Нядзеля 5-я пасля Пасхі |
У імя Айца і Сына і Святога Духа! Браты і сёстры, сёння мы з вамі чулі ўрывак са Святога Евангелля, дзе апавядаецца пра гутарку Збавіцеля з самаранкай, якая адбылася каля старажытнага калодзежа. Святое Пісанне не называе нам імя гэтай жанчыны, але з Падання вядома, што звалі яе па-грэчаску Фаціна, што ў перакладзе азначае Святлана. І гэта не выпадкова, бо, сустрэўшыся з Хрыстом і прасвяціўшыся ад Яго святлом Ісціны, яна сама стала святлом і несла яго ў сваім жыцці, прасвятляючы ім усякага чалавека, які сустракаўся на яе жыццёвым шляху. Гэта адзіная сустрэча Хрыста і самаранкі для жанчыны-грэшніцы і для ўсяго свету стала сустрэчай з Жывым Богам, бо тут, побач з калодзежам жыцця часовага, упершыню для свету забруіла невядомая дагэтуль на зямлі крыніца Жыцця Вечнага – Святая Царква Божая, а яе жывая вада – гэта сіла благадаці Божай, якая асвячае, прасвятляе, ачышчае ад грахоў і даруе іх кожнаму чалавеку, што прыпадае да яе. Але чаму пра гэтую старажытную па часе Крыніцу Жыцця сёння шмат хто забыўся, а многія наогул адмаўляюцца ад яе? Хлусня! – ці не гэта і ёсць цяпер і для нас тая страшная хвароба, што ставіць сучасны свет на мяжу катастрофы?! Ці не яна выцясняе ісціну з жыцця, а неадпаведнасць паміж словамі і справамі, што нараджаецца ўсё з той жа хлусні, забівае дух жыцця ў нас?! Мы можам быць дрэннымі, мы можам быць шмат у чым больш грэшныя за жанчыну-самаранку, але мы не можам быць ілжывымі і не павінны быць такімі. Бог здольны выратаваць кожнага чалавека, але Ён бяссільны перад нашай хлуснёю, калі мы ўжо заблытваемся ў ёй, ілжэм перад сабою, перад людзьмі, ілжэм перад Богам. Хрыстос можа выратаваць самага апошняга грэшніка, які каецца ў сваіх грахах, але не можа дапамагчы псеўдаправедніку, якім мы любім выстаўляць сябе. І вось цяпер, калі “сучасныя самаране і паганцы” – знясіленыя духоўнай прагай і атручаныя муццю ядавітых бязбожных вучэнняў людзі – шукаюць сапраўдную воду жыцця, каб ажывіць паміраючы дух і умацаваць аслабелае цела, кожнаму неабходна знайсці ў сабе праўдзівасць і магчымасць ўбачыць сябе такімі, якія мы ёсць на самой справе – без фальшывай аздобы і хлусні. Бо толькі тады Гасподзь – Ісціна, Праўда і Жыццё – зможа адгукнуцца на нашу горкую праўду і навучыць нас пакланяцца Яму ў духу і ісціне. Прага жыцця – вось первая ўмова, неабходная нам, каб, як тое здарылася і з самаранкай, сустрэць Жывога Бога. І ісціна святасці Божай і Яго міласэрнасці дасягне нашага сэрца, і ў святле гэтай ісціны мы ўбачым і ісціну свайго падзення, ісціну сваёй грахоўнасці. І жывое пачуццё гора прывядзе нас да Крыніцы жывой вады, і Божая благадаць сваёй гаючай сілай адновіць пашкоджаную грэхападзеннем чалавечую сутнасць, дасць духоўную свабоду розуму, вызваліць ад кайданоў граху. Следам за прагай ісціны хутка, вельмі хутка пачынае з'яўляцца і пазнанне ісціны, бо Гасподзь адкрываецца таму, хто шукае сустрэчы з Ім. Прага імкнення за Хрыстом патрабуе ад нас некаторага подзвігу, які абавязкова спалучаецца з перанясеннем без нараканняў жыццёвых выпрабаванняў, наканаваных нам Промыслам Божым. Часам нам здаецца, што ўсё ў нашым жыцці павінна быць лёгка і атрымлівацца без асаблівай працы, без асаблівых намаганняў. Але ў Святым Пісанні Гасподзь гаворыць, звяртаючыся да кожнага з нас: “ У свеце гора зазнаеце, але мужайцеся: Я перамог свет ” (Іаан.16:33), ” Хто выцерпіць да канца, той спасёны будзе ” (Мф.24:13). Цярпець павінны мы, цярпець да канца – вось чаму вучыць нас Святая Хрыстова Праваслаўная Царква. І мы знаходзім яшчэ і іншае сведчанне, таксама ўзятае са Святога Пісання: “Ад дзён жа Іаана Хрысціцеля да сёння Царства Божае дасягаецца сілаю, і тыя, што сілу ўжываюць, здабываюць яго” (Мф.11:12). Гасподзь многае дае кожнаму з