Нядзеля 22-я пасля Пяцiдзесятнiцы. Прытча пра багача і Лазара.
Браты і сёстры! Сёння вы чулі евангельскую прытчу пра багацея і Лазара (Лк.16:19-31). Быў нейкі багаты чалавек.У Евангеллі нават не узгадваецца яго імя. Імя – гэта духоўная, містычная сувязь чалавека з нябесным светам. Імя у часы Старога Запавету давалася дзіцяці на восьмы дзень яго жыцця, які сімвалічна азначаў вечнасць.
Багацей страціў жыццё вечнае, яго імя было выкрэслена з нябеснай Кнігі жыцця. Ён страціў сваю душу, і таму Евангелле не называе нам яго імя. Яно толькі кажа нам: ” Жыў адзін багаты чалавек.” (Лк.16:19) Гасподзь нібы кажа нам: у кожнага чалавека ёсць імя, дадзенае яму Богам. Гэтае імя змяшчае ў сабе мэту існавання чалавека, яго пакліканне аднавіць у сабе вобраз Божы праз здзяйсненне дабра. І чалавек можа або рэалізаваць Боскую задумку адносна яго, якая першапачаткова ўтрымліваецца ў яго імені, быццам у зародышы, або не рэалізаваць. Калі чалавек здолеў яе рэалізаваць, здолеў вырасці ў поўную меру ўзросту Хрыста, то пасля смерці Гасподзь сустрэне яго, пазнае і пакліча па імені, як і на Страшным Судзе Ён пазнае тых, хто застаўся адданым Яму да канца. Калі ж чалавек гэты патэнцыял не рэалізаваў, свайго прызначэння не ўсвядоміў і не выканаў, калі ён не вырас у тую меру, у якую павінен быў вырасці, калі не жыў, згодна з Запаведзямі Божымі, то ў іншы свет ён пераходзіць быццам безыменны. Такім людзям Гасподзь кажа: “Адыдзіце ад Мяне ўсе, хто робіць беззаконні, Я не ведаю вас.” У прытчы жабрак названы па імені, а багацей не названы менавіта таму, што адзін выканаў сваё прызначэнне, а другі – не.
Свяціцель Іаан Златавуст піша: ” ,Рэдка багацце здабываецца сумленным шляхам. Золата пакрыта брудам і чалавечай крывёю.” У Евангеллі напісана, што багацей “ штодзённа бліскуча баляваў ”.
І ў гэты ж час каля ўваходу ў палац багацея ляжаў жабрак – хворы, цела якога скрозь было пакрыта балючымі струпамі, апрануты ў лахманы, што нават цалкам не закрывалі яго цела. Ляжаў ён, пакутуючы летам ад спёкі, а зімой ад марозу. Евангелле ўзгадвае, што ляжаў ён пад самымі варотамі палаца, каб падкрэсліць неміласэрнасць багацея, які кожны дзень праходзіў каля яго, але нават позірка свайго не хацеў скіраваць у бок жабрака, што прагнуў хаця б астаткамі ежы са святочнага стала наталіць свой голад, ды слугі багацея былі такімі ж жорсткімі і неміласэрнымі, як і іх гаспадар. Ніхто не звяртаў увагу на няшчаснага пакутніка. Толькі сабакі падыходзілі і злізвалі гной з яго ранаў.
Імя жабрака было Лазар, што азначае дапамога Божая. Відаць, на гэтым чалавеку была асаблівая сіла і дапамога Божая. Многім з нас незразумела, пра якую менавіта дапамогу Божую можа весціся гаворка? Ён усё жыццё сваё быў хворым, галодным, ляжаў на зямлі. Быццам увесь свет быў супраць яго, і неба не чула яго малітваў.Пра якую ж дапамогу Божую можна тут гаварыць?
Бог жадае нашага збаўлення. Ён хоча, каб ніхто з нас не загінуў. Бог нас любіць, значыць, Бог клапоціцца пра нас. Тыя, хто вывучаў Катэхізіс, ведаюць, што ў свеце дзейнічае Промысел Божы – несупыннае дзеянне усемагутнасці і дабрыні Божай. Несупыннае – гэта значыць, якое ніколі не спыняецца, ні на адно імгненне, ні на адну секунду! Гэтае несупыннае дзеянне ўсемагутнасці і дабрыні Божай праяўляецца ў жыцці кожнага чалавека. Калі Гасподзь мяне любіць, калі Ён клапоціцца пра мяне, тады ўсё, што здараецца са мною, адбываецца для майго ж выратавання. А калі ўсё адбываецца для майго ж выратавання, тады чаму я супрацьпастаўляю сябе гэтаму? Чаму я не згаджаюся з гэтым? Чаму я не задаволены гэтым? Чаму я хачу ад гэтага адмовіцца?
Калі цела жабрака ляжала на зямлі, душа Лазара вяла барацьбу з трыма волатамі, якія пануюць у свеце і ўвесь час змагаюцца супраць нас. Гэтыя волаты – асуджэнне, нараканне і адчай.
