Нядзеля 21-я пасля Пяцiдзесятнiцы. Прытча пра сейбіта |
Калі мы слухалі з вамі ў сённяшнім евангельскім чытанні прытчу пра сейбіта, то, напэўна, кожны з нас пытаў самога сябе: а хто я? Дзе я знаходжуся? Якая мая душа? Якое маё сэрца? Ці тая сцежка пры вялікай дарозе, на якую падае насенне Слова Божага і не дае ніякага парастака, таму што гэта ўтаптаная зямля? Або, можа быць, гэта камень, на які падае насенне, і ўжо зусім ніякага парастака даць не можа, таму што гэта камень? Або, можа, у маім сэрцы так усё зарасло нейкім цярноўнікам, дрэнным кустоўем, праз якое яно прабіцца таксама не можа? Дзе я і хто я? Вы памятаеце, што, калі гэтую прытчу расказаў Гасподзь Іісус Хрыстос, вучні, якія слухалі гэту прытчу, папрасілі Яго яе патлумачыць. Здаецца, што яна такая простая, усё ў ёй так зразумела, пра што там пытаць? Якое тлумачэнне патрэбна? Аднак і сярод вучняў Хрыстовых узніклі пытанні, і ў нас з вамі могуць узнікнуць пытанні, хаця б, скажам, адносна нейкі часткі гэтай прытчы: што гэта значыць? Як яе трэба разумець? Напрыклад, такое пытанне: а што такое добрая глеба, якая гэта глеба, якая яна павінна быць? Якім павінна быць маё сэрца, для таго каб тое насенне Слова Божага, якое трапляе ў яго, дало б парастак і не толькі парастак, а і ўрадзіла б плод і прынесла б багаты ўраджай? Да каго мы можам звярнуцца з гэтым пытаннем? А да каго звярнуліся вучні Хрыстовы? Да самога Збавіцеля. І мы можам звярнуцца з такім пытаннем да самога Збавіцеля, да самога Госпада Іісуса Хрыста. А гэта значыць, да Царквы, таму што Царква ёсць Хрыстос, і Царква на гэта пытанне дае адказ: " Бог ганарлівым пярэчыць, а пакорлівым дае дабрыню". Вось ён, адказ на ваша пытанне, які дае нам Царква – гэта значыць, Сам Гасподзь Іісус Хрыстос: пакора і змірэнне. Вось яна, тая глеба, на якую падае насенне Слова Божага і пускае корань, і ўзрастае на гэтай глебе, і расце, і развіваецца, і дае плод у сто крат. Пакора гэта як раз тая самая сіла, выдатная сіла, якая робіць чалавека чалавекам і якая адкрывае ў чалавеку ўсё самае лепшае і аказваецца самай прыдатнай глебай для ўспрыняцця сілы Слова Божага, якое настаўляе нас, як трэба жыць тут і ў вечнасці. Чаму змірэнне набліжае да нас благадаць Божую і сілу Божую, якая змяняе наша жыццё? Таму што яно адкрывае ў нас самае лепшае, што ў нас ёсць – любоў. Бог ёсць Любоў. І чалавек, які створаны паводле падабенства Божага, ёсць таксама любоў ў сваёй сутнасці. І менавіта змірэнне адкрывае ў нас гэтую сілу любві. Любоў гэта духоўная сіла, якая перамяняе ўсё наша жыццё, ад пачатку і да канца, усё ў нас і вакол нас. Мы з вамі гэта ведаем: якую радасць, колькі святла, колькі цеплыні, колькі сэнсу ў жыццё ўкладвае любоў, калі чалавек любіць. А любіць і ўмее любіць тады, калі ён умее змірацца. Апостал Павел, у апостальскім чытанні, якое мы чулі сёння, дае нам найвышэйшы ўзор змірэння. Прыкра сумленнаму, справядліваму чалавеку абараняцца ад плёткі, пушчанай у натоўп. Яшчэ больш прыкра абараняцца і адбівацца ад узведзенага паклёпу.