Нядзеля 1-я пасля Пяцiдзесятнiцы. Дзень Усіх Святых.
“Я пайду ад вас, але вы прымеце сілу, калі Дух Святы сыдзе на вас ”, – сказаў Хрыстос Сваім вучням перад Галгофай. І вось у дзень Пяцідзесятніцы Дух Святы сышоў на Апосталаў, увайшоў як сіла, якой прасякнута ўсё ўнутранае жыццё, і яны сталі далучанымі да Найвышэйшых Ведаў і прывялі да Хрыста свет. У гэты дзень рэальна ў бачным свеце адкрылася глыбіня і веліч свету нябачнага. З гэтага дня кіруемыя Духам Святым Апосталы і іх вучні – свяціцелі, мучанікі, вызнаўцы веры – адважна пайшлі ў свет і схілілі яго да ног Хрыста. Ім прысвечаны сённяшні нядзельны дзень. Збіраючы іх разам – тых, хто ўзаемна звязаны адзінай Верай і адзінай Любоўю да Хрыста, нягледзячы на тое, што належалі яны да розных расаў і народаў, да розных саслоўяў, – Царква ўслаўляе іх урачыстым гімнам, усклікаючы: ”Дзіўны Бог у святых Сваіх”.
Сённяшні дзень – Дзень усіх святых – гэта свята сусветнай Хрыстовай Сям'і. Гэта вялікая, Царквою ўшаноўваемая сусветная сям'я, або, лепш сказаць, сусветнае хрыстова брацтва, сведчыць і пра тое, што і ва ўмовах знешняга фізічнага рабства можна дасягнуць духоўнай свабоды. Для гэтага патрэбна толькі цвёрдасць хрысціянскіх перакананняў, цвёрдасць характару і унутраная набожнасць.
Шанаванне ўсіх святых з'яўляецца як бы адказам Царквы на ўсё тое, што зрабіў дзеля выратавання чалавецтва Сын Божы, Які ўцялесніўся на зямлі, не перастаючы пры гэтым быць Богам, і навучыў людзей, як жыць, даў ім Сваё Слова, пацярпеў пакуты за нас, грэшных, узяўшы на Сябе ўсе нашы грахі, памёр для нашага збаўлення, уваскрэс у Славе, а потым узнёсся на Нябёсы і пасадзіў там нашу чалавечую прыроду, якую Ён навекі прыняў у Сваю Боскую Асобу, праваруч Бога Айца.
Святасць – гэта дар, пасланы нам з Крыжа, дар свабоды, дар адданасці і вернасці Богу, дар магчымасці быць далучаным да Яго быцця. Прыналежнасць да Яго Царства, Яго жыццё, дадзенае нам у нашай святасці, – гэта плод ахвяры Сына Божага, прынесенай на Крыжы за ўсіх без выключэння. Сонмы ўмацаваных Святым Духам падзвіжнікаў пайшлі па выратавальнаму крыжоваму шляху, указанаму Госпадам. Царква Хрыстова трымаецца на крыві мучанікаў, пралітай у імя Божае. Хрыстос жыве ў кожным прысвечаным Яму сэрцы, і ў нашай святасці адбываецца сёння Яго Уваскрасенне. Гасподзь даў кожнаму з нас магчымасць прыняць гэты дар. Святыя айцы вырашылі адзначаць гэта свята пасля Дня сашэсця Святога Духа, каб паказаць тыя плады, якія прынесла яно праз апосталаў, і як яно, асвяціўшы людзей, умудрыла іх, узвысіла і ўзвяло на ступень ангелаў і прывяло да Бога, узнагародзіўшы прамяністым вянцом адных за подзвігі мучаніцтва, другіх за праведнае жыццё, трэціх – за непахісную веру.
Для свету жыццё і подзвігі святых – заўсёды незразумелая для розуму таямніца. Свет здзіўляецца, калі чытае або чуе пра людзей, якія ”вераю перамагалі царствы, аказвалі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам, тушылі полымя агню, усцерагаліся смерці ад вастрыя мяча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць палкі ворагаў; … нацярпеліся здзекаў і біцця ды яшчэ кайданоў ды астрогу.Каменнем пабітыя былі, перацертыя былі, спакушаемыя былі, гінулі яны ад мяча, туляліся ў авечых і казліных шкурах, жылі ў горы,нястачах і прыгнёце.Не варты быў іх увесь свет, а блукаліся па пустынях, па гарах, у пячорах і шчылінах зямлі.” (Яўр.11: 33-34, 36-38). Так апостал Павел пісаў пра подзвігі, якія здзяйснялі ўсе святыя апосталы, ды і ён сам таксама. І не выпадкова гэтыя словы чыталіся сёння падчас літургіі: яны вельмі дакладна і справядліва сведчаць пра тыя ўчынкі, якія здзяйснялі святыя падзвіжнікі веры.
”Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах; а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах.” (Мф.10:32-33). Гэта сказаў Гасподзь вучням Сваім, якія тады стаялі перад Ім; гэта сказаў усёведны Гасподзь, Які бачыў аддаленае будучае быццам сучаснае; сказаў ўсім без выключэння вучням Сваім усіх часоў і краінаў; сказаў Гасподзь гэта і нам – тым, хто стаіць сёння тут, у храме Ягоным, і хто ўпісаў сябе ў лік Яго вучняў, калі прымаў святое Хрышчэнне… Вучні Госпада – не тыя, хто толькі ад імені Яго называюць сябе хрысціянамі, вучні – гэта тыя, хто сапраўды вызнаюць Яго Госпадам сваім і кіруюцца ў жыцці Яго вучэннем, выконваючы запаведзі Божыя.
Вызнанне веры павінна здзяйсняцца розумам, словам, справамі, усім жыццём. Сорам, нерашучасць, ваганні – недапушчальныя ў справе вызнання веры. Вызнанне патрабуе рашучага самаадмаўлення. Яно павінна быць урачыстым. Яно павінна адбывацца … перад чалавецтвам, перад ангеламі святымі і ангеламі падшымі, перад вачамі зямлі і неба… Устаноўленае Богам богаўгоднае вызнанне чалавекам Бога ёсць знак абрання Богам таго чалавека. Вызнанне слабое, двухсэнсоўнае не прымаецца, адмаўляецца як нявартае Бога. Недастаткова вызнаваць Бога ў глыбіні душы: неабходна вызнанне вуснамі і словамі. Недастатковае вызнанне словамі: неабходна вызнаваць Бога сваімі справамі і сваім жыццём. Таму адрачэнне ад Хрыста бывае поўнае і яўнае, калі чалавек яго прамаўляе сваімі вуснамі – не дай Бог зрабіць такое, – а бывае прыхаванае, таемнае, і, магчыма, яно больш небяспечнае. Размова ідзе пра той выпадак, калі мы саромеемся жыць у адпаведнасці з запаведзямі Божымі і хочам быць не сярод абраннікаў Божых, сапраўдных хрысціянаў, пра якіх Гасподзь гаворыць: ”Не бойся, малы статак!” (Лк.12:32), – а хочам быць “ як усе”.
Калі мы саромеемся жыць па-хрысціянскі, то павінны выразна ўсведамляць, што Гасподзь наш Іісус Хрыстос, Якога мы быццам бы любім, дзеля Якога нібыта жывем (а некаторыя з нас нават пакінулі свет дзеля Яго), пасаромеецца нас і адрачэцца ад нас перад Богам. Усё наша знешне хрысціянскае жыццё – жыццё марнае, калі няма шчырага ўнутранага, жыццёвага, сардэчнага імкнення да Бога, якое праяўляецца, канешне ж, і ў справах – не ў тых, якія адабраюць усе тыя, што вакол нас, а ў тых, здзяйсняць якіх загадвае нам наша сумленне.
”І хто не бярэ Крыжа свайго і не ідзе ўслед за Мною, той не варты Мяне”. Многія людзі хочуць ісці за Госпадам, але пры гэтым не жадаюць цярпець нічога непрыемнага. Аднак, як сказаў свяціцель Ігнацій (Бранчанінаў), якім бы мудрым ні быў чалавек, жыццёвых непрыемнасцяў і пэўных выпрабаванняў пазбегнуць яму немагчыма. І каб ісці за Хрыстом, мы павінны быць гатовы выцярпець і пакуты – гэта значыць, панесці свой ўласны жыццёвы крыж, падобна да таго, як у старажытнасці асуджаныя на смерць праз распяцце на крыжы самі неслі на сабе крыж да месца пакарання (у Рымскай імперыі нясенне крыжа было часткай гэтага страшнага пакарання). Калі мы жадаем ісці ўслед за Госпадам, але не хочам несці свой уласны жыццёвы крыж – гэта значыць, што мы не падрыхтаваны да пакутаў і выпрабаванняў, загадзя не настроілі сябе на тое, што прыйдзецца нам выцярпець і цяжкія скорбі, і абразлівыя зняважанні дзеля таго, каб быць сапраўднымі вучнямі Хрыстовымі, – то мы не зможам быць вартымі Госпада Іісуса Хрыста і, канешне ж, не зможам выканаць Яго запаведзі.
