Сёння мы з вамі адзначаем свята Узнясення Гасподняга. Надышоў час вяртання Богачалавека – Сына Божага, Госпада і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста – туды, адкуль Ён сышоў да нас. Адбылося гэта на саракавы дзень пасля Уваскрасення Хрыстова, калі, па словах евангелістаў, Гасподзь “узнёсся на неба і сеў праваруч Бога” (Мк.16:19; Лк.24:51; Дзеян.1:9).
Гэтую падзею трэба разумець не як цялеснае перасялення Госпада ў нейкія там сферы бачнага неба, а як узнясенне Госпадам нашай чалавечай прыроды (у тым ліку і цела) у непасрэдную блізкасць да Бога Айца. Мы памятаем, што словы “ неба ” , “ нябёсы ” на мове Бібліі азначаюць няствораную, нематэрыяльную, спрадвечную сферу быцця Божага. Аднавіліся дачыненні чалавека з Богам, аднавіліся ў значна больш дасканалым выглядзе, чым тыя, якія былі ў яго пры першапачатковым тварэнні. Адкрыццё гаворыць, што Сын Божы ўвайшоў не ў бачную нябесную прастору, а ў вечную славу, якая Яму была ўласціва яшчэ да стварэння свету. І здзейсніў гэта Гасподзь для таго, каб адкрыць для людзей, з'яўляючыся Хадайнікам за іх перад Богам Айцом, уваход у Царства Нябеснае і ўвесці разам з Сабою ў славу адкупленае Ім чалавецтва.
Святое Пісанне гаворыць пра Узнясенне як пра вяртанне Сына туды, дзе Ён быў раней, – да Айца, але гэта вяртанне адбываецца ужо з прынятаю на вечныя часы плоццю. Тым самым стан адзінства Сына з Айцом распаўсюджваецца і на Яго чалавечую прыроду. Чалавечая плоць, праслаўленая і абожаная, узышла на неба і стала далучанай да вечнай славы і сілы Сына Божыя.
У Хрысце на неба ўзнесены Чалавек, чалавек мае дачыненне да нябеснай праўды, і гэта значыць, што Ён вярнуўся да Бога, да ведання Бога, і ў Ім – да адзінага сапраўднага, а таму вечнага жыцця. Сваім Узнясеннем Гасподзь паказвае і нам, што наша чалавечая прырода – гэта значыць, тая самая чалавечая плоць, з якой мы і складаемся, узносіцца на прастол Божы. Дасягненне стану поўнага адзінства з Богам цяпер магчыма для ўсіх, хто верыць у Хрыста. Збавіцель вярнуўся туды, адкуль быў пасланы, але Ён не пакінуў гэты свет і зямлю. Ён застаўся са Сваімі вучнямі ў Царкве, якую заснаваў, у Еўхарыстыі, якую пасля Яго смерці і Уваскрасення Яго вучні штотыднёва здзяйснялі, узгадваючы пра Яго. Ён застаўся ў Духу Святым, Якога Ён паслаў Царкве, і Дух гэты да гэтага часу знаходзіцца ў Царкве, уваходзіць у нашыя сэрцы і дае нам адчуванне і пачуццё новага жыцця. Каб падараваць яго нам, Гасподзь прайшоў праз пакуты і смерць. Хрыстос сказаў: “Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку”, і ўся радасць хрысціянскай веры – ад усведамлення гэтай прысутнасці Яго побач з намі. Свята Узнясення – гэта свята неба, адчыненага для чалавека. Дзе тая мэта, да якой мы павінны імкнуцца? А мэта гэтая не што іншае, як Царква Хрыстова. Вось тое духоўнае неба, якое тут, на зямлі, усталяваў для нас і дзеля нашага збаўлення Гасподзь наш Іісус Хрыстос. Як жа мы павінны любіць Царкву Хрыстову! Як мы павінны імкнуцца сюды, каб тут, менавіта тут, падчас нашага ўдзелу ў богаслужэннях і Таінствах, якія адбываюцца ў святых храмах і ў якіх нам шчодра падаецца выратавальная благадаць Святога Духа, адбылася наша сустрэча з Госпадам. І канешне, усе мы ўбачым Госпада пры канцы свету. Другое прышэсце Хрыста будзе нагадваць Яго Узнясенне – гэта значыць, Гасподзь зноў з'явіцца перад намі бачным для ўсіх вобразам у Сваім праслаўленым целе. Апостал Павел кажа, што ў апошні Дзень Прышэсця Хрыстова “вернікі ўзятыя будуць на воблакі на сустрэчу з Госпадам у паветры” (1Сал.4:17). Значыць, з імі адбудзецца нешта падобнае да таго, што адбылося з Самім Госпадам на гары Елеонскай… Вось пра што нам сёння зноў і зноў нагадвае Святая Хрыстова Праваслаўная Царква, адзначаючы свята Узнясення Госпада і Збавіцеля нашага Іісуса Хрыста. Але не толькі сёння кажа нам пра гэта Царква. За кожнай літургіяй мы чуем зварот: “ Угару ўзнімем сэрцы! ” Будзем імкнуцца да таго, каб нашыя сэрцы заўсёды былі звернуты туды – да неба, да нашага Госпада. Амінь.