Нядзеля 6-я пасля Пасхі |
У імя Айца і Сына і Святога Духа! Браты і сёстры, сёння мы з вамі чулі евангельскае апавяданне пра тое, як Хрыстос вярнуў зрок аднаму жабраку, які быў сляпым з самага свайго нараджэння. Зыходзячы са свайго ўласнага жыццёвага вопыту, мы не ведаем, што такое цялесная слепата, але мы з вамі можам уявіць, як гэта страшна: сляпы чалавек, пазбаўлены магчымасці бачыць навакольны свет, быццам бы наглуха замураваны ў самім сабе. Мы фізічна не сляпыя, але шмат хто з нас замыкаецца ў самім сабе і становіцца зацятым. Мы сляпыя, мы глухія, мы абыякавыя да ўсяго, што адбываецца вакол нас. Мы ўсе – пакаленне слепанароджаных, сляпых ад самага нараджэння. У сваёй большасці народжаныя мы па-за верай у Госпада. Нашы духоўныя вочы, згодна з адпаведным планам, складзеным яшчэ ў старажытнасці, павінны былі застацца заплюшчанымі аж да самага смяротнага часу. І мільёны, мільёны людзей павінны былі адысці ў жыццё вечнае, так нічога не даведаўшыся ў сваім часовым зямным жыцці ні пра Бога, ні пра жыццё духоўнае, ні пра сваю ўласную душу. Было зроблена ўсё, каб мы, якія прышлі ў свет гэты слепанароджанымі ад сваіх, вельмі часта таксама сляпых ад нараджэння, бацькоў, засталіся такімі назаўсёды. Але з намі здарыўся цуд Божы. Гасподзь, нават не пытаючыся ў нас, ці верым мы ў Яго (а, наадварот, хутчэй за ўсё ведаючы, што ніякай веры ў нашых душах якраз і няма) глеем і няпростымі жыццёвымі выпрабаваннямі, быццам святым мірам, памазаў нас, і мільёны, мільёны людзей у нашай краіне ацаліліся. Яны пачалі бачыць, у іх раскрыліся духоўныя вочы. Нашы сучаснікі, ацалённыя сляпыя, як і той сляпы ад нараджэння жабрак, перанеслі нялёгкія выпрабаванні допытамі і здзекамі ад фарысеяў веку гэтага, і шмат хто з нас быў ізаляваны ад сваіх сяброў і сваякоў, нібыта апынуўся ў духоўным вакууме. Тое, што адбылося з евангельскім сляпым, адбылося і шмат з кім з нас. Наша здольнасць бачыць азначае, што мы пачынаем заўважаць свае ўласныя грахі і здольнасць здзейсніць любое зло, любую здраду. Мы сталі відушчымі – і пачынаем бачыць свет такім, якім ён ёсць на самой справе: апанаваным злом і грахом. І калі да нас вяртаецца зрок, мы пачынаем бачыць і больш за ўсё шанаваць у свеце гэтым Божую міласэрнасць і праявы міласці Божай да ўсяго невідушчага чалавецтва. Усё наша жыццё гэта суцэльныя пакуты! Кожны з нас у свеце гэтым пакутуе і вакол сябе бачыць адныя пакуты. Іх значна больш, чым радасці і шчасця у жыцці. Канешне, пакуты нашы гэта наступствы граху, наступствы зла, але зусім не толькі “за штосьці” яны пасылаюцца чалавеку. Яны пасылаюцца “для чагосьці”, даюцца з пэўнаю мэтай, маюць пэўны сэнс. Пакуты сляпога былі пасланыя яму, “ каб выявіліся дзеі Божыя на ім” (Іаан.9:3). Гэта, канешне, не значыць, што чалавек страціў зрок для таго, каб пасля на ім праявілася дзеянне ўсемагутнай сілы Божай. Хрыстос хоча толькі сказаць, што на сляпым жабраку праявіўся ўвогуле глабальны Промысел Божы і Яго клопат пра людзей, якія ў большасці сваёй застаюцца нябачнымі для чалавечых вачэй. Ацаленне сляпога, якое здзейсніў Хрыстос, Ён разглядаў як адну з праяваў дзеяння Промысла Божага аб людзях. Гэта значыць, што пакуты і выпрабаванні пасылаюцца нам з пэўнай мэтай. А калі яны маюць мэту, то, адпаведна, маюць і пэўны сэнс. Сам добраахвотна прымаючы пакуты, аддаючы, у адпаведнасці са Сваёй уласнай воляй, ім Сябе, Хрыстос – Сын Божы – увайшоў у нашыя пакуты, цалкам прыняў іх, прыняў іх да канца. Паказаўшы, такім чынам, Сваімі пакутамі і для нас магчымасць нашыя пакуты ператварыць у духоўны подзвіг, у духоўную барацьбу, у духоўную перамогу. Для нас, хрысціян, пакуты заўсёды напоўнены сэнсам. Мы ведаем, што да адраджэння, да аднаўлення, да адкуплення, да пераадолення зла заўсёды вядзе вузкі шлях – шлях Хрыста, шлях пакутаў – крыжовы шлях, Крыж. Прыняцце пакутаў ёсць прыняцце Крыжу. Хрыстос ацаляе сляпога і кажа: “ Я раблю справы Таго, Хто паслаў Мяне ” . І мы з вамі пасланыя ў гэты свет, мы з вамі жывём у гэтым свеце як пасланцы самога Хрыста, і таму мы з вамі павінны браць з Яго прыклад, рабіць Яго справы – гэта значыць, заўсёды, заўсёды дапамагаць, заўсёды спачуваць, заўсёды быць спагадлівымі ў адносінах да тых, хто побач з намі. І глядзіце, браты і сёстры, рабіце гэта, пакуль ёсць дзень, выконвайце справы Хрыстовы; прыйдзе ноч – смерць, калі ўжо рабіць гэтага будзе нельга. І пакуль ёсць такая магчымасць, будзем іх выконваць, таму што гэтыя справы – справы Божыі, справы, якімі мы зможам выратаваць сябе ў вечнасці і ў гэтым жыцці. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|