Нядзеля 15-я пасля Пяцiдзесятнiцы. Пра любоў. |
У сённяшнім Евангеллі (Мф 22:35-46) утрымліваецца вучэнне Госпада нашага Іісуса Хрыста пра любоў. "Якая запаведзь найбольшая ў законе?", – такое пытанне прагучала сёння з вуснаў законніка, фарысея (Мф 22:36). Згодна з Евангеллямі ад Матфея і Марка, гэта было апошняе з трох пытанняў у храме, зададзеных Хрысту на працягу апошніх трох дзён перад Яго пакутамі і смерцю на крыжы. Мы шмат разоў чулі гэты евангельскі ўрывак, але ці задумваліся пра тое, што значыць любіць Бога ўсім сэрцам і ўсёю душою? Сэрца – духоўны центр чалавека, у якім зараджаюцца і ўсякія брудныя, і самыя святыя пачуцці. Мы павінны жыць так, каб усё наша сэрца было напоўнена Богам, прасякнута Яго прысутнасцю. Сэрца наша заўсёды адгукаецца на ўсе, што адбываецца вакол нас, а таму нярэдка бывае перапоўнена сумненняў, перажыванняў, хваляванняў, але мы маглі б жыць так, каб яно было напоўнена Богам і ў ім панавала б любоў Божая. Колькі цяжкасцяў, бедстваў і праблем, унутраных і знешніх, мы здолелі б пазбегнуць, калі б мы навучыліся скіроўваць свае сардэчныя, унутраныя сілы на любоў Божую, калі б душу сваю не растрачвалі на штодзённую побытавую шэрую мітусню і перажыванні, звязаныя з жыццём свету гэтага. Сэрцам узлюбіць Бога – гэта значыць аддаць Яму сваё сэрца і зрабіць служэнне Яму і выкананне Яго волі цэнтральнай мэтай свайго жыцця. Як мы можам узлюбіць Бога ўсім нашым разуменнем? Першым чынам, калі заўсёды будзем насіць у памяці імя Божае, калі малітва злучыцца з нашым розумам, калі ў нашых думках пастаяннай будзе прысутнасць Божая. Часта нашы розум заняты не тым, чым трэба, нават у час малітвы мы адцягваемся і нашыя думкі блукаюць недзе далёка ад справы малітвы. Часта мы не ўмеем кантраляваць свае думкі, і тады да нас прыходзяць помыслы блудныя, грахоўныя, помыслы зайздрасці і нянавісці. Многія заганы зараджаюцца менавіта ў розуме, і калі мы не ўмеем яго кантраляваць, то не можам перашкодзіць развіццю ў нас заганаў і грахоўных страсцей. Нарэшце, узлюбіць Бога трэба і ўсім сваім целам. Не толькі розум, душа і сэрца павінны быць ёмішчамі, у якіх утрымліваецца любоў да Бога, але і цела нашае павінна быць прасякнута гэтай любоўю. Як можа Бог быць праслаўлены праз нашае людское цела? І як слава Іісусава можа адкрыцца праз яго? Перш за ўсё, каб праз наша цела праслаўляўся Хрыстос, мы павінны не дазваляць сабе шматлікія заганы, грахі і страсці, якія звязаны з цялесным жыццём. Калі ў душы, сэрцы, розуме і целе чалавека пануе любоў Божая, то гэта значыць, што чалавек – на шляху да святасці. Мы ў меру сваіх сілаў павінны імкнуцца да таго, каб наша цела стала храмам Божым, храмам Святога Духа. Любоў ёсць падмурак ўсёй задумы Божай аб збаўленні нашым у Хрысце Іісусе. Слова Божае гаворыць нам пра любоў. Бог наш ёсць любоў. Усё ў свеце – і неба, і зямля, не толькі закон і прарокі – грунтуецца на любові. Скасуецца закон любові, і ўсё рассыплецца. Усе прарокі гавораць пра любоў і жывуць любоўю, таму што толькі любоў відушчая. Толькі любоўю можна бачыць тое, што адбываецца тут, на зямлі, і ў вечнасці. І толькі любоў робіць законнымі дачыненні між людзьмі. І нішто не з'яўляецца ў нашай веры сапраўдным і праваслаўным, калі на першым месцы не знаходзіцца любоў. З першай запаведдзю звязаная і другая – "узлюбі бліжняга твайго, як самога сябе". Адно не бывае без другога. Мы не можам любіць Бога ўсім сэрцам, усёю душою, усім разуменнем сваім, і пры гэтым не любіць таго, хто побач з намі. Але мы не зможам па-сапраўднаму любіць блізкіх, калі не навучымся любіць