http://belmova.hram.by
Разьдзел 10
1. I, выйшаўшы адтуль, прыходзіць у ваколіцы Юдэйскія за Ярданам; ізноу зьбіраецца да Яго народ, і ізноу звычаем сваім Ён навучаў іх. 2. I, прыступіўшыся фарысеі спакусьліва пыталіся ў Яго: "Ці можна мужу пакідаць жонку сваю. 3. Ён-жа ў адказ сказаў ім: "Што запавядаў вам Майсей?" 4. Яны-ж сказалі: "Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разлучацца". 5. Ісус, адказваючы, сказаў ім: "Дзеля жорсткасьці сэрца вашага ён напісаў вам гэты запавет. 6. Але на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужам і жонкаю. 7. Дзеля таго пакіне чалавек бацьку свайго й маці. 8. Ды прыстане да жонкі свае, і стануцца двое ў адно цела; дык іх ужо ня два, але адно цела. 9. От-жа, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае". 10. А дома вучні Ягоныя ізноў спыталіся ў Яго пра тое самае. 11. І сказаў ім: "Хто пакіне жонку сваю, той блудадзейнічае прад ёю. 12. I калі жонка пакіне мужа свайго ды выйдзе за другога — блудадзейнічае". 13. I прыносілі да Яго дзяцей, каб дакранаўся да іх; вучні-ж забаранялі прыносячым. 14. Убачыўшы гэта, Ісус абурыўся й сказаў ім: "Пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне й не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Уладарства Божае. 15. Папраўдзе кажу вам: хто ня прыйме Уладарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго". 16. I, абняўшы іх, усклаў на іх рукі й дабраславіў іх. 17. І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта і, упаўшы прад Ім на калены, спытаўся ў Яго: "Вучыцель добры! Што мне рабіць, каб насьлядаваць жыцьцё вечнае?" 18. Ісус сказаў яму: "Чаму завеш Мяне добрым? Ніхто-ж ня добры, толькі адзін Бог. 19. Ведаеш прыказаньні: не блудадзейнічай, не забівай, не крадзі, ня сьветчы фальшыва, ня крыўдзі, шануй бацьку твайго й маці". 20. Той-жа ў адказ сказаў Яму: "Вучыцель! Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго". 21. Ісус, узглянуўшы на яго, упадабаў яго й сказаў яму: "Аднаго табе нестае: пайдзі, прадай усё што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі сьледам за Мною, узяўшы крыж". 22. Той-жа засмуціўся ад гэтага слова й адыйшоў з жалем, бо меў вялікую маемасьць. 23. Ісус-жа глянуўшы навокал, кажа вучням Сваім: "Як цяжка маючым багацьце ўвайсьці ў Уладарства Божае". 24. Вучні жахнуліся ад слоў Яго; але Ісус ізноў зьвярнуўся да іх, кажучы: "Дзеці! Як цяжка надзейным на багацьце ўвайсьці ў Уладарства Божае. 25. Лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушка, як багатаму ўвайсьці ў Уладарства Божае". 26. Яны-ж яшчэ больш зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: "Хто-ж можа быць збаўлёны?" 27. Ісус, узглянуўшы на іх, прамовіў: "Чалавекам гэта немагчыма, але ня Богу, бо ў Бога ўсё магчыма". 28. I пачаў Пётра гаварыць Яму: "Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі ўсьлед за Табою". 29. Ісус у адказ прамовіў: "Папраўдзе кажу вам: няма нікога, хто пакінуў-бы дом, або братоў ці сёстраў, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці землі дзеля Мяне й Евангельля, 30. І не дастаў-бы цяпер, у гэты час перасьледу, у стакроць болей, – і дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і матак, і дзяцей, і грунтаў, а ў веку будучым жыцьця вечнага. 31. Бо многія зь першых стануцца апошнімі, апошнія-ж — першымі.” 32. Былі-ж яны ў дарозе, узыходзячы да Ерусаліму; Ісус ішоў наперадзе іх, а яны затрывожаныя йшлі за Ім, пранятыя страхам. I, узяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што зь Ім мае стацца. 33. "Вось мы уваходзім да Ерусаліму, і Сын Чалавечы выданы будзе архісьвятаром і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго нявернікам. 34. I назьдзекуюцца зь Яго, і будуць біць Яго, і аплююць Яго, і заб'юць Яго, і на трэйці дзень уваскросьне". 35. Тады падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Завадэевы, і сказалі: "Вучыцель! Мы хочам, каб ты зрабіў нам, чаго папросім". 36. Ён-жа сказаў ім: "Што хочаце, каб Я зрабіў вам?" 37. I яны сказалі Яму: "Дазволь нам сесьці аднаму з правага боку Цябе, а другому зь левага, у славе Тваёй". 38. Але Ісус сказаў ім: "Ня ведаеце, чаго просіце: ці можаце піць чару, якую Я п'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?" 39. Яны кажуць Яму: "Можам"; Ісус-жа сказаў ім: "Чару якую Я п'ю, вы піць будзеце, і хрышчэньне, якім Я хрышчуся, хрысьціцца будзеце. 40. Але, каб сесьці з правага ці зь левага боку ў Мяне, — ня Мне даваць, але каму прызначана". 41. Іншыя дзесяць, пачуўшы гэтае, пачалі злаваць на Якуба й Яна. 42. Ісус, падклікаўшы іх сказаў ім: "Вы ведаеце, што тыя, якія становяцца ўладарамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхныя камандуюць імі. 43. Але між вамі няхай ня будзе гэтак: а хто хоча стацца большым між вамі, няхай будзе вам слугою. 44. I хто хоча стацца першым між вамі, няхай будзе слугою ўсім. 45. Бо й Сын Чалавечы не па тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю за выбаўленьне многіх". 46. I прыходзяць у Ерыхон; а калі выходзіў зь Ерыхону з вучнямі Сваімі і з мноствам народу, пры дарозе сядзеў сьляпы Бартымей, сын Тымея, просячы падаяньня. 47. I пачуўшы, што гэта Ісус Назаранін, пачаў голасна усклікаць, вымаўляючы: "Ісус, Сын Давідаў, зьмілуйся нада мною". 48. Шмат хто змушаў яго маўчаць, але ён яшчэ мацней галасіў: "Сын Давідаў, зьлітуйся нада мною". 49. Ісус, спыніўшыся, сказаў паклікаць яго; і паклікалі сьляпога, кажучы яму. "Ня бойся, уставай, кліча цябе". 50. І ён, сккінуўшы зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса. 51. I, зьвярнуўшыся да яго, Ісус прамовіў: "Што хочаш, каб учыніў табе?" Сьляпы-ж сказаў Яму: "Вучыцелю! Каб я мог бачыць". 52. Ісус сказаў яму: "Ідзі! Вера твая ацаліла цябе", і ўраз стаў бачыць, і ён пайшоў па дарозе за Ісусам.
 
< Папярэдні   Наступны >
Назад
bel_svjat.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2023