З нагоды менавіта такіх абставін святы апостал Павел вымушаны быў пісьмова выказаць перад галатамі, ім ж звернутымі да Хрыста, свой погляд на новазаветнае жыццё. Апостал напісаў сваёй рукою ўсё пасланне, каб адвесці злое падазрэнне. Тым, хто нагаворваў на апостала Паўла, маладым хрысціянам-галатам, не хацелася не толькі прыняць пакуту і раны за імя Хрыстова, але нават пацярпець лёгкае ганенне. Яны імкнуцца дагадзіць і нашым і вашым і нават заслужыць адабрэнне за такую дзейнасць. Для святога Паўла сутнасць веры – у крыжы Іісуса Хыста, распятага за ўсіх нас, Які даў святому апосталу таксама панесці крыж за Яго. Святы апостал Павел, уражаны невымоўнай любоўю да нас Богачалавека, назаўсёды аддаў Яму сваё жыццё. Для яго жыццё – толькі з Хрыстом і ў Хрысце. І пры ўсім тым апостал не ганарыцца сабой, а, паказваючы на свае заганы і немачы, ён праслаўляе толькі дзівосную благадаць Божую, што праступае праз яго немачы. Быццам храбры ваяр, святы Павел сведчыць сваю вернасць і любоў да Хрыста язвамі, якія носіць на сваім целе за імя Яго. Якое змірэнне! І у той жа час, якая вышыня, веліч духу ў святым апосталу! Апостал Павел гаворыць аб плёне ім, апасталам, прынятага і захаванага ў чысціні сэрца слова Божага: "Ужо жыву не я, а жыве ўва мне Хрыстос – Які ўзлюбіў мяне і Які аддаў Сябе за мяне". Слова Божае асвятліла яго думкі і жаданні, дало напрамак волі яго. Ці можам мы, як і апостал, пахваліцца Крыжом Хрыстовым, ці жывем мы ў адпаведнасці з запаведзямі евангельскімі? Ці не спадзяюцца хрысціяне больш на сувязі з “моцнымі свету гэтага”, чым на Бога? Ці слухаем мы слова Божае? Але хто з нас можа пра сябе сказать: "Ужо не жыву я, а жыве ўва мне Хрыстос"? Ці адчуваеш ты, хрысціянін, як апостал Павел, што "жыве ў табе Хрыстос," што слова Яго накіроўвае твае думкі, кіруе жаданнямі тваімі і воляй тваёй, што ты жывеш і дзейнічаеш на славу Божую? Калі не адчуваеш і не заўважаеш, то чаму? Ды таму, што, слухаючы слова Божае, ты, нават захапляючыся ім, гэта слова ў сабе не захоўваеш. А не захоўваеш таму, што сэрца тваё пазбаўленае любві да Госпада, які ўзлюбіў цябе, пазбаўленае чысціні і дабрыні; таму, што ты "у землю закапаў" дадзены Богам табе талент веры. Мы чуем і памятаем словы Святога Пісання, чуем слыхам і памятаем памяццю нашага розума, ці але даходзіць гэта слова да нашага сэрца? А разам з гэтым, калі не кране наша сэрца жывое слова, яно толькі прагучыць у нашай думкі і ніякага плёну не прынясе. Людзі ў большасці сваёй знаходзяцца ў духоўнай слепаце і глухаце: яны бачаць толькі паверхню. Яны могуць чытаць Біблію, Евангелле, і ўспрымаць тое, што там напісана, толькі знешне. Господь не адкрывае ім духоўныя таямніцы жыцця, пакуль не ўбачыць, што яны з усіх сілаў імкнуцца жыць па праўдзе і сумленні. Святыя айцы гавораць, што навучыцца чытаць слова Божае магчыма толькі ўсім нашым жыццём. Спытаемся сёння ў саміх сябе, ці імкнемся мы пасеяць і ўзгадаваць у сэрцах нашых насенне добрых намераў і жаданняў. Ці ёсць у нас, у нашай дзейнасці парасткі хрысціянскай дабрадзейнасці? А жыццё наша на зямлі малое, час севу кароткі. Імгненнем пройдзе жыццё, скончыцца час сяўбы, апынемся перад магілай, і тады страшна будзе з'явіцца на той свет ні з чым. Прасі і горача маліся, хрысціянін, каб для добрага ўспрыняцця слова Божага Гасподзь надзяліў тваю душу глебай прыдатнай, здольнай прыняць у сябе насенне Божых слоў і прынесці ад іх плён добрых спраў! "Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!" – гаворыць Хрыстос. Ён узвышае Свой голас праз усе часы, праз усе стагоддзі, праз усе пакаленні. Для кожнага чалавека, без выключэння, гучыць Яго голас. Гасподзь гаворыць, што шлях, які Ён прапаноўвае, – цяжкі, вузкі, хрэсны, але толькі гэтым шляхам – выслухоўвання слова Божага, прыняцця яго ў нашым жыцці, у цярпенні і ўзрастанні ў ім – выконваем мы сваё прызначэнне быць дзецьмі Божымі, якія любяць і ведаюць любоў Божую і ісціну. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|