У Старым Запавеце Пяцідзесятніца – гэта свята штогадовага ўспаміну ўзыходжання Маісея на вяршыню гары Сінай, дзе ў некай невыказнай, містычнай тайне з'явіўся яму Бог і заключыў з ім Завет, і даў яму Запаведзі, і абяцаў яму збаўленне. Бог адкрыў Свой закон, Свае запаведзі, Бог раскрыў чалавеку Сваю задуму пра яго, Бог паказаў чалавеку шлях узрастання ў паўнату ведання жыцця і дасканаласці.
У Новым Запавеце Пяцідзесятніца – гэта свята, звернутае да будучыні, калі адбудзецца канчатковая перамога Божая, здзейсненая Ім у Сваім стварэнні.
У свята Пяцідзесятніцы мы ўспамінаем падзею, якой завяршылася справа выратавання роду чалавечага. У гэты дзень Гасподзь паслаў на Сваіх вучняў Святога Духа, Які сышоў на іх у выглядзе вогненных языкоў полымя.
Хрыстос вучыў пра Царства Божае – і вось яно раскрылася! Хрыстос абяцаў, што Дух Божы адкрые Ісціну – і вось гэта адбылося. Свет, гісторыя, час, жыццё – усё асветлена апошнім светам, усё напоўнена канчатковым сэнсам. У свеце пачаўся апошні і вялікі дзень Гасподні!
Адкрыццё Божае ўводзіць нас у найглыбейшую таямніцу жыцця Бажаства, калі паказвае Бога адзіным па Сутнасці і траічным ў Асобах.
Бог адзін па Сутнасці, траічны ў Асобах. Іншымі словамі, пры безумоўнай адзінкавасці і непадзельнасці Сваёй прыроды Бог існуе ў трох розных Асобах.
Таямніца цудоўнага “Саборнага жыцця” унутры Бога ёсць тое, што называюць Таямніцай Троіцы. Троіца – гэта слова, якое абазначае і “тры”, і “адзін”. Трэба верыць, што ў Богу адзіная Боская прырода раскрываецца ў трох асобных Асобах. У гэтым адзінстве Іпастасей, якія захоўваюць Свае асабістыя ўласцівасці, блажэнна ззяе Любоў, якая і спалучае Іх у непадзельнае быццё.
Таямніцу, што Бог адзін, але Траічны ў Асобах, адкрыў Іісус Хрыстос. Ён адкрыў нам таямніцу ўнутранага жыцця Бога, даў нам магчымасць зазірнуць у глыбіню гэтай таямніцы. Ён адкрыў нам і тое, што “Бог ёсць Любоў”. Адна вялікая таямніца дапамагае нам наблізіцца да другой. Бог ёсць Любоў таму, што Ён Траічны ў Асобах; Бог траічны ў Асобах таму, што Ён – Любоў. Бог ёсць Адзінства Трох Асобаў, так цесна злучаных паміж сабой у Любві, што Яны – Адно, застаючыся ў той жа час рознымі Асобамі. Гэтыя тры Асобы – Айцец, Сын і Дух Святы. Гэта тое, што на царкоўнай мове называецца Троіцай. У Богу адна Сутнасць раскрываецца ў трох Асобах. Любоў Божая – бязмерная, таму Асобы Прасвятой Троіцы па ўсемагутнасці іх узаемнай Любві ёсць адзін Бог, Які мае адну Сутнасць і жыве адным жыццём. У Прасвятой Троіцы як Тыя, Хто любіць, так і Тыя, Каго любяць, ёсць сама дасканаласць, бо кожная Асоба Прасвятой Троіцы ёсць Бог. І Айцец – Бог, і Сын – Бог, і Дух Святы – Бог. Прасвятую Троіцу можна назваць самым дасканалым адзінствам у любві або саюзам любві, таму што дасканалыя Тыя, Хто любіць, і дасканалае Іх пачуццё любові. Бог ёсць любоў, і любоў Божая не можа распаўсюджвацца толькі на створаны Богам свет: яна ў Святой Троіцы накіравана і ўнутр Яе жыцця. Тры Боскія Асобы, Якія маюць спрадвечнае быццё, свет убачыў з прышэсцем і ўцялесненнем Сына Божага. (Сціхіра ў дзень Пяцідзесятніцы).
Канешне, зразумець гэта нялёгка! Але гэта тое, што вынікае з вучэння Хрыста і можа быць выражана нашай чалавечай мовай. Ён прыйшоў у свет як Сын Айца Нябеснага і як роўны Яму: “Я і Айцец Адно…” “Я Сын Божы…”, “хто бачыць Мяне, той бачыць і паслаўшага Мяне Айца…” Ён таксама гаворыць і пра Трэцюю Асобу: “Дух Святы, Якога Айцец Мой пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму”.
Гэта Ён, Дух Святы, скончыць справу Хрыста ў душах Яго апосталаў. Ён сыйдзе на апосталаў і пераменіць іх у дзень Свайго Сашэсця.
Догмат аб Прасвятой Троіцы гэта таямнічы догмат, недасягальны для чалавечага розуму. Для чалавечага розуму вучэнне аб Прасвятой Троіцы супярэчлівае, таму што гэта таямніца, якая не можа быць выражена рацыянальна.