нас, але кожны з нас павінен папрацаваць, каб прыняць гэты Божы дар. Сведчанне самаранкі пра Бога прывяло яе да святасці. Яна прыняла пакутніцкую смерць за сваю пропаведзь пра Хрыста: яе кінулі ў калодзеж. З першых часоў у Царкве хрысціянскай існуюць апавяданні пра жыццё і справы святых падзвіжнікаў і вызнаўцаў веры. Пачатак гэтаму быў пакладзены евангелістам Лукою. У Дзяяннях Святых Апосталаў ён апісвае подзвіг і пакуты першавярхоўных вучняў Збавіцеля і іншых Яго паслядоўнікаў. Царква стаіць на крыві мучанікаў. Мучанікі засведчылі сваю веру ў Хрыста самым радыкальным чынам: яны аддалі за Яго сваё жыццё. За дваццаць стагоддзяў жыцця Царквы пакутніцкую смерць прынялі тысячы хрысціянаў. Але самую вялікую колькасць мучанікаў і вызнаўцаў веры дала наша Царква ў 20-м стагоддзі. Усе яны называюцца навамучанікамі і вызнаўцамі веры Зямлі Расійскай. Колькасць іх вялікая. Ніколі яшчэ ў гісторыі хрысціянскай Царквы не было такога жорсткага і працяглага ганення. Ніколі яшчэ антыхрысціянская ўлада не здзяйсняла такіх масавых злачынстваў і такой яўнай дэманстрацыі нянавісці да Праваслаўя і Царквы Хрыстовай. З мільёнаў забітых сотні тысяч памерлі з верай, малітвай і пакаяннем на вуснах і ў сэрцы. Ісціна Божая з'явілася на цяпер у асобах святых, некалі зняважаных і абражаных, паказаўшы свету іх праўду. І цемра паглынула тых, хто супрацьстаяў ісціне, і памяць іх згінула. Сёння нам надзвычай важна ведаць нашу веру, бо зноў надыходзіць час барацьбы за Праваслаўе. Мы закліканы ў меру сваіх сілаў, у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, якія дадзены кожнаму з нас Госпадам, вучыцца таму хрысціянскаму подзвігу, які здзяйснялі ўсе святыя падзвіжнікі веры, а не сядзець склаўшы рукі і не плыць па цячэнні, бо па цячэнні плыве толькі дохлая рыбіна. Сёння Гасподзь кліча нас абараняць Ісціну Праваслаўя ад памножыўшыхся прапаведнікаў цемры. Кліча нас сёння Хрыстос: заклікае нас быць падобнымі да падзвіжнікаў, узнагароджаных Богам вянцамі славы. Недастаткова захоўваць асабістую ўнутраную прыстойнасць, патрэбна таксама бачыць і разумець усю духоўную карціну, якая навокал нас. Гасподзь даў нам магчымасць убачыць і пазнаць Шлях Жыцця і шлях смерці і быць вольнымі ў сваім выбары паміж імі. Давайце ж прыгледзімся да сябе і запытаем у свайго сумлення: ці не ідзем мы шляхам здрадніка Іуды? Хіба не робім мы часта свядома супрацьлеглае таму, пра што гаворыць і што падказвае нам наша сумленне? У самаранцы Гасподзь знайшоў такую душу, якая, хоць і была яшчэ ў цемры змяшанай з паганскімі забабонамі веры і грахоўнага жыцця, але, як толькі дасягнулі яе промні святла Хрыстова, увесь гэты змрок рассеяўся. І яна, да гэтай пары чужая, у адно імгненне стала бліжэй за тых, што здаваліся сваімі… Больш простыя і здаровыя душы самаран, не забрудзіўшыя веру палітыкай, аказаліся больш здольнымі прыняць Месію, чым апантаныя гардыняю душы іудзеяў, якія лічылі выключна сябе сынамі Аўраама і прамымі спадкаемцамі Богам дадзеных яму абяцанняў. З гэтага евангельскага апавядання вынікае ўрок і нам, праваслаўным, якія ў гардыні сваёй выхваляюцца прыналежнасцю да Ісціны, але не валодаюць унутранай прыстойнасцю і годнасцю. Самаранка вучыць усіх нас быць у жыцці адкрытымі і здольнымі прыняць Слова Божае, стаць ачышчанымі Яго духоўнай прастатой, быць прасвятлённымі Боскім святлом і прыняць яго ў глыбіні нашага сэрца, прыняць яго ўсім сваім жыццём так, каб людзі бачылі, кім мы сталі, і змаглі паверыць, што сапраўднае Святло прыйшло ў свет. Будзем жа маліцца да самаранкі, каб яна навучыла нас, прывяла нас да Хрыста, як і сама яна прыйшла да Яго, і мы змаглі паслужыць Яму, як і яна паслужыла Сыну Божаму, стаўшы выратаваннем для ўсіх, хто быў побач з ёю. Амінь! |
< Папярэдні | Наступны > |
---|