў, але толькі ўводзіць у яшчэ большую маркоту, чым у тую, у якой яны знаходзіліся да таго, як усвядомілі свае грахі. У такім "пакаянні" крыецца пэўная духоўная памылка. Часам гэты вялікі і непасільны цяжар бывае не толькі ад нягод, хваробаў і грахоў, але бывае і ад так званага лжывага пакаяння. Часта здараецца, што, калі чалавек пачынае ўсведамляць сваю віну перад Богам, разам з разуменнем немагчымасці жыць з грахом (бо чалавек, які жыве ў граху, памірае духоўна) прыходзіць маркота і роспач. У гэтым стане вельмі лёгка чалавеку саступіць з правільнага шляху. Вось саграшыў чалавек, і, замест таго, каб, усвядоміўшы свой грэх, прыйсці да Бога з пакаяннем і просьбай аб прабачэнні (я ведаю, Госпадзі, што Ты прыйшоў на зямлю, каб выратаваць мяне грэшнага!) замест надзеі на міласць Божую, на ацаленне душэўных ран, мы прыгнятаем сябе думкай, што няма нам прабачэння і даравання нашым грахоўным учынкам. І гэты страшны стан можа прывесці да непапраўных наступстваў. Успомнім вобраз Іуды Іскарыёцкага. Ён усвядоміў свой грэх, ён сам сказаў, што саграшыў, прадаўшы кроў нявінную (Мф. 27:4). Ён пайшоў і кінуў гэтыя няшчасныя трыццаць срэбранікаў першасвятарам. І усё! Але цяжар граху працягваў яго прыгнятаць, і да чаго ён прывёў Іуду, мы добра ведаем. Ён прывёў яго да шыбеніцы, на якой ён павесіўся сам, адмовіўшыся ад гэтага жыцця (Мф. 27:5). У прападобнага Ісаака Сірына мы знаходзім вельмі важныя і вельмі павучальныя для нас словы: "Ніякі чалавечы грэх не можа перамагчы міласэрнасць Божую". Гэта мы павінны добра засвоіць. Мы павінны верыць і спадзявацца, што пры кожным звароце да Бога з пачуццём шчырага пакаяння, з просьбай аб памілаванні, аб ацаленні душы ад тых шматлікіх ран, якімі яна пашкоджаная, кожны з нас сапраўды атрымае прабачэнне, а значыць і ацаленне ад Бога. Той жа прападобны айцец Царквы гаворыць, што ўсе нашы грахі, разам узятыя, ёсць жменя пяску, кінутая ў акіян міласці Божай, дзе яна знікае бясследна. Таму, памятаючы гэтыя словы, не будзем адчайвацца, але будзем спадзявацца на міласэрнасць Божую, на тое, што Гасподзь любіць кожнага з нас і гатовы дараваць кожнаму з нас нашы грахі. Гасподзь здзяйсняе цуд ацалення гэтай жанчыны ў суботу. Субота для іудзеяў, у адпаведнасці з запаведдзю Божай, была днём спакою. На першы погляд, начальнік сінагогі, пэўна, не выпадкова, асуджаючы ўчынак Хрыста, гаворыць, што не належала здзяйсняць гэты цуд у суботу, бо для гэтага існуюць іншыя дні тыдня. Але мы чуем, што Гасподзь, звяртаючыся да яго, называе яго "крывадушнікам". Мімаволі ўзнікае пытанне: чаму Гасподзь называе начальніка сінагогі "крывадушнікам", бо каму, як не начальніку сінагогі, неабходна было сачыць за дакладным і няўхільным выкананнем Божых запаведзяў? Крывадушнікам гэты чалавек названы таму, што за знешнім выкананнем "літары закона", на жаль, ён забыў пра галоўнае. Гэта і наша з вамі бяда. І мы часам за знешнім не бачым галоўнага, не заўважаем унутранай сутнасці таго, што мы павінны выканаць. Звернем увагу на нашу споведзь. Уся наша праблема складаецца ў тым, што за знешнім мы не бачны галоўнага. Мы гаворым, што парушылі пост, пакаштаваўшы скаромную ежу, а пры гэтым забываем, што ў пост асуджаем іншых, робім зло людзям, забываючы, што Бог ёсць любоў, а таму толькі любоў і павінна быць у нашым жыцці, а не нянавісць, злосць, зайздрасць, раздражненне. За