http://belmova.hram.by
Разьдзел 11
1. Калі зблізіліся да Ерусаліму, да Віффагіі й Віфаніі пры гары Аліўнай, пасылае Ісус двух з вучняў Сваіх, 2. I кажа ім: "Ідзеце ў селішча, што перад вамі; уваходзячы ў яго, зараз-жа знойдзеце прывязанае асьлё, на якое ніхто зь людзей не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце. 3. І калі хто скажа вам — нашто гэта вы робіце? — адказвайце, што Госпад патрабуе яго; і зараз-жа пашле яго сюды". 4. Яны пайшлі й знайшлі асьлё, прывязанае каля варот на скрыжаваньні вуліц, і адвязалі яго. 5. Некаторыя-ж з тых, якія там стаялі, гаварылі ім: "Што вы робіце? Нашто адвязваеце асьлё?" 6. Яны-ж адказалі, як загадаў ім Ісус, і адпусьцілі іх. 7. I прывялі асьлё да Ісуса, паклалі на яго вопратку сваю; і Ён сеў на яго. 8. Іншыя-ж пасьцілалі вопратку сваю па дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і пасьцілалі імі дарогу. 9. I тыя, якія йшлі наперадзе й якія праводзілі, усклікалі голасна: "Асанна! Дабраславёны, Хто йдзе ў Імя Гасподняе! Дабраславёны надыход у Імя Гасподняе Уладарства айца нашага Давіда. Асанна ў вышынях!" 11. I ўвайшоў Ісус у Ерусалім, і ў сьвятыню й агледзеў усё; тады з-за позьняга ўжо часу адыйшоў у Віфанію з дванаццацьма. 12. А назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад. 13. I, убачыўшы здалёк лісьцястую смакоўніцу, пайшоў, каб што знайсьці на ёй, а прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо ня час быў на смоквы. 14. I, адазваўшыся, Ісус сказаў ей: "Няхай-жа ніхто не скаштуе плёну зь цябе павек"; і чулі гэта вучні Ягоныя. 15. I прыйшлі ізноў у Ерусалім; увайшоўшы ў храм, Ісус пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнікаў з сьвятыні, і паабарочваў сталы мянялаў, і ўслоны гандляроў галубамі. 16. I не дазволіў, каб хто праз сьвятыню пераносіў якое-колечы надоб'е. 17. А, навучаючы, гаварыў ім: "Ці-ж не напісана 'Дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў', а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў". 18. Пачуўшы гэтае, кніжнікі й архісьвятары шукалі спосабу, каб загубіць Яго, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ падзіўляўся з навукі Ягонае. 19. I калі ўжо час быў позьні, Ён выйшаў зь места. 20. А раніцай, праходзячы міма, абачылі, што смакоўніца ссохла ад карэньня. 21. I, успомніўшы, Пётра кажа Яму: "Настаўнік, глянь! Смакоўніца, якую Ты пракляў, ссохла". 22. I ў адказ Ісус прамовіў ім: 23. "Мейце веру Божую; папраўдзе кажу вам, калі-б хто сказаў гары гэтай — узьніміся й кінься ў мора! — і не зьняверыўся-б у сэрцы сваім, але паверыў, што споўніцца сказанае, — станецца яму, што-б ні сказаў. 24. Дзеля таго кажу вам, — усё, чаго-б у малітве прасілі, верце, што гэта дастанеце, — і будзе з вамі. 25. I калі становіцеся на малітву, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш Нябесны дараваў вам зграшэньні вашыя. 26. Калі-ж вы не даруеце, то й Айцец нябесны не даруе вам зграшэньняў вашых". 27. I прыйшлі ізноў у Ерусалім, і калі Ён хадзіў у храме, падыйшлі да Яго архісьвятары й кніжнікі ды старшыні. 28. I гаварылі Яму: "Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто даў Табе права рабіць гэта?" 29. Ісус-жа, адказваючы, сказаў ім: "Я таксама хачу спытаць у вас аб адным; і адкажэце Мне, тады й Я вам адкажу, якою ўладаю раблю гэта. 30. Хрышчэньне Янава зь неба было, ці ад людзей? — адкажэце Мне". 31. Яны-ж разважалі між сабою: "Калі скажам — зь неба, Ён скажа — чаму-ж вы не паверылі? 36. А калі скажам ад людзей, — боязна прад народам, бо ўсе ўважалі Яна за праўдзівага прарока". 33. I, адказваючы, сказалі Ісусу: "Ня ведаем". Тады Ісус у адказ ім сказаў: "I Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта".
 
< Папярэдні   Наступны >
Назад
bel_svjat.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2023