Нядзеля 5-я пасля Пяцiдзесятнiцы. Пра гергесінскіх апантаных. |
Які адзінокі Бог на зямлі! Які адзінокі Гасподзь наш Іісус Хрыстос сярод людзей, да якіх прышоў Ён, каб збавіць іх ад вечнай смерці! Двое гергесінскіх небаракаў, апанаваныя лютымі дэманамі, гоняць Яго: “Пакінь нас, што Табе да нас!” (Мф.8:29). Цэлы горад выйшаў насустрач Яму і просіць, каб Ён “адышоў ад межаў іх” (Мф.8:34). Уявіце толькі сабе: усе гараджане сабраліся для таго, каб прагнаць Сына Божага! На радзіме – там, дзе Ён вырас, дзе кожны ведаў Яго як Сына цесляраІосіфа, як Сына Чалавечага, – у Назарэце Галілейскім, людзі, якія слухалі пропаведзь Яго ў сінагоге і, уражаныя розумам і прамудрасцю Таго, Хто гаварыў, “дзівіліся словам благадаці, якія выходзілі з вуснаў Яго, і гаварылі: ці не Іосіфаў гэта Сын?” (Лк.4:44), літаральна праз хвіліну “выгналі Яго прэч з горада, і павялі Яго на верх гары, на якой горад іх быў пабудаваны, каб скінуць Яго” (Лк.4:29) – “Прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі…” (Ін.1:11). “Ідзі, ідзі прэч ад нас, адыдзі ад межаў нашых!” – казалі людзі, якія аддалі перавагу таму, што для іх было даражэй: багацце, гаспадарку, бестурботны і спакойны лад жыцця яны абралі замест здароўя і ацалення чалавека ад яго грахоўных немачаў і духоўных хваробаў; адыдзі – Ты нас пазбаўляеш таго, што нам даражэйшае за чалавека… “Ідзі ад нас, – гаварыў Вялікі Інквізітар. – Ты перашкаджаеш нам клапаціцца пра зямны дабрабыт, перашкаджаеш забяспечваць шчасцем маўклівы і безадказны статак – адыдзі! Ты ім адкрываеш шляхі, па якіх ім вельмі цяжка будзе ісці…” “Ідзі ад нас! – казалі Яму правадыры яўрэйскага народа перад тварам Пілата. – А калі Ты Сам не адыходзіш, няхай зямная ўлада і грубая сіла пазбавіць нас ад Цябе…” І да Пілата звярталіся са словамі: “Распні, распні Яго! – каб не гучала больш на вуліцах нашых гэта страшная пропаведзь пра любоў, якая аддае ўсю сябе дарэшты, гэта вар’яцтва пра лагоднасць і змірэнне, пра самаадрачэнне, бо няма нічога больш важнага і істотнага за чалавека…” І праз усю гісторыю гучыць гэты крык: “Адыдзі ад нас! Ідзі прэч! Ты стаіш на нашым шляху да дабрабыту, бестурботнага жыцця, да забыцця ў зямных асалодах…” Гэтыя словы гаворыць чалавечы род напрацягу ўсёй сваёй гісторыі. А мы? Няўжо мы адзіныя, хто з невялікай жменькай вучняў гэтых страшных словаў напрамую або ўскосна ніколі не сказалі і ніколі не скажам? Прыгадаем, што зусім нядаўна быць чалавекам веруючым лічылася злачынствам. І мы не толькі саромеліся сваёй веры, але і адракаліся ад Хрыста. З нашай маўклівай згоды разбураліся храмы, знішчалася Царква. А хіба сёння хрысціянства стала галоўным сэнсам нашага жыцця? Існуе тэндэнцыя ператварыць праваслаўе ў ідэалогію, якою можна было б замяніць марксізм. Жыццё дастаткова часта аб’ядноўвае зусім, здавалася б, несумяшчальныя рэчы. Мы так і не прынеслі пакаяння ў нашым Богаадступніцтве і Багаборніцтве. І мы абсалютна спакойна з гэтым пагаджаемся. Жыццё без Хрыста – гэта шлях да прыняцця антыхрыста. Ты нас пазбаўляеш таго, што нам даражэй за Тваю прысутнасць у нашым жыцці. Ты нас узлюбіў, Ты за нас аддаў Сваё жыццё, прыняўшы жудасную смерць на крыжы, перажыўшы страшэнныя хвіліны пакінутасці Богам у той момант, – усё гэта мяне ні кропелькі не кранае: мне ўсё роўна. Адзінокі і чалавек, які вызнае Хрыста сваім Богам і Збавіцелем. Адзінокі перш за ўсё таму, што “раб не большы за гаспадара свайго” (Ін.15:20), бо, калі мы вырашылі аднойчы ісці за Хрыстом, нам непазбежна прыдзецца падзяляць з Ім усе цяжкасці, якія сустракаюцца на гэтым шляху. У сённяшнім апостальскім чытанні мы чулі словы апостала Паўла: “Калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Іісуса Хрыста Госпадам і сэрцам сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, то выратуешся” (Рым.10:9). Не толькі трэба верыць сэрцам, але і вуснамі сваімі вызнаваць і сведчыць жыццём сваім, не саромеючыся гэтага і нічога не баючыся. А інакш будзеш крывадушнікам, у якога ў сэрцы – адно, а на вуснах – другое. Або, яшчэ горш: будзеш усё ведаць пра Хрыста, але без усякай карысці для сябе. Як тыя дэманы, пра якіх сёння ўзгадвалася ў Евангеллі: яны ведалі, што Хрыстос – Сын Божы, і ўсё ж не назвалі Яго сваім Госпадам. Уражвае наша прыкрая абыякавасць у справе выратавання душы! Вераю ў Распятага і Уваскрэслага Іісуса Хрыста, Яго Крыжам пазбаўляемся мы ад уплыву і ўздзеяння на нас духаў зла, наводзячых на чалавека зацямненне свядомасці і сумятню думак. І няхай бягуць нячыстыя духі ад аблічча "тых, хто любіць Бога і асяняе сябе знаменнем Крыжа". "Ідзі, – сказаў Хрыстос ацалённаму Ім апанаванаму дэманамі – і раскажы, што з табою адбылося і як Гасподзь памілаваў цябе." Такім чынам, былы апантаны гадарынец стаў першым дабравеснікам Царства Божага ў сваёй краіне. І мы, тыя, хто імем Хрыста ацаляецца і выратоўваецца, як і ацалённы гадарынец, павінны несці добрую вестку аб Хрысце ў той абездухоўлены свет, які вакол нас. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|