Нядзеля 12-я пасля Пяцiдзесятнiцы. Багаты юнак. |
Мы чуем гісторыю пра багатага юнака, пра смутак чалавека, які пабаяўся спадзявацца толькі на Бога. Усё ёсць у яго, аднаго не хапае – благадаці. І сёння ў кантэксце гэтай прытчы мы пагаворым пра пагарду да багацця. Тэма гэта выключна важная як для кожнага з нас, так і для ўсяго сучаснага грамадства. Прычым для нашага грамадства яна, магчыма, актуальная нават у большай ступені, чым для таго грамадства, якое існавала ў часы Хрыста. Гэта гісторыя здарылася з багатым юнаком, справядлівым, добрым чалавекам, якога палюбіў Сам Гасподзь. Сапраўды, выконваючы запаведзі Божыя, юнак быў ва ўсіх адносінах набожны і годны. Але была адна рэч, якая перашкаджала яму пайсці ўслед за Госпадам, – багацце. Юнак быў вымушаны са смуткам адысці, калі Хрыстос прапанаваў яму ісці за Ім, паабяцаўшы: ты можаш стаць дасканалым, але для гэтага ты павінен прадаць свой маёнтак, дапамагчы тым, хто патрабуе дапамогі – гэта значыць, жабракам. Толькі пасля гэтага ты можаш рушыць за Мной. І багаты юнак, нешта ўзважыўшы ў сваім сэрцы, засмучаны, адышоў, вырашыўшы, мабыць, што для яго гэта немагчыма. Яго багацце стала сур'ёзнай перашкодай, не даўшы яму пайсці услед за Хрыстом туды, куды Ён яго клікаў: да дасканаласці – гэта значыць, у Царства Нябеснае. Свяціцель Іаан Залатавуст, у свой час прапаведуючы пры царскім двары і звяртаючыся да багатых людзей, якія валодалі вялікай уладай, гаварыў аб пагардзе да багацця. Багацце можна мець, але не валодаць ім. Багацце можна выкарыстаць на добро. Але багацце можа стаць цяжарам непераносным, калі мы імкнемся назапашваць яго для сябе. Калі мы пакідаем набытак, маёнтак, свае таленты, здольнасці, усё сваё пры сабе, то застаемся адны і не атрымліваем скарб на нябёсах. Багаццю, матэрыяльным і нематэрыяльным каштоўнасцям нельга надаваць самадастатковае значэнне. Нельга лічыць, што ўсё ў гэтым. Таму што такое багацце будзе стаяць паміж чалавекам і Богам. Трэба мець рашучасць, уменне адмовіцца ад усіх багаццяў, адмовіцца ад такой любасці да розных каштоўнасцяў, якія адлучалі б мяне ад Бога, адлучалі б мяне ад Хрыста. Нельга надаваць гэтым каштоўнасцям самадастатковага значэння, і нельга знаходзіцца ў залежнасці ад іх, каб сэрца было прывязана да ўсяго гэтага багацця. Сэрца павінна быць свабодным. "Калі багацце памнажаецца, не прыкладай да яго свайго сэрца", – гаворыць цар і прарок Давід. Мы жывем любоўю Божай і любоўю тых людзей, якія побач з намі, – гэта і ёсць Царства Божае. Як цяжка нам даецца гэта зразумець, як неахвотна мы згаджаемся з тым, каб быць толькі любімымі, і з гэтай любові быць такімі багатымі. Менавіта пра гэта казаў Збавіцель юнаку. А у юнака было настолькі прывязана сэрца да багаццяў, якімі ён валодаў, што ён не мог адмовіцца ад іх і перастаць лічыць іх самым каштоўным у сваім жыцці. Маючы на ўвазе гэтую страсць, якая занявольвае ўсяго чалавека, а не багацце само па сабе, Гасподзь сказаў: "Праўду кажу вам: цяжка багатаму ўвайсці ў Царства Нябеснае." Каб супакоіць вучняў і растлумачыць, у якім сэнсе Ім гэта сказана, Гасподзь гаворыць: "Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Царства Божае." Як тлумачыць свяціцель Іаан Златавуст, "Хрыстос не багацце асуджае, а тых, якія трапілі ў залежнасць ад яго", бо грэшнай прыродзе чалавека багацце ўяўляе шмат спакусаў і перашкод у выкананні закона Божага. Не само па сабе багацце небяспечна, а тое, што чалавек на яго спадзяецца і ўсё шчасце жыцця свайго бачыць у ім, так што багацце становіцца як бы яго кумірам. Але ўсхваляваныя апосталы ўсё ж здзіўляліся: "Хто ж можа выратавацца?". На гэта Гасподзь, "узіраючыся на іх", – гэта значыць, самым поглядам Сваім супакойваючы іх хваляванне, сказаў: "Людзям гэта немагчыма, але не Богу; бо Богу магчыма ўсё", – гэта значыць, благадаць Божая здольная зрабіць і тое, чаго не можа зрабіць чалавек аднымі сваімі ўласнымі сіламі: Бог можа ацаліць багацея ад заганы хцівасці, якая перашкаджае яго збаўленню. Сам чалавек ніякімі намаганнямі дасканаласці дасягнуць не можа. Хрыстос гаворыць: "Без Мяне не можаце зрабіць нічога вартага". Але калі наша духоўнае жыццё праходзіць у Богу, то нам няма чаго баяцца. Ад нас патрабуецца галоўнае – воля і стараннасць, а ўсё астатняе зробіць благадаць Божая. Апостал Павел піша: "Сіла Божая ў немачы здзяйсняецца". Прыклад гэтаму вялікая колькасць мучанікаў, прападобных, людзей, якія сваім жыццём дагадзілі Богу. Іх подзвігі нас здзіўляюць і ўражваюць, і мы гаворым: “Чалавеку гэта немагчыма!” Але гэта чалавеку – Богу ж магчыма ўсё. Гасподзь вучыць вымяраць справу збаўлення не немаччу чалавечаю, а сілаю Божаю. Калі хто-небудзь стане пазбягаць карысталюбства, то ён, пры дапамозе Божай, спачатку дасягне таго, што адсячэ лішняе, а потым дойдзе да таго, што патраціць на бедных і неабходнае: так дапамога Божая добрым шляхам прывядзе яго да Царства Нябеснага. Вечнае жыццё – гэта знаходжанне з Богам, і ўся справа ў тым, каб пазнаць, што Хрыстос – гэта Бог, і ісці за Ім шляхам Яго запаведзяў. Усе запаведзі існуюць для таго, каб мы навучыліся асабістым адносінам з Богам і з людзьмі – гэта значыць, любві. Каб Бог і людзі сталі для нас жывымі. "Усё выканаў" – гаворыць малады чалавек, але яго дачыненні з Богам і з людзьмі цалкам эгаістычныя. Ён у палону сваіх маёнткаў, матэрыяльных і духоўных. Ён у ланцугах, якія трэба разбіць. Вечнае жыццё – жыццё, якім жыве Хрыстос Бог. Яно – любоў і самааддача, і ахвярная шчодрасць. Калі мы пазнаем, што такое вечнае жыццё тут, на зямлі, што ад Хрыста зыходзіць гэты свет і гэтая радасць, мы з радасцю пойдзем за Хрыстом. І для нас будзе зразумела, што ісці за Ім – гэта значыць, служыць людзям, за якіх памёр Сын Божы. Радасць даецца толькі убогім духам. Толькі тым, хто пакорліва моліць аб благадаці, ідучы за Збавіцелем. На зямлі магчыма адно шчасце: унутраны спакой і вольнае ад грахоў сэрца. Ніколі не трэба адчайвацца. Шлях на неба – для ўсіх вузкі шлях, і вароты, якія вядуць у жыццё вечнае, цесныя. "Лягчэй вярблюду – гаворыць Хрыстос, – прайсці скрозь іголкавае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Нябеснае. " Некаторыя мяркуюць, што гаворка тут ідзе аб варотах у Іерусаліме, якія завуцца "іголкавыя вушкі" за іх цеснату. Вярблюд не можа прайсці праз іх, пакуль не будзе вызвалены ад сваёй паклажы. Дагэтуль на Усходзе для ўваходу вярблюда на начлег яго ставяць на калені, здымаюць з яго частку паклажы, і ён на каленях праходзіць праз дзверы. Змірыся, адкінь празмерны клопат аб зямным – і ўвойдзеш у Царства нябеснае.Так багаты чалавек не можа ўзысці на неба, пакуль не пажадае пазбавіцца ад груза зямных багаццяў і схіліцца перад законамі веры. Дзе ўзяць нам мужнасць і самаахвярнасць тых, хто, усё пакінуўшы, сыходзілі ў пустыню або прымалі пакутніцкую смерць? Ці даўно Царква наша была на крыжы, калі ўсё верныя Госпаду спадзяваліся толькі на благадаць і, пазбаўленыя ўсяго, нічога не мелі, акрамя скарбу на нябёсах? Як апосталы, якія пакінулі ўсё і заўсёды былі з Хрыстом, пакінем сваю схільнасць да граху, схільнасць да ўсяго зямнога і будзем заўсёды з Госпадам ва ўсе дні свайго зямнога і нябеснага жыцця. Кожнаму без выключэння даецца смерць як страта ўсяго або як Пасха Гасподня. Будзем пра гэта памятаць, адхіляючы ад сябе страх і няўпэўненасць, будзем імкнуцца да Бога, шчыра жадаючы ўсяго таго, што неабходна для ўваходжання ў Царства Нябеснае. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|