Нядзеля 18-я пасля Пяцiдзесятнiцы. Цудоўны ўлоў рыбы.
Сённяшняе евангельскае апавяданне аб улове рыб і пра той жах, які адчуў і перажыў апостал Пётр, калі даведаўся, Хто знаходзіцца побач з ім у яго лодцы.
Убачыўшы гэты цуд, Пётр зразумеў, што перад ім Сын Божы, а таму прыпаў да Яго ног і сказаў: "Адыдзі ад мяне, Госпадзі, бо я чалавек грэшны".
Гасподзь Іісус Хрыстос адкрыў апосталу Пятру таямніцу, для чаго гэты цуд быў здзейснены. Не таму, што апосталы мелі патрэбу ў харчаванні, не таму, што трэба было накарміць людзей: яны могуць і сваёй працай здабыць сабе хлеб надзённы. Зрэшты, Бог стаў чалавекам не для таго, каб добра лавілася рыба і без асаблівых высілкаў і намаганняў штогод напаўняліся збожжам жытніцы, а для таго, каб "лавіць чалавекаў" у сеткі Царства Нябеснага.
Гэты цуд, безумоўна, быў прарочым знакам будучага лёсу Апосталаў як прапаведнікаў Царства Божага. Ён быў як бы "прытчаю", сказанай не столькі словамі, колькі прыкладам, дзеяннем жывых сіл прыроды.
Здзейснены на нашых вачах цуд пазбаўляе нас магчымасці і права сумнявацца і патрабуе ад нас рашучай перамены жыцця, рашучай і мужнай працы душы. Зараз, пасля таго, што ты ўбачыў, ты не можаш працягваць жыць па-ранейшаму, ты не можаш апраўдацца няведаннем. Жыць у адпаведнасці з запаведзямі Божымі – нязручна і складана, таму слабы чалавек, які прывык да спакойнага жыцця, у рэчаіснасці наўрад ці жадае сустрэцца з цудам, хутчэй, ён шукае супакою. Не трэба нам цудаў, мы і так пражывем! Адыдзі ад мяне,Госпадзі! Адыдзі таму, што я не жадаю раставацца са звыклым ладам жыцця. Цуд, які сведчыць аб Жыцці Вечным, палохае слабыя і грэшныя сэрцы. Як гэта ні дзіўна, але смерць здаецца нам больш звыклай з’явай, адыход у нябыт дае ілюзію безадказнасці. Гэтае ж жыццё патрабуе подзвігу, бясстрашных высілкаў, штодзённай працы. Таму маладушны гатовы хутчэй наогул адмовіцца ад быцця. Ён, быццам страўс, хавае галаву ў пясок, хаваючыся ў смерць, як у апошняе сховішча безадказнасці. Але знаходзяцца сярод гэтага грэшнага чалавечага роду тыя, хто адважыўся пераадолець свой страх, устаць перад тварам цуду, перад Абліччам Божым і з мужнай прастатой адказаць на кліч Збавіцеля.
Святыя апосталы ні на хвіліну не задумаліся, яны пакінулі ў імя Госпада ўсё і пайшлі ўслед за Сваім Нябесным Настаўнікам па паказанаму Ім выратавальнаму крыжоваму шляху.
Усё – гэта жытло, сям'я, прафесія – гэта значыць, занятак, які дагэтуль карміў і чалавека, і яго дзяцей, грамадскае становішча і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, забяспечаная старасць і нават надзея на ціхае завяршэнне жыцця. Гэта сапраўдная ахвяра, менавіта тая ахвяра, да якой заклікае нас наш Збавіцель. І заклік гэты нараджае ў душы нашай страх і жах.
“Лавіць” чалавекаў – справа цяжкае, няўдзячная і небяспечная. Ці не таму апосталы замест таго, каб узрадавацца, убачыўшы цуд, – жахнуліся, калі ўгледзелі ў сетках сваіх мноства рыб? Жахнуліся – таму што ўбачылі ў гэтым цудоўным улове прарочы знак, жахнуліся – таму што зразумелі, што і рыбак рызыкуе жыццём, выходзячы ў мора на сваю цяжкую працу, але тройчы рызыкуе ўсім, што ёсць у яго – і супакоем, і самім жыццём – той, хто ў адпаведнасці з запаведзямі Божымі стаў лаўцом чалавекаў. Нездарма сказаў стары рыбак, у страху прыпаўшы да каленаў Іісуса: "Адыдзі ад мяне, Госпадзі, бо я чалавек грэшны" (Лк.5.8): ён прадбачыў у гэтай цудоўнай здабычы рыб будучую “лоўлю” чалавекаў, і ўжо тады, на пустынным беразе возера Генісарэцкага, здагадаўся, які кошт гэтага занятку. Кошт гэтага рамяства – кошт жыцця, і ўсякі, хто выбірае гэты шлях, заплаціць за гэта сваёй крывёй ужо толькі таму, што і Сам Пераможца смерці знішчыў яе змрочную цвярдыню коштам уласнай Прачыстай Крыві.
