Нядзеля 20-я пасля Пяцiдзесятнiцы. Уваскрашэнне сына Наінскай удавы. |
Уваскрашэнне сына Наінскай удавы. Аб гэтай падзеі апавядае толькі адзін евангеліст Лука. З Капернаума Гасподзь пайшоў у горад Наінаў, які знаходзіўся каля паўднёвай мяжы Галілеі. Збавіцеля суправаджалі вучні Яго і мноства людзей. У старажытнасці вакол горада часта ўзводзілі суцэльныя сцены для абароны ад ворагаў так, што ўваходзіць і выходзіць можна было толькі праз адны вароты. І вось у такіх гарадскіх варотах Госпаду сустрэлася пахавальнае шэсце: з горада выносілі памерлага юнака, адзінага сына ўдавы. Звычайна грабніцы ў яўрэяў знаходзіліся за гарадамі сярод ўцёсаў і скалаў. Нябожчыкі ў старажытнай Палестыне хаваліся не ў трунах, а апускаліся прама ў нішу, зробленую ва ўцёсе ці скале, і насілкі, на якіх знаходзіўся спачылы, відавочна, служылі толькі для перанясення цела да месца пахавання. Гасподзь дакрануўся да гэтых пахавальных насілкаў для таго, каб прымусіць жалобную працэсію спыніцца. Хрыстос, заўсёды такі чулы да чалавечага гора, не астаецца абыякавым і да гэтай бяды. Евангелле нам гаворыць, што Ён "злітаваўся" – Яго сэрца напоўнілася жалем, любоўю, і Ён падыходзіць да насілак і да жанчыны, якая ідзе за імі. Гэтая жанчына – удава, ідзе за мёртвым целам свайго адзінага сына. Яна страціла зараз усё – і Хрыстос не звяртаецца да яе са словамі суцяшэння. Ён спыняе яе плач; Яго словы, якія з'яўляюцца словамі літасці, з'яўляюцца разам з тым неабходнай умовай для гэтай літасці: Не плач – не таму, што смерць твайго сына нявартая слёзаў, але, як бы папярэднічаючы словам, сказаным пазней апосталам Паўлам у пасланні да Салунянаў, Ён нібыта хоча сказаць ёй: Не наракай, як язычнікі, якія не маюць спадзявання, – не плач!.. І толькі калі гэтая жанчына адказала верай і паслухмянствам на патрабаванне любові Божай, Хрыстос здзяйсняе цуд і вяртае яе сына да жыцця. Часта так бывае і з намі: нас напаткала гора. Нас грызуць пытанні: чаму? За што? І мы не знаходзім на іх адказу, таму што няма на іх адказу ў гэтым зямным жыцці. Толькі ў будучым веку, калі мы зноў сустрэнемся з нашымі роднымі і блізкімі, мы зразумеем, чаму ўсім нам трэба было памерці, каб потым паўстаць з мёртвых. Сённяшняе евангельскае апавяданне вучыць нас таму, што хоць смерць усё яшчэ працягвае ўладарыць на зямлі, але яна ўжо пераможаная: яна пераможаная Ўваскрасеннем Госпада і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста. А таму ўсякі раз, калі нам прыходзіцца сустракацца са смерцю, будзем цвёрда ведаць, што смерці няма, а ёсць толькі часовае расстанне з нашымі роднымі і блізкімі: яны адыходзяць на некаторы час, як і мы на пэўны час пакідаем адзін аднаго. І наступіць той момант, калі ўсім нам трэба будзе паўстаць перад нашым Госпадам, таму што ўсе мы – вечныя. Ніхто з тых людзей, якія жывуць на зямлі, з пераходам з гэтага часовага жыцця не знішчаецца, не сыходзіць у нейкі нябыт, а, працягваючы вечна жыць сваёй несмяротнаю душою, паўстане перад прастолам Божым. Смерць для хрысціяніна – гэта сон, а пасля сну бывае абуджэнне, таму будзем верыць, што пасля гэтага доўгага сну абудзяцца ўсе тыя, каго сёння няма ўжо побач з намі, але хто сваімі несмяротнымі душамі цяпер знаходзяцца ў Царстве Божым. Аб адным мы павінны цвёрда памятаць: смерць ніколі не бывае пакараннем за што-небудзь. Смерць – гэта вяршыня чалавечага жыцця, яе вянец і завяршэнне: чалавек жыве для таго, каб памерці і перайсці ў лепшае жыццё. Смерць можа часам выглядаць як пакаранне за грэх, бо Гасподзь не забывае навучаць нас рознымі спосабамі, у тым ліку і праз смерць нашых блізкіх. Але для самога чалавека, нават калі ён памёр заўчасна, напрыклад, у выніку няшчаснага выпадку, нават калі памёр без пакаяння, смерць не ёсць пакаранне. Смерць – гэта пераход туды, дзе чалавека чакае сустрэча з Богам. І калі смерць заўчасная па чалавечых мерках, яна ніколі не заўчасная ў вачах Божых. Толькі Бог ведае той момант, калі кожнаму з нас належыць памерці, і толькі Ён вызначае дзень і гадзіну нашай смерці. Але чаму людзі паміраюць заўчасна? Перш за ўсё таму, што многія падрыхтаваныя да сустрэчы з Богам і