Мы ведаем, што апосталаў выгналі з роднай краіны іх жа суайчыннікі – яўрэі, і што вучні Збавіцеля жылі сярод іншых народаў: грэкаў і рымлян, якія прытрымліваліся зусім іншых звычаяў. Аднак апосталы лічылі гэта радасцю, таму што цярпелі усё ў імя Хрыстова, і гэты іх подзвіг зусім не такі нязначны. Прападобныя айцы розных часоў пакідалі сваю радзіму і ішлі падвізацца ў далёкія краіны, як, скажам, напрыклад, Іаан Касіян Рымлянін, які з заходняй часткі Рымскай імперыі прыйшоў у Егіпет. Арсеній Вялікі, адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, які належаў да культурнай нацыі грэкаў,падвізаўся таксама ў Егіпце сярод манахаў, якія паходзілі з простых неадукаваных сялянаў і нават не ведалі агульнай культурнай мовы таго часу – мовы грэчаскай. Угоднікі Божыя дзеля выратавання сваёй душы былі гатовыя адмовіцца ад усяго. Мы ж, у параўнанні з імі, вельмі і вельмі нямоглыя, слабыя і кволыя і целам і духам, і наша адмаўленне вельмі сціплае, калі можна так сказаць, нават калі мы робім гэта шчыра і ад усёй душы. Фактычна, мы яшчэ ні ад чаго не адмовіліся нават знешне.
Будзем пільнымі, узлюбленыя, бо зараз час адступлення. Свет усё больш і больш адступае ад евангельскіх асноваў веравучэння і ад здаровых маральных пачаткаў жыцця чалавецтва. Яшчэ ніколі не адбывалася ў свеце таго, што адбываецца сёння на нашых вачах. Бачачы ўсё гэта, мы павінны помніць, што Гасподзь чакае ад нас вернасці. У Апакаліпсісе Гасподзь, звяртаючыся да аднаго з прадстаўнікоў Цэркваў, гаворыць: ”Ведаю Я цябе: ты няшмат маеш сілы, але выстаяў, быў верным і захаваў слова цярпення Майго, і за гэта і Я захаваю цябе ад таго, што насоўваецца на ўвесь свет, ад гадзіны спакушэння і ад страшнай кары за яго.” Неабходна толькі клапаціцца пра тое, каб быць нам вернымі Госпаду, асабліва цяпер, у гэты страшны час. Святыя айцы любілі казаць і шмат разоў казалі, што хрысціянін, які захавае вернасць Свайму Госпаду ў гэтыя страшныя апошнія часы, у адпаведнасці з судом праўды Божай, будзе вышэй за старажытных вялікіх падзвіжнікаў! Гэта шмат разоў казалі святыя айцы, толькі не трэба баяцца, а трэба помніць, што Гасподзь не дазволіць крыўдзіць тых, хто застаўся верным Яму. Будзь верны Богу, і Гасподзь захавае цябе ад усіх бедаў, якія пагражаюць свету! Канешне, нельга не здрыгануцца, разумеючы, да чаго чалавецтва рыхтуе сябе, але помніце, што Гасподзь здольны абараніць сваіх! Толькі б мы былі верныя Яму, а Ён Сам Сабе заўсёды верны і заўсёды будзе нашым Абаронцам, Збавіцелем і Аховаю. Многія могуць памылкова думаць, што чалавек становіцца ўгодны Богу толькі праз пакутніцкі або манаскі подзвіг. Але гэта не так. Вяршыня святасці ў тым, каб любіць кожнага чалавека, які сустракаецца на жыццёвым шляху, як самога сябе. Пачні з малога: гневаешся на каго-небудзь – прамаўчы, пакрыўдзілі цябе – не помсці, можаш каму-небудзь дапамагчы – дапамажы.
Мэта хрысціяніна – Царства Нябеснае, але шлях туды нялёгкі. Нас папярэдзіў Хрыстос: Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што сілу ўжываюць, здабываюць яго (Мф.11:12). Таму пакінем у гэты дзень усе побытавыя будзённыя клопаты, якія паглынаюць усё наша жыццё, паглядзім на тых, хто ўжо дасягнуў гэтай жаданай мэты – Царства Нябеснага, і звернемся да іх з малітоўным прашэннем: усе святыя, маліце Бога за нас!
Такім чынам, прыложым і мы намаганне да намагання, каб на ўсіх шляхах жыцця нашага захаваць свабоду: быць свабоднымі ад грахоў, ад усякага бруду, каб і праз нас праславілася ў свеце гэтым імя Госпада Іісуса Хрыста – Збавіцеля нашага і ўсяго свету. Амінь.