Нядзеля 4-я пасля Пасхі, пра паралізаванага |
“ Іісус сустрэў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровым; больш не грашы, каб не здарылася з табою чаго горшага ” (Іаан.5:14) . Гэтыя словы Збавіцеля, звернутыя да ацалённага Ім паралізаванага чалавека, указваюць на прычынна-выніковую сувязь паміж нашымі немачамі і грахамі. Пры гэтым неабходна помніць, што не Бог карае нас хваробай за кожны здзейснены грэх: калі б гэта было сапраўды так, напэўна, кожны з нас не дажыў бы і да трыццаці гадоў. Відавочна, што, здзяйсняючы грэх, мы самі, у адпаведнасці са сваёй свабоднай воляй, трапляем пад уладу смерці. Грэх – прычына ўсіх нягод чалавека і ў яго часовым жыцці, і ў жыцці вечным. Тры пакаранні вызначаны былі правасуддзем Божым за саграшэнні ўсяго чалавецтва. Два з іх ужо адбыліся, адно – яшчэ наперадзе. Першым пакараннем была смерць, якая пачала ўладарыць над чалавецтвам з моманту яго грэхападзення, калі людзі страцілі жывую сувязь з Богам – Крыніцаю жыцця. Другое пакаранне – гэта сусветны патоп, які здарыўся з чалавецтвам з-за таго, што людзі замест жыцця духоўнага абралі цялесныя ўцехі і асалоды, страціўшы сваю чалавечую годнасць і апусціўшыся да жывёльнага ладу жыцця. Апошняй карай павінна быць знішчэнне гэтага бачнага свету за яго адступленне ад Госпада Бога нашага Іісуса Хрыста і канчатковае ўхіленне чалавецтва ва ўзаемаадносіны з дэманамі. Часта бывае так, што нейкі род граху становіцца ўласцівым пэўнаму народу або асобнаму грамадству і тым самым наклікае на яго гнеў Божы. Так жыхары старажытных гарадоў Садома і Гаморы за сваю злачынную разбэшчанасць, маральную сапсаванасць і заганнае дагаджэнне сваёй плоці былі спалены агнём, які сышоў з неба; так камня на камені не засталося ад прыгожага Іерусаліма, жыхары якога загінулі ад рымскіх мячоў за тое, што выракліся Збавіцеля і асудзілі на смерць Сына Божага. Заразлівы грэх, цяжка ад яго ўстрымацца асобнаму чалавеку, асабліва калі грэх гэты пануе ў цэлым грамадстве. Тыя ж, хто пад кіраўніцтвам Слова Божага змагаюцца з грахом і супраціўляюцца яму, атрымліваюць перамогу над грахоўнасцю, якая адначасова з'яўляецца і перамогай над вечнай смерцю. Яны здольны тады супрацьстаяць і ўсеагульным грахоўным заганам. Гэта мы бачым на прыкладзе святых мучанікаў. Захоплены ж уласнымі грахамі чалавек не можа не паддацца і граху, які пануе ў грамадстве, бо ён не здольны будзе яго своечасова разгледзець і распазнаць. Сутнасць подзвігу супраць граху – у перамозе над ім у сваёй уласнай душы, у розуме і ў сэрцы, у адмаўленні ад яго ўсёй сваёй сутнасцю. Канешне, і ў евангельскім апавяданні пра ацаленне паралізаванага, і ў іншых месцах Святога Пісання Бог проста папярэджвае нас аб небяспецы дапушчэння граху і захаплення ім, а не пагражае нам Сваёй помстай за здзяйсненне грахоўных учынкаў. Выкліканы намі да жыцця грэх нараджае смерць. А тое, што пасля кожнага нашага грахоўнага ўчынку мы ўсё ж такі не паміраем, – проста цуд незвычайнай Божай міласэрнасці, Божай любві да нас, грэшных і нявартых Яго міласці, воля і свядомасць якіх паралізавана грахом – хваробай духоўнай, як некалі быў паралізаваны і хворы чалавек з сённяшняга евангельскага чытання. Таму дзеля ацалення ад нашых шматлікіх немачаў зусім не абавязкова ехаць у далёкі Іерусалім і шукаць там купальню каля Авечых варот. Для таго, каб