вырастаюць у поўную меру духоўнага росту і ўзросту значна раней, чым дасягаюць старасці. Зямное жыццё ёсць толькі падрыхтоўчы этап да будучага вечнага жыцця: у параўнанні з гэтым вечным жыццём цяперашняе наша жыццё – толькі кароткае імгненне. Але ёсць і іншая прычына, па якой чалавек можа памерці заўчасна: ён настолькі ўкараніўся ў граху, што далейшае яго знаходжанне на зямлі становіцца бессэнсоўным, і Бог спыняе жыццё гэтага чалавека, пакуль застаецца для яго надзея на выратаванне. Страшна памерці ў граху, памерці, не паспеўшы пакаяцца; але гэта ўсё ж лепш, чым дажыць да таго, калі выпраўленне стане немагчымым. Па жорсткасці нашай Гасподзь часам толькі смерцю блізкага можа абудзіць у нас іскру любові да яго. Пры жыцці роднага чалавека мы былі халодныя да яго, але вось ён сыходзіць у свет іншы, на нас абвальваюцца адзінота і самотнасць, і мы адчуваем горыч страты. Смерць ачышчае вобраз таго, хто ад нас пайшоў, ад будзённага шалупіння, ва ўсёй нікчэмнасці паказвае нам былыя крыўды на яго, і тады мы ўжо не судзім страчанага намі, але бачным яго ў патаемнай прыгажосці і ўсведамляем непазбыўнасць віны перад ім. Маладушнага гэтае імгненне прасвятлення можа прывесці да роспачы, але для мужнага сэрца – гэты пачатак служэння спачыламу і шляху да будучай радаснай сустрэчы з ім. "Не плач!.. " З гэтымі словамі да нас звяртаецца Гасподзь. Ён не гаворыць нам: “Утрымлівай свае слёзы”; Ён не гаворыць нам: “Паказвай мужнасць, якой ў цябе няма”; Ён гаворыць: “Хіба ты не бачыш Мяне, не бачыш вечнасці, хіба ты не бачыш, што спачылы не памёр, а заснуў? Хіба ты яшчэ не зразумеў, што любоў злучае Неба і зямлю”. Гасподзь ставіць перад намі няўмольнае патрабаванне веры: кінь сябе шкадаваць, кінь думаць толькі аб сабе, кінь засяроджвацца на сваім горы, жыццё бяздоннае, жыццё перамоганоснае, жыццё і зараз не спынілася ні для нас, тых, хто на зямлі ідзе да сваёй смерці, ні для тых, якія, нарэшце, дзвярамі смерці ўжо ўвайшлі ў вялікі спакой Божы. "Не плач!" - з гэтымі словамі Гасподзь звяртаецца да кожнай маці і да кожнага з нас, хто губляе сваіх сваякоў. Не плач, таму што ўваскрэсне твой сын, твая маці, твае браты і сёстры. Не плач, таму што ўсе мы – адзін за адным – памрэм, але ўсе і ўваскрэснем і ізноў сустрэнем адзін аднаго. Не плач, таму што спачылыя блізкія нашы, пакінуўшы зямное жыццё, перайшлі ў лепшае – тое, аб якім прападобны Сімеон Новы Багаслоў сказаў, што ў параўнанні з ім цяперашняе жыццё – нібы неба, намаляванае алоўкам на паперы, у параўнанні з рэальным небам. Не плач, таму што надыдзе час, калі "абатрэ Бог усякую слязу" з вачэй чалавечых, "і смерці не будзе ўжо; ні плачу, ні ляманту, ні хваробы ўжо не будзе, бо ранейшае прайшло" (Адкр. 21:4). Мы чулі ў Евангеллі, як Гасподзь уваскрасіў сына ўдавы і аддаў яго маці. Гэты памерлы юнак – вобраз нашай душы. Чалавек уваскрасае ў пакаянні. Гасподзь бярэ тую душу, якая пакаялася, і аддае горка рыдаючай маці. Гэтая маці – Царква! У Апакаліпсісе гаворыцца аб жонцы, якая мела ва ўлонні немаўля і крычала ад болю і пакут нараджэння. Святыя айцы тлумачылі, што жонка – гэта Царква, а дзіцё – кожная хрысціянская душа, боль жа, пакутлівы боль – гэта боль за нашы грахі, большы нават за несуцешны боль маці з-за смерці сына. Гасподзь уваскрасіў сына ўдавы – гэта вобраз будучага ўваскрасення мёртвых. Гэты цуд – толькі цень найвялікшых здзяйсненняў. Гасподзь валодае жыццём і смерцю. У дзень Усеагульнага ўваскрасення Ён уваскрэсіць і выратуе душы тых хрысціянаў, якія шчыра пакаяліся ў сваіх грахах, і ўручыць іх Маці – Нябеснай Царкве – ўжо навекі. Вось якія павучальныя і выратавальныя ўрокі сёння падносіць нам Святая Хрыстова Праваслаўная Царква гэтым евангельскім чытаннем, што нагадвае нам пра цуд уваскрашэння Збавіцелем сына наінскай удавы. Дай Бог, каб і мы з вамі ў цяжкія хвіліны свайго жыцця змаглі б пачуць суцяшальныя словы Хрыстовы і адчуць рэальна працягнутую нам руку Божай дапамогі. Дай Бог, каб нашу душу, якая памірае ад шматлікіх грахоў, уваскрасіў Гасподзь, як Ён уваскрасіў памерлага сына беднай удавы. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|