Нядзеля 7-я пасля Пасхі |
Пасля святкавання Узнясення Гасподняга Святая Царква адзначае памяць айцоў Першага Усяленскага Сабору. Сёння мы чулі евангельскае чытанне і чытанне з кнігі Дзеянняў святых апосталаў. Збавіцель наш, Гасподзь Іісус Хрыстос, у Сваёй першасвятарскай малітве перад крыжовымім пакутамі са слязьмі маліўся, каб сабраны Ім статак верных не быў разагнаны тымі ганеннямі, якія Ён прадбачыў у будучым, і з'яўленнем ў хрысціянскім асяроддзі ерэтыкоў. З часоў апостальскіх у хрысціянскай Царкве пачалі ўзнікаць ерасі і расколы. Святы апостал Павел, як мы чулі, пераконваючы пастыраў Эфескай Царквы пільна пасці статак Хрыстовы, казаў: “Бо я ведаю, што пасля адыходу майго ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць статку; і з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць навыварат, каб павесці вучняў за сабою.” (Дз.20:29,30). Вораг роду чалавечага, вораг ісціны і дабрыні, узброіўшы поўных паклёпаў і хітрыкаў сыноў чалавечых супраць Самога Збавіцеля, не пакінуў у спакоі і Яго паслядоўнікаў і спачатку арганізаваў ганенні на хрысціянаў, якія цягнуліся амаль трыста гадоў, потым імкнуўся занесці ўсярэдзіну самой хрысціянскай абшчыны разбуральную заразу дарэмнага мудрагельства і непадпарадкавання дадзенаму праз святых апосталаў вучэнню Божаму. Прэсвітэр Арый, які жыў у той час у Александрыі, пачаў вучыць, што Хрыстос Сын Божы па благадаці, а не па прыродзе – гэта значыць, у выніку свайго зямнога жыцця, служэння і вернасці Богу Іісус стаў Сынам Божым. За тое, што Ён здзейсніў на зямлі, Бог узвысіў Яго, уваскрасіў з мёртвых і ўзнёс на Нябёсы. Такой была, у агульных рысах, ідэя Арыя, прапанаваная ім хрысціянам чацвёртага стагоддзя. Тады гэтая ідэя шмат каму спадабалася. Сапраўды, яе лёгка было прыняць і зразумець. Згодна з вучэннем Арыя, Іісус Хрыстос ва ўсім такі ж, як і ўсе іншыя людзі, палюбіў Бога больш за ўсіх, дасканалым чынам выканаў запаведзі Божыя, і Бог даў Яму моц здзяйсняць многія цуды. У канцы Свайго служэння, будучы распятым, Ён памёр, але Бог уваскрасіў Яго і ўзвёў Яго на неба, пасадзіўшы праваруч Сябе, як гэта і павінна быць з Наследнікам Царства Божага. Такім чынам, у якасці ўзнагароды за Яго зямное жыццё, па Сваёй благадаці, Бог усынавіў Іісуса Хрыста. Узнікла вельмі сур'ёзная небяспека, якую, магчыма, мы нават не разумеем да канца. Богасыноўства належыць да вечнасці. Сын Божы стаў чалавекам. Ён Сам прыняў чалавечае аблічча, нарадзіўся, каб прынесці праўду і паказаць людзям Бога. У свята Узнясення Гасподняга мы казалі, што Адкрыццё Божае сведчыць пра тое, што Сын Божы ўвайшоў у вечную славу, якая была Яму ўласціва яшчэ да стварэння свету і пачатку яго быцця. І здзейсніў гэта Гасподзь для таго, каб адкрыць для людзей, з'яўляючыся Хадайнікам за іх перад Богам Айцом, уваход у Царства Нябеснае і ўвесці разам з Сабою ў славу адкупленае Ім чалавецтва.Святое Пісанне гаворыць пра Узнясенне як пра вяртанне Сына туды, дзе Ён быў раней, – да Айца, але гэта вяртанне адбываецца ужо з прынятаю на вечныя часы плоццю. Тым самым стан адзінства Сына з Айцом распаўсюджваецца і на Яго чалавечую прыроду. Чалавечая плоць, праслаўленая і абожаная, узышла на неба і стала далучанай да вечнай славы і сілы Сына Божыя. У Хрысце на неба ўзнесены Чалавек, чалавек мае дачыненне да нябеснай праўды, і гэта значыць, што Ён вярнуўся да Бога, да ведання Бога, і ў Ім – да адзінага сапраўднага, а таму вечнага жыцця. Сваім Узнясеннем Гасподзь паказвае і нам, што наша чалавечая прырода – гэта значыць, тая самая чалавечая плоць, з якой мы і складаемся, узносіцца на прастол Божы. Дасягненне стану поўнага адзінства з Богам цяпер магчыма для ўсіх, хто верыць у Хрыста. Неба цяпер адчынена для чалавека. Таму арыянская ідэя была небяспечнай. Калі казаць пра Хрыста не як пра Бога, ва ўсім роўнага Богу Айцу і Богу Духу Святому, а як пра найдасканалейшае стварэнне Божае, то пры гэтым парушаецца важны догмат хрысціянскай веры – вучэнне аб Святой Троіцы. Бо калі Хрыстос не Бог, то