І ў гэтай духоўнай барацьбе Лазар атрымаў бліскучую перамогу. Свяціцель Іаан Златавуст гаворыць: ” Лазар быў святым і праведным таму, што не асуджаў нікога: ні неміласэрнага і пыхлівага багацея, ні людзей, якія праходзілі побач з ім і не заўважалі яго, асужаючы тым самым жабрака на галодную смерць.” Лазар ніколі не наракаў, а дзякаваў Богу за свой лёс і, магчыма, за свае пакуты. Галеча і занядбанасць былі тым крыжам, які ён нёс усё жыццё…Лазар не паддаваўся адчаю, а маліўся за ўвесь свет, бо сярод усіх пакутаў і выпрабаванняў Гасподзь суцяшае абраных Сваіх нябеснай радасцю, перад якой усе часовыя асалоды летуценнага зямнога жыцця – нішто.
Але вось прышоў час – і Лазар памёр. Раніцай людзі ўбачылі акачанелы труп жабрака. Паклікалі рабоў, і тыя гідліва, баючыся дакрануцца да цела, скрозь пакрытага струпамі, завярнулі яго ў дзяругу і панеслі на могілкі,дзе хавалі бяздомных, а там кінулі ў яму, што служыла агульнай магілай.
Але свет не ведаў, што ў момант смерці Лазара ангелы Божыя зышлі да яго з нябёсаў і беражліва, як маці трымае на руках сваё дзіця, узялі душу пакутніка і аднеслі яе туды, дзе знаходзіўся Аўраам і іншыя праведнікі Старага Запавету.
І яшчэ на адзін момант хацелася б звярнуць вашу ўвагу: як гаворыць Хрыстос пра смерць гэтых двух людзей. Хто памірае спачатку? Аказваецца, спачатку памірае не багацей, а спачатку памірае Лазар. Паўстае пытанне: а чаму так, чаму менавіта Лазар памірае першым? Здавалася б, якая розніца, хто з іх памрэ першым? А розніца вялікая. І розніца гэтая вось у чым: Лазар памірае першым, каб багацей бачыў смерць і самому сабе задаў пытанне: "А я вечны ў гэтым жыцці або гэтак жа, як Лазар, услед за ім развітаюся з зямным жыццём і пайду туды, у вечнасць?" Бачыў багацей смерць Лазара, але, на жаль, нічога ў яго жыцці не змянілася. У нашым жыцці мы часта сустракаемся са смерцю: гэта і смерць нашых родных і блізкіх, гэта і смерць нашых калегаў, гэта і смерць нашых суседзяў, гэта і смерць многіх і многіх іншых людзей. Мы маем магчымасць бачыць, што наша жыццё тут кароткачасовае, усе мы тут, кажучы словамі святых айцоў, у гасцях, і наступіць час, калі ўсе мы адгэтуль пойдзем, ніхто тут з нас не застанецца. Пройдзе час, і з тых, хто тут стаіць, застануцца адзінкі. Усе пойдзем з гэтага жыцця. І Гасподзь нам пастаянна пра гэта нагадвае. А што пры гэтым мяняецца? Мы бачым труну, бачым памерлага чалавека, а працягваем жыць так, як жылі: не каемся, не просім у Бога прабачэння за тыя шматлікія грахі, якія здзяйсняем, а наадварот, яшчэ дадаем новыя грахі да тых, якія былі на нашым сумленні да гэтага. І атрымліваецца, як у гэтай прытчы: памёр Лазар, каб багацей змяніўся, а змены ні ў яго, ні ў нашым жыцці няма.
Памёр і багацей. Яго пахавалі з усімі належнымі рытуаламі.На пахаванні прысутнічала шмат людзей, але не было там ангелаў – неба захоўвала маўчанне. Прышлі сябры, каб папіраваць апошні раз, прышлі сваякі, каб падзяліць атрыманую спадчыну. Сабраўся цэлы натоўп, каб паглядзець незвычайнае відовішча – пахаванне багатага чалавека.
Памёр Лазар, і памёр багацей. Але для першага смерць стала салодкім сном, які прынёс збаўленне ад пакутаў і стаў пачаткам новага жыцця, а для другога – страшэннай чорнай ямай, дзе пануе цемра.
І вось багацей узвёў свае вочы і ўбачыў Лазара разам з Аўраамам. І стаў ён тады маліцца: ” Ойча Аўрааме, злітуйся нада мной і пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся я ў полымі гэтым .”(Лк.16,24)
У сакральнай сімволіцы вада азначае благадаць Божую. Як жадаў пры сваім зямным жыцці Лазар наталіць голад хаця б крошкамі, што падалі са стала багацея, так цяпер багацей, быццам самы сапраўдны жабрак, просіць, каб Лазар прынёс яму хоць некалькі кропель вады, хоць крышачку благадаці.