адсутнасць любові нас будзе судзіць Гасподзь, а не за ежу, якую мы з'елі. Адзін з багасловаў, разважаючы на гэтую тэму, пісаў: "Пост, які, безумоўна, святы і неабходны, парою становіцца нейкімі забабонамі, таму што знешняе прытрымліванне яго для некаторых аказваецца больш важным, чым той плён, які гэты пост павінен прынесці". Задумаемся над гэтымі словамі. Сапраўды, знешняе выкананне паста для нас часам з'яўляецца больш важным, чым той плён, які мы павінны прынесці, выконваючы пост. Вось і зараз усе мы перажываем дні посту перад святам Нараджэння Хрыстова. Вядома, можа быць, яшчэ не такі доўгі час доўжыцца гэты пост. Яшчэ цэлы месяц да светлага свята Нараджэння Хрыстова, і, пэўна, яшчэ ёсць час для прынясення плёну посту. Але давайце спытаем саміх сябе: што змянілася за гэтыя дні ў маім жыцці? Ці стаў я лепшым? Ці стаў я больш добрым? Ці сапраўды я імкнуся да ўстрымання ад усякага зла і граху, або як жыў да посту, так жыву і сёння? Можна з упэўненасцю сказаць: адзінае, што змянілася ў нас, – гэта тое, што мяса і малако мы перасталі ўжываць у ежу ў гэтыя дні. А астатняе – усё тое ж самае. Вось і атрымліваецца, браты і сёстры, што знешняе мы выконваем, а вось унутранае зразумець не жадаем. Мы забываем, што пост для нас не самамэта, пост – толькі дапаможны сродак для таго, каб кожны меў магчымасць у гэтыя дні, у гэты невялікі перыяд нашага жыцця звярнуцца да Хрыста і прыкласці ўсе намаганні для таго, каб Гасподзь быў у нашым сэрцы. А таму, ці не да нас адносяцца словы, з якімі Гасподзь звяртаецца да начальніка сінагогі? Ён называе гэтага чалавека "крывадушнікам". Каб зразумець, што такое крывадушнасць, дарэчы ўспомніць словы аднаго са свяціцеляў нашай Царквы, вызнаўцы веры ХХ стагоддзя, архіепіскапа Лукі Война-Ясенецкага. Ён, разважаючы аб крывадушнасці, гаворыць: "Крывадушнасць – гэта тое, што ўласціва многім з нас. Крывадушнік – гэта той, хто выдае сябе не за таго, які ён ёсць на самой справе. Крывадушнік – гэта той, хто носіць маску набожнасці, а ў душы сваёй пазбаўлены яе. Крывадушнік – гэта той, хто быццам бы любіць свайго бліжняга, гаворыць яму добрыя, ліслівыя словы, а ў душы сваёй утойвае нянавісць да яго, куе зласлівыя ковы супраць яго. Крывадушнік – гэта той, хто хавае ад людзей усе ліхія, злыя, чорныя рухі душы сваёй, усе кепскія думкі і гаворыць з імі так, быццам бы любіць іх, прыкідваючыся чыстым сэрцам, і не мае супраць іх нічога злога ў душы сваёй". З усяго сказанага, браты і сёстры, можна зрабіць прастую выснову: крывадушнасць – гэтая неадпаведнасць паміж знешнім выглядам і ўнутраным зместам. Па словах аднаго сучаснага прапаведніка : "Апранаецца ва ўсё чорнае, і чэткі на руцэ, як кола, круцяцца, а злая, як сабака". І сказана гэта не ў брыво, а ў вока. Сапраўды, імкнемся мець прыстойнае і набожнае аблічча, а ўсярэдзіне " падобныя да пабеленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касцей мерцвякоў і ўсялякага бруду" (гл. Мф.23:27). Не дай Бог, браты і сёстры, быць падобнымі да гэтых пабеленых магілаў. Не ў гэтым наша прызначэнне. І яшчэ адну страшную загану дэманструе нам сёння Евангелле. Начальнік жа сінагогі, маючы ў сэрцы сваім прыхаваную зайздрасць да Збавіцеля, бачачы, якой павагай Ён карыстаецца сярод народа і з якой любоўю ставіцца да Яго народ, абурыўся супраць цудоўнага ацалення няшчаснай жанчыны