ўсё хрысціянства, як справа чалавечая, павісае ў паветры і павінна быць скасавана, як усякая справа чалавечая, а збаўленне нашае не мае пад сабою ніякага трывалага падмурка. Тады праваслаўныя епіскапы, якія з'яўляліся прыхільнікамі ідэі спрадвечнага Богасыноўства Хрыста па прыродзе, а не па благадаці, склікалі Першы Усяленскі Сабор. Гэта было ў 325 годзе. На пасяджэннях гэтага Сабору прысутнічалі такія свяціцелі Царквы Хрыстовай, як Спірыдон Трыміфунцкі, цудатворца, Нікалай Мірлікійскі, цудатворца, свяціцель Афанасій і іншыя. Саборным рашэннем было сфармулявана праваслаўнае вучэнне пра Хрыста Збавіцеля як пра Сына Божага, Другую Асобу Прасвятой Троіцы, спрадвечнага Бога, Адзінасутнага і ва ўсім роўнага Богу Айцу. Упершыню ў гісторыі Царквы быў абвешчаны адзіны Сімвал хрысціянскай веры. І кожны раз, калі народ Божы, які ў імя свайго Збавіцеля збіраецца, каб здзейсніць вялікае Таінства Святой Еўхарыстыі, гучыць і будзе гучаць да сканчэння веку гэты Сімвал. Сэнс у тым, што вера не павінна быць пашкоджана або скажона, і менавіта гэта прагучала на Саборы. Здавалася б, даўно мінулі часы і праблемы, якія турбавалі Царкву ў часы Арыя. Але і зараз, на жаль, Царква Хрыстова таксама страсаюць розныя ерасі. І хіба без болю ў сэрцы мы сведчым аб тым, як многа сёння розных сектаў. І да гэтага дня ворагі хрысціянства (напрыклад, секта “Сведкі Іеговы”), узяўшы за аснову ерась Арыя і даўшы ёй іншую назву, бянтэжаць і ўводзяць у спакусу многіх людзей. Сёння нам надзвычай важна ведаць сваю веру, бо зноў надыходзіць час барацьбы за Ісціну. Адныя ўпэўніваюць сябе і нас у тым, што Праваслаўе - гэта нейкая нацыянальная ідэалогія. Існуе тэндэнцыя ператварыць яго ў ідэалогію, якою можна было б замяніць марксізм. Жыццё дастаткова часта спалучае здавалася б неспалучальныя рэчы. Мы ж павінны ведаць, што Праваслаўе - гэта пошук жыцця ў Богу і што ўсялякае дзяржаўнае і нацыянальнае ўладкаванне жыцця для нас другаснае. Іншыя кажуць, што гэта наша культурная спадчына. Мы ж павінны ведаць, што Праваслаўе - гэта не стварэнне культурных формаў, а сакральнае спасціжэнне і набыццё дара Духа Святога. Хрысціянства – рэлігія збаўлення; а гэта значыць не проста “паляпшэння” жыцця, дапамогі ў жыццёвых нягодах, раскрыцця нормаў і прынцыпаў паводзін, а менавіта збаўлення. Неабходна выратаванне самога жыцця, так безнадзейна адарванага ад свайго ўласнага зместу, ад Святла, ад Ісціны, ад Вечнасці. Адметнай рысай нашага часу з'яўляецца утылітарызм: нам усё роўна, каму маліцца, каму служыць - была б толькі з усяго гэтага нам асабістая карысць. Але чалавечае жыццё - не проста сытае і спакойнае існаванне, а адухоўленае быццё, напоўненае сэнсам і вышэйшай праўдай. А хіба можа быць праведным жыццё, калі ўяўленні ў нас пра яго ілжывыя? Такім чынам, абараняючы Ісціну ад скажэнняў, Царква клапоціцца не аб незразумелых і абстрактных багаслоўскіх ідэях, а пра нашу далучанасць да жыцця вечнага, якое і ёсць веданне адзінага сапраўднага Бога. Таму галоўнае ў Праваслаўі не веданне на памяць зместу Евангелля і асваенне дагматычнага багаслоўя, а далучанасць да таго вопыту, які стаіць за словамі Кнігі Жыцця. Хацелася б прывесці ўрывак са Слова аднаго з навамучанікаў нашай Царквы свяціцеля Фадзея, архіепіскапа Цвярскога, які менавіта ў гэты дзень у 1930 годзе казаў наступнае: “Праславім памяць айцоў Першага Сусветнага Сабору, і не столькі пахвальнымі словамі вуснаў нашых, колькі вернасцю запаветам айцоў у жыцці. Айцы Сабору не ад сябе выказвалі ісціну, а саткалі её ў Сімвале веры са старажытных і спрадвечных словаў Пісання Божага. Ці не таму мы павінны нязменна захоўваць “ Нікейскую ” веру як запавет жыцця, нязменны залог збаўлення?” Дарагія браты і сёстры, праслаўляючы сёння Святых Айцоў, умацаваўшых праваслаўную веру, будзем маліць Госпада, каб Ён дапамог і ўсім нам захаваць святую і правую веру да канца нашага жыцця і з гэтай верай дасягнуць жадаемай блажэннай вечнасці. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|