Цудоўная лоўля паслужыў таму, што, як паказвае царкоўная гісторыя, гэтыя простыя рыбакі праз некалькі гадоў змяніліся карэнным чынам. Набліжанасць да Хрыста, прыняцце імі адраджаючага і ўмацавальнага Слова Божага, ператварылі гэтых простых людзей у сапраўдных Апосталаў. Жабракі, якія нічога не мелі, безабаронныя людзі, яны бясстрашна хадзілі па ўсім свеце. Нікога і нічога яны не баяліся, але, у адпаведнасці са словамі Госпада Іісуса Хрыста, лавілі людзей у сетку любові. Без зброі, без войска, без усякай падтрымкі, выгнаныя з уласнай Бацькаўшчыны, яны заваявалі ўвесь свет, і хрысціянства распаўсюдзілася паўсюль. Трыста гадоў Царква ў Рымскай імперыі была гнаная, але паколькі магутнасць пропаведзі, якая была моцнаю не прыгажосцю, а пераканаўчасцю, была незвычайна вялікай, яны ўлавілі ўвесь сусвет і напоўнілі Царкву Хрыстову.
Калі мы лічым сябе вучнямі Хрыстовымі, то таксама павінны прытрымлівацца прыкладу Яго святых апосталаў і ўсіх святых. Нас не павінны палохаць і вузкі шлях, што вядзе ў жыццё вечнае, і цесная брама, праз якую яны ішлі.
Можна пражыць цяжкае жыццё, у вялікіх працах, клопатах, жальбах і нічога не набыць, таму што гэтае жыццё будзе не па волі Божай. Таму што істотнае значэнне мае не тое, што мы робім, а тое, для чаго мы гэта робім.
Калі будаваць жыццё ў адпаведнасці са словам Божым, якое мы маем у Евангеллі і якое прапаведуе нам Святая Царква, то мы прыдбаем вялікае багацце – Царства Божае.
Тыя, хто прыйшоў да Бога ў сталым узросце, ведаюць, што можна доўга і ўпарта працаваць, перабіраць варыянты, блукаць у прыцемках, шукаючы Ісціну. Ці ж рыбакі не ведаюць, калі і куды закідваць сеткі?!. Сапраўды, гэтак жа і кожны з нас упэўнены ў сваёй здольнасці жыць, аналізаваць, рабіць высновы, прымаць правільныя рашэнні. І для таго, каб мы ўспомнілі пра Стваральніка, неабходна бывае, каб нашы рыбацкія сеці вярнуліся да нас пустымі і мы звярнулі сваю ўвагу на сэнс і змест уласных жыццёвых высілкаў. Напэўна, сеці павінны доўга заставацца без здабычы, каб рыбакі паслухаліся Таго, Хто Адзін толькі і можа напоўніць іх. Гэта значыць, для таго, каб хоць чаго-небудзь дасягнуць у падараваным чалавеку жыцці, яму неабходна ўсвядоміць сваю абсалютную галечу, поўную няздольнасць кіраваць уласным жыццём і, зразумеўшы гэта, літаральна закрычаць аб Божай дапамозе.
Для нас усякі подзвіг пачынаецца з малога. Мы закліканыя пакінуць "усё" не раптам, а паступова, і цяжкую справу "лоўлі чалавекаў" пачаць не з таго, хто побач з намі, а з саміх сябе.
Гора нам, калі ад нашай веры, ад нашага ведання не запаляцца сэрцы іншых, не напоўніцца надзеяй нічыя душа. Гора нам, калі, замест таго каб стаць закваскай веры і любові "у родзе гэтым разбэшчаным і грэшным", мы зробімся панурымі і бязлітаснымі суддзямі гэтага роду. Гора нам, калі мы, хрысціяне, станем пужалам для апантанага грахом свету замест таго, каб стаць для яго маяком надзеі або хаця б маленькім агеньчыкам любові, калі мы жадаем хаця б памерці хрысціянамі.
Гора нам, калі, заклікаючы блізкіх і далёкіх да пакаяння, мы ні на ёту не змяняемся самі. Гора нам, калі, " улоўліваючы чалавекаў", мы пакідаем пры сабе ўсе нашыя заганы, усю нашу ганебную схільнасць да граху! Успомнім апошнія словы сённяшняга евангельскага чытання, успомнім тое, пра што гаворыць нам евангеліст Лука: "І, выцягнуўшы лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім" (Лк.5.11). Давайце прыгадаем іх і зразумеем, што дапамагчы іншаму чалавеку паверыць у Бога, увесці яго ў Царкву – гэта значыць, стаць, у адпаведнасці з евангельскім словам, "лаўцом чалавекаў", можна толькі тады, калі сам пакінеш усё і сапраўды пойдзеш услед за Ім – за сваім Збавіцелем.
Калі б мы на самой справе ўсёй душой жадалі, прагнулі сапраўднага цуду, які заўсёды ёсць не што іншае, як наведванне Гасподняе, калі б усё нашы спадзяванні, усе нашы надзеі былі накіраваныя да сустрэчы з Госпадам, як бы змянілася жыццё, як бы змяніліся мы самі! Хіба мы палохаліся б смерці, хіба баяліся б Страшнага Суда? Хіба не былі б мы разам з апосталам Паўлам упэўненыя ў тым, што" жыццё для нас – Хрыстос, і смерць – набыццё"? Хіба не ўсклікнулі б разам з апосталам Іаанам, молячыся аб Страшным Судзе як аб жаданым і радасным спатканні: "Так, прыйдзі, Госпадзі Іісусе! " (Адкр. 22.20). Амінь.