Сынам Божым. На гэтым прыкладзе мы ўбачылі, якім чынам дзейнічаюць зайздроснікі, што хочуць паказацца людзьмі, якія дбаюць аб агульнай карысці і парадку. На самой жа справе яны ўтойваюць у сваім сэрцы агідную крывадушнасць. Добрыя людзі радуюцца дабрабыту тых, хто побач з імі, благаслаўляюць дабрадзеяў і славяць Бога. Злыя ж і зайздросныя людзі з затоенай варожасцю ставяцца да дабрабыту іншых, не могуць трываць нічыёй перавагі, не радуюцца нічыёй радасці, а наадварот, імкнуцца перашкодзіць дабрабыту астатніх. А калі не ў сілах гэтага дасягнуць, то імкнуцца любымі сродкамі і інтрыгамі зняважыць і зняславіць не сваю добрую справу, перайначваючы ўсё ў худы бок. Быццам краты, якія мяшкаюць пад зямлёй і не здольныя бачыць свет Божы, зайздросныя людзі падкопваюцца пад саму сутнасць дабрадзейнасці, абы каго-небудзь зганьбаваць. І няма на зямлі добрай справы, якую б не імкнулася азмрочыць зайздрасць. Усяму добраму і святому дае зайздрасць імёны нявартыя з адзінай мэтай: зняважыць шаноўных і прыстойных годных людзей, пазбавіць іх любові і павагі іншых, якімі яны карыстаюцца па справядлівасці. Гэтае пачуццё нараджае страшныя заганы: нянавісць, зламоўе, пагарду, вераломнасць, падман, забойствы… Таму зайздрасць ёсць корань усякага зла. Калі іншае зло мае пэўную мяжу, то зайздрасць мяжы не мае, – яна ёсць выключнае зло, бязмежны, бясконцы грэх, – як гавораць святыя айцы. Калі б не было зайздрасці, то цішыня і спакой панавалі б сярод нас. Прынесці карысць іншаму чалавеку было б для нас сардэчным задавальненнем, бачыць шчасце брата было б нашым шчасцем. Калі б не было зайздрасці, нашымі дзеяннямі і жаданнямі кіравала б толькі любоў, якая ўсім жадае дабра. Але дзе зайздрасць, там ліха, там усё благое і дрэннае. Зайздроснік, як начны злодзей, падкопвае, руйнуе дабрабыт таго, хто побач з ім, і толькі тады супакойваецца, калі дасягае сваёй мэты. Пазбавіць каго-небудзь шчасця, убачыць яго ў пакутах і нястачы – вось мэта, да якой імкнецца зайздрасць. Хлусня, паклёп, падман, нізкае пранырства, выслугоўванне перад больш моцнымі і магутнымі – вось уласцівасці зайздрасці. Шмат зла і шкоды прыносіць яна грамадству, імкнучыся нашкодзіць людскому шчасцю, руйнуючы хрысціянскі уклад жыцця паміж людзьмі. Гісторыя Царквы ведае мноства прыкладаў жудасных злачынстваў, учыненых пад уплывам гэтай заганы. З прычыны зайздрасці Каін забівае свайго брата Авеля; браты Іосіфа, зайздросцячы яго знешняй і ўнутранай прыгажосці, прадаюць яго ў рабства; першасвятары і фарысеі, рухомыя зайздрасцю да Збавіцеля, абгаварыўшы і зняважыўшы Яго, здзяйсняюць жудасны грэх богазабайства. Зайздрасць – гэта іржа, якая знішчае душу зайздросніка. Зайздросны чалавек ні днём, ні ўначы не мае спакою, заўсёды і ўсім незадаволены, наракае на ўсё, часты гнеў і лютая злосць мучаюць яго. Святыя айцы гавораць: "Калі бачыце чалавека, які ў чым-альбо пераўзыходзіць вас, не давайце месца зайздрасці, а ўзнясіце цёплую малітву да Госпада, каб ён умацаваў і памножыў яго дабрадзейнасці, тады і вас Гасподзь не пакіне Сваёю міласэрнасцю і любоўю". Тым жа, якія ўжо пашкоджаныя гэтай гнюснай заганай і жадаюць ад яе пазбавіцца, святыя айцы раяць забіць маці гэтай страсці – гардыню. А святы апостал Павел рэкамендуе набываць і захоўваць любоў, таму што "любоў не зайздросціць" (1 Кар.13:4) – і тады зайздрасць знікне