Багацей апранаўся пры жыцці ў пурпур і вісон, Лазар – у аборваныя лахманы, а цяпер багацей ахутаны з усіх бакоў вечным змрокам, а Лазар – нябесным, райскім святлом. Пры жыцці багацей узлягаў на дарагім, расшытым шоўкам ложы, а Лазар валяўся ў прыдарожным пылу. Цяпер Лазар знаходзіцца на ўлонні Аўраама, а багацей у пякельным полымі, якое апякае, але не свеціць, працінае наскрозь душу болем, разгараецца ўсё мацней і мацней.
Прападобны Ісаак Сірын гаварыў, што пякельная пакута – гэта раскаянне чалавека ў тым, што ён не зрабіў, у тых грахах, за якія пры жыцці ён не прынёс пакаяння. Раскаянне ў будучым жыцці бясплоднае, яно ўжо не можа дапамагчы чалавеку, бо ў іншым свеце ў нас адымаецца магчымасць адкупіць свае грахі добрымі справамі. Менавіта гэтае бясплоднае раскаянне і сімвалізуе няўтольная смага.
І Аўраам гаворыць багацею: ”Сыне, прыпомні, што ты атрымаў ўжо даброцці твае ў жыцці тваім, а Лазар – злое; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш.(Лк.16,25) Цяпер ты тут пакутуеш, а ён радуецца, таму што сапраўднае шчасце ты прамяняў на часовае задавальненне, ты паспытаў чашу знешне прывабнага салодкага граху, і чаша гэтая цяпер для цябе горшая за горкі палын, а Лазар з годнасцю перанёс усе выпрабаванні, якія, бачучы мужнасць і моц яго душы,паслаў яму Гасподзь, і цяпер ён узнагароджаны як переможца, цяпер ён увайшоў у радасць вечную.”
Багацей просіць: ” Прашу цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго, – бо маю пяць братоў, – каб засведчыў ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакутаў.”(Лк.16,27 – 28) Кажа яму Аўраам: ”Яны маюць Маісея і прарокаў, хай слухаюць іх.”(Лк.16,29), – інакш кажучы, яны чуюць і ў Храме, і ў сваіх малельных дамах словы Маісея і іншых прарокаў у чытаннях з Бібліі. Аднак з жыцця багацея мы не бачым, каб ён хоць адзін раз наведаў храм Божы. Замест малітваў у доме багацея гучалі п’яныя спевы, замест чытання Святога Пісання – рогат і кашчунствы.
Зноў гаворыць багацей: ” Не, ойча Аўрааме, але калі хто з памёрлых пойдзе да іх, пакаюцца.”(Лк.16,30) Але Аўраам адказвае: ”Калі не слухаюць Маісея і прарокаў, дык каб і хто з мёртвых паўстаў, не павераць.”(Лк.16,31) Яны могуць сказаць, што памёр не Лазар, а нехта падобны на яго, або што ён знаходзіўся ў летаргічным сне, а затым зноў набыў прытомнасць, ды ці мала што можна прыдумаць і сказаць, каб адмовіцца ад пакаяння.
Свяціцель Іаан Златавуст пытаецца: ”Чаму Іісус Хрыстос пасля таго, як уваскрос, з’явіўся толькі некаторым Сваім вучням, а не ўсяму Іерусаліму? Бо людзі, убачыўшы паўстаўшага з мёртвых Хрыста, магчыма, звярнуліся б да Яго і ўверавалі ў Яго?”, – але затым ён гаворыць: ”О, не! Тыя, хто ненавідзеў Хрыста, убачыўшы Яго ўваскрэсшым, узненавідзелі б Яго яшчэ больш і зноў, ужо ў другі раз, паспрабавалі б забіць Яго!”
Няверуючы, здзіўлены нават незвычайнасцю з'яўлення памерлага, потым усё ж пачне сабе тлумачыць гэтую з'яву як-небудзь інакш і зноў застанецца такім жа няверуючым. Што гэта так, відаць з таго, як іудзеяў, якія упарта не верылі ў Сына Божага, ніколькі не пераконвалі незлічоныя знаменні і цуды, якія здзяйсняў Гасподзь Іісус Хрыстос: яны не паверылі нават тады, калі ўбачылі ўваскрашэнне Лазара, і падумвалі нават забіць яго. Уся справа ў тым, што сэрца, сапсаванае грахом, упарта не жадае верыць у будучыя пакуты, якія чакаюць грэшнікаў, і пераканаць яго ніякімі цудамі ў гэтым нельга.
Браты і сёстры! Чаму вучыць нас пачутая сёння евангельская прытча? Вучыць нас спачуванню. Евангелле звяртаецца да нас, каб мы не праходзілі раўнадушна побач з чужым горам, бо для хрысціяніна чужога гора не бывае, каб не замыкалі свае сэрцы, не апраўдывалі сваё раўнадушша сямейнымі клопатамі, жыццёвымі побытавымі праблемамі, каб не зачарсцвелі душою, нікога, акрамя сябе, навокал не заўважаючы, каб наша сэрца не абрасло цвёрдай карой.