Бога. Без любові да Бога любоў да таго, хто побач, не можа быць поўнай, дасканалай, таму што толькі пазнаючы Бога і Яго любоў да нас, мы можам даведацца, што такое сапраўды любіць; і толькі навучыўшыся ад Бога гэтай любові, можам мы ўзлюбіць і бліжняга свайго, як Бог нам загадвае, усім сэрцам, усёй душой, усім разуменнем. Гэта значыць яшчэ і тое, што мы павінны любіць самых сябе, клапаціцца пра свой розум, сэрца, цела, каб любоў Божая панавала ў нас. У кожным з нас ёсць розныя пласты быцця: ёсць павярхоўны пласт, эгаістычны, той пласт, які здольны на прагнасць, на нянавісць, на баязлівасць, на ўсе непрыстойнае ў нас – гэтак жа, вядома, як і на павярхоўную любоў, тую, якую можна выразіць словамі: “Я люблю...” – дзе слова "я" у цэнтры ўсяго; гэта тая любоў, якая шукае радасць асалоды, але якая няздольная ісці на ахвяру, нават проста на саступку. А ёсць у нас іншы, глыбінны пласт, маё сапраўднае "я", вобраз Божы, ікона.... І вось нам трэба заўсёды абіраць: каго ж мы любім ў сабе? Тое дробнае, прагнае, баязлівае, нікчэмнае "я", або, наадварот, таго, хто жыве ў маіх глыбінях і здольны на самы вялікі подзвіг, на самую дзівосную прыгажосць жыцця? Калі мы не любім сябе такой хрысціянскай любоўю, то не зможам узлюбіць ні Бога, ні бліжняга, не зможам выканаць тую запаведзь, якая ёсць найбольшая ў законе і на якой грунтуецца закон і прарокі. І вось, любіць бліжняга, як самога сябе, – гэта заклік навучыцца бачыць у кожным, хто знаходзіцца побач, не мізэрнасць яго, а магчымую яго веліч, і гэтай велічы служыць, каб вырас чалавек у поўную меру сваёй велічы і прыгажосці. І тады выканаецца запаведзь, і тады зліюцца абедзве запаведзі, таму што калі мы служым гэтаму глыбіннаму чалавеку, якога апостал Пётр заве "таемны чалавек сэрца" – мы адначасова служым Богу, мы Яму пакланяемся ў Яго вобразе, і дапамагаем гэтаму жывому вобразу стаць тым, што задумаў Гасподзь. Навошта спатрэбілася страшная Ахвяра, прынесеная на Галгофе? Навошта пралівалі кроў сваю, вызнаючы веру ў Распятага і Уваскрэслага, сонмы мучанікаў? Ці не для таго, каб паказаць усім нам, чаго варта любоў? Толькі што ў апостальскім пасланні мы чулі словы, ад якіх кроў стыне у жылах: "Бо мы, якія жывём, заўсёды аддаёмся на смерць дзеля Іісуса, каб і жыццё Іісуса выявілася ў нашым смяротным целе" (2Кар.4:11). Мы павінны заўсёды памятаць, што галоўнае, тое, што вызначае нашы думкі, нашы дух і наша вызнанне веры – гэта пакланенне Крыжу Хрыста. Калі яно сапраўднае і шчырае, то адкрываецца нам любоў Божая, даецца нам благадаць Духа Святога, праз якую мы спазнаем усе таямніцы жыцця. Мы бачным сёння гэтую дасканаласць у вызнанні Ісціны ў асобах шматлікіх навамучанікаў і вызнаўцаў веры нашага часу. Па таму мноству святых угоднікаў Божых, якія ўсе пішуцца на святых іконах з крыжом у руках. Кожны з іх трымае ў крыжы ўсю таямніцу багаслоўя, усю таямніцу таго, Хто ёсць Хрыстос і па Сваёй чалавечай, і па Боскасці сутнасці, і далучанасць да гэтай багаслоўскай таямніцы. Крыж – гэта тое, дзе непарыўна спалучаюцца ісціна і любоў, таму што мы ведаем, колькі любові гіне ў свеце без ісціны. Крыж – гэта самая мудрая кніга, якую толькі можна прачытаць. Хто не ведае гэтай кнігі, той невук, нават калі ён ведае на памяць усё Святое Пісанне. Сапраўдныя багасловы толькі тыя, хто любяць гэту Кнігу, вучацца ў яе, паглыбляюцца ў яе. Усё горкае, што ёсць у гэтай Кнізе, не будзе ніколі дастатковым для таго, хто жадае наталіць сваю прагу яе слодыччу, таму што гэтая слодыч – Хрыстова ісціна і любоў. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|