сама сабою. Пастараемся, узлюбленыя, мець спакой паміж сабой. Памолімся Госпаду, каб Ён дараваў, зацвердзіў спакой паміж намі і каб мы маглі пазбавіцца ад гнюснай заганы зайздрасці і пазбегнуць пакарання ад Госпада на Яго страшным і справядлівым Судзе Усе мы з вамі перажываем дні посту перад святам Нараджэння Хрыстова. Час посту – гэта час стараннай малітвы, час шчырага пакаяння. Хацелася б, каб кожны з нас, бачачы сябе пахілым пад цяжарам граху, першым чынам, спяшаўся ў храм, спяшаўся да Хрыста, верачы і ведаючы, што гэтак жа, як Гасподзь ацаліў евангельскую жанчыну, Ён ацаліць і нас, калі мы шчыра, чыстасардэчна, з глыбіні свайго сэрца і душы звернемся да Бога. А таму, якую выснову мы павінны зрабіць? Царква, менавіта Царква, дае нам магчымасць засяродзіцца не на сабе, а на Богу. Менавіта Царква дапамагае ўсвядоміць чалавеку сваю нявартасць і грахоўнасць. Няма іншага чалавека, які мог бы быць роўны мне ў грахах, – так кожны з нас павінен думаць пра сябе. Але Царква дае чалавеку таксама і радасць усведамлення даравання грахоў, радасць вызвалення ад граху, радасць адчування любові Божай, радасць дабрадзейнай цішыні і спакою. Будзем памятаць, што толькі ў Царкве мы можам чэрпаць неабходныя сілы, як піша апостал Павел у Пасланні да Эфесянаў, для таго, каб узрастаць "у меру поўнага ўзросту Хрыстова" (4:13). Таму што толькі тут, у Царкве, здзяйсняюцца святыя Таінствы Хрыстовы. І кожны з нас у гэтыя дні посту, калі пасціцца наша цела, пасціцца наша душа, павінен абавязкова звярнуцца да вялікага і выратавальнага Таінства Святога Прычашчэння. Але пры гэтым, вядома, трэба памятаць, што да гэтага Таінства неабходна належным чынам рыхтавацца. Не проста, выпадкова забегшы ў храм, прычасціцца (таму што, гавораць, без гэтага нельга), а перад гэтым фармальна паспавядацца. Вядома, лепш так, чым ніяк! Але гэтага далёка не дастаткова. Неабходна са страхам і трапятаннем, з усведамленнем неабходнасці гэтага Таінства не толькі для нашага зямнога жыцця, але і для жыцця будучага, з любоўю і ўдзячнасцю да Госпада за Яго клопат і любоў да нас, грэшных людзей, прыступаць да прычашчэння Святых Дароў Цела і Крыві Хрыстовай. Пра гэта мы заўсёды павінны помніць, пра гэта зноў і зноў сёння нагадвае нам Святая Праваслаўная Царква тым евангельскім чытаннем, якое было прапанавана нашай увазе. Вось той урок, які ўсе мы павінны з карысцю для сябе ўсвядоміць. Дай Бог, браты і сёстры, каб мы не забывалі аб нашым высокім прызначэнні. Дай Бог, каб мы памяталі, што нам прыгатавана Царства Нябеснае, і кожны з нас перш за ўсё павінен імкнуцца да яго, і ад нас залежыць, ці заслужым мы сваім зямным жыццём вечную асалоду ў Царстве Божым. Пры гэтым мы павінны памятаць: тое, што немагчыма для чалавека – магчыма Богу. І тут на дапамогу нам прыходзіць Святая Царква з яе Таінствамі і свяшчэннадзействамі. Дык будзем удзячныя Богу за Яго міласэрнасць і любоў да нас. Будзем удзячныя Царкве за тое, што яна нікога не адштурхвае ад сябе, а з радасцю прымае кожнага, хто ўваходзіць у яе, і кожнаму гатова даць усё тое, што яна мае. Будзем несупынна дзякаваць за гэта Богу ў нашых малітвах і спадзявацца на тое, што Гасподзь заўсёды ацаліць нас ад скурчанасці і прыгнечанасці цяжарам нашых грахоў, калі мы будзем шчыра і сардэчна звяртацца да Яго. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|