Невыпадкова айцец Павел Фларэнскі называў догмат аб Прасвятой Троіцы “крыжам для чалавечай думкі”. Для таго, каб прыняць догмат аб Прасвятой Троіцы грахоўны чалавечы розум павінен адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на здольнасць усё пазнаваць і рацыянальна тлумачыць – гэта значыць, што для спасціжэння таямніцы Прасвятой Троіцы неабходна адмовіцца свайго разумення. В.Н.Лоскі гаварыў, што Вучэнне аб Троіцы “не толькі аснова, але і найвышэйшая мэта багаслоўя, бо… зразумець таямніцу Прасвятой Троіцы ў яе паўнаце – значыць увайсці ў Боскае жыццё, у само жыццё Прасвятой Троіцы.”
Такім чынам, калі ў хрысціянскім вучэнні гаворыцца пра Трыадзінства Божае, то гаворыцца аб таямнічым, схаваным у глыбіні Бажаства ўнутраным жыцці Божым, паказаным свету ў часе, у Новым Запавеце, зыходжаннем ад Айца ў свет Сына Божага і дзеяннем цудатворчай, жыццяпадацельнай і выратавальнай сілы Суцешыцеля – Духа.
Таямніца ўнутранага жыцця Бога – гэта таксама таямніца нашых чалавечых жыццяў. Таямніца Прасвятой Троіцы з'яўляецца адной з найвялікшых таямніцаў хрысціянства. Нягледзячы на тое, што асобныя няяўныя спасылкі на яе можна знайсці яшчэ ў Старым Запавеце, для чалавецтва, якое жыло да Хрыста, у тым ліку і для богаабранага народа, яна была закрыта. Адкрыццё пра таямніцу быцця Божага, пра тое, што Бог ёсць Троіца, прынёс у свет Сын Божы і перадаў яго Сваёй Царкве. Нават пасля прышэсця ў свет Збавіцеля таямніца Святой Троіцы адкрываецца не ўсім, а толькі членам Царквы Хрыстовай, якія праз яднанне з Хрыстом становяцца далучанымі да таінства блажэннай Троіцы. Усе, хто знаходзіцца за межамі Царквы, нават калі яны дасканала будуць вывучаць багаслоўскія трактаты, у якіх раскрываецца вучэнне Царквы, не змогуць спасцігнуць таямніцы быцця Божага так, як члены Царквы, нават калі апошнія спецыяльна не вывучалі багаслоўя. “Ніхто не можа ясна і поўна спасцігнуць розумам і выказаць словам догмат аб Прасвятой Троіцы, колькі не чытай Пісання Божага”, – піша прападобны Сімяон Новы Багаслоў.
Таямніца Святой Троіцы пазнаецца вопытным шляхам. Яна разумеецца хутчэй не розумам, а перажываецца сэрцам. Самастойна пазнаць гэтую таямніцу немагчыма нікому: далучэнне да яе магчыма толькі пры ўздзеянні і прасвятленні Духам Святым. Для таго, каб Дух Святы наведаў чалавека і ўклаў у яго сэрца веданне таямніцы быцця Прасвятой Троіцы, чалавек павінен мець веру і ачышчанае ад грахоўных заганаў сэрца, бо ў Дабравесці Хрыстовым гаворыцца: “Блажэнны чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць”. Гэтыя ж умовы неабходныя для пазнання таямніцы ўчалавечання Сына Божага, таямніцы Царквы і ўвогуле справы выратавання паўшага чалавецтва.
Свята Святой Троіцы мае сваёй мэтай натхніць хрысціяніна жыць духоўнымі інтарэсамі. Пяцідзесятніца – гэта дзень новай сустрэчы Боскага Суцешыцеля з прагнучай наталення чалавечай душой, якая можа зноў піць з крыніцы жывой вады і напаўняць сябе самымі ўзвышанымі і высакароднымі пачуццямі. У гэты дзень благадаць Божая, быццам вогненнае полымя, знішчае яго саграшэнні; быццам алей, змякчае яго сэрца; быццам святло, прасвятляе яго думкі; быццам пахучае міра, асвячае ўсю яго сутнасць. Благадаць дае яму духоўныя сілы, каб жыць ва ўстрыманні, рабіць дабро, любіць Бога, дапамагаць тым, хто побач з ім. Ранейшую збянтэжанасць і азлобленасць яна ператварае ва ўнутраны спакой і радасць, як сведчыць пра гэта, зыходзячы са свайго ўласнага вопыту, старац Сілуан Афонскі: “З благадаццю Божай лёгка жыць, усё добра атрымліваецца, усё люба і радасна сэрцу, душа знайшла спачын у Богу і адчувае сябе, быццам бы ў прыгожым і цудоўным садзе, у якім жыве Гасподзь.”
Будзем імкнуцца, каб ва ўсім нашым жыцці і ва ўсіх нашых справах праяўляліся плады Духа Святога, які жыве ў нас: любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, міласэрнасць, вера, сціпласць, стрыманасць. (Гал.5: 22-23).
Дай Бог, браты і сёстры, каб кожны з нас, як у свой час і апосталы Хрыстовы, мог успрыняць у сэрцы сваім гэту благадаць Усесвятога Духа для таго, каб разам з гэтай благадаццю ісці па сваім жыццёвым шляху, ісці ўпэўненымі крокамі і цвёрдаю хадою, ведаючы, што разам з намі Гасподзь.