не здарылася з намі “ чаго горшага ” , трэба ісці ў храм Божы – і не на край свету, не ў суседні раён, а ў той, які бліжэй за ўсё да нашай хаты. Ісці туды трэба за вельмі простай рэччу: за лекавым сродкам ад граху, які даецца ўсім жадаючым у неабмежаванай колькасці, і пры гэтым якасць лячэння зусім не залежыць ад сценаў, у якіх яно адбываецца, і абсалютна не звязана з асабістымі якасцямі святароў – тых, каму Богам даверана быць пры гэтым лячэнні сведкамі. Лякарства ад граху – Пакаянне, адно з найвялікшых Таінстваў Царквы. Пакаянне – гэта стан чалавечай душы, унутраны яе рух, накіраванасць да Неба, імкненне да Бога, працэс яе перамянення, які адбываецца напрацягу ўсяго жыцця чалавека і не абмяжоўваецца адным толькі ўдзелам у споведзі, таму што Пакаянне – гэта і штодзённая напружаная барацьба з самім сабою, са сваімі ўласнымі грахамі і грахоўнымі звычкамі, са сваёй лянотай у справе дасягнення Царства Божага, з тым духам тугі, адчаю і маркоты, што імкнецца нас перамагчы; Пакаянне – гэта і развагі пра Бога, пра навакольны свет, пра сваё месца ў ім і наша стаўленне да яго, пра нашы мэты ў гэтым свеце і гэтым жыцці; Пакаянне – гэта, канешне ж, і цяжкая навука жыць у згодзе з тымі людзьмі, якія вакол нас, і імкнуцца іх палюбіць. Усё гэта – Пакаянне. Шмат хто з нас думае, што споведзь – гэта момант, калі можна паскардзіцца на жыццё, калі можна абмеркаваць надзённыя клопаты, калі можна і трэба паслухаць мудрага і шматвопытнага духоўніка, набрацца ад яго розуму і прамудрасці. Некаторым здаецца, што на споведзі неабходна самым падрабязным чынам пералічыць усе свае правіннасці, заганы і дрэнныя думкі, і не дай бог пры гэтым пра што-небудзь забыцца. І вось бярэ такі чалавек – пачынаючы хрысціянін – кнігу вядомага праваслаўнага пастыра, манаха-аскета, якую той напісаў, зыходзячы са свайго ўласнага саліднага жыццёвага вопыту, і старана перапісвае яе, наіўна мяркуючы, што духоўны вопыт старца-манаха і яго ўласны жыццёвы вопыт супадаюць і з'яўляюцца тоеснымі, ды яшчэ і кажа духоўніку: “Гэта пра мяне напісана!” Не цеш сябе дарэмнай надзеяй, дружа! Гэта не пра цябе. Гэта вопыт яго, старца, жыцця. Гэта яму, вялікаму аскету, грэшна спяваць мірскія песні. Гэта ён, шчыры малітвеннік, можа каяцца на споведзі ў пабочных думках і заклапочанасці мірскімі справамі. А нам, што толькі сталі на шлях духоўнага жыцця, рана непрыкметны пыл з душы пэндзлікам змахваць. Нам трэба глыбы грахоўныя з душы выкарчаваць і выдаліць. Тут ужо, прабачце, не да шліфоўкі, не да тонкасцяў. Не, споведзь – не гутарка аб “ духоўным ” , не багаслоўская дыскусія . Споведзь – гэта Страшны Суд, які для цябе, грэшнік, настаў вось зараз, у гэты самы момант. І менавіта цяпер – твой апошні шанс, твая апошняя магчымасць пачаць жыццё з чыстай старонкі. Перад табою, грэшнік, Пачэсны Крыж Госпада, на якім Сын Божы прыняў смерць за нас, і Яго Святое Евангелле. Перад табою – Сам Хрыстос. І ты прыходзіш да Яго не для таго, каб проста пагутарыць пра тое, пра сёе… Ты, паколькі табе дадзены апошні шанс, прыходзіш, каб папрасіць: “Павер мне, Госпадзі, яшчэ раз. Апошні раз! Я ніколі, чуеш, ніколі больш не здзейсню гэтага граху! Я не здолею пераадолець усе мае недахопы і заганы. Я не змагу перамагчы ўсе свае грахі, але вось гэты грэх я сёння з душы выкарчую. Гэтую адзіную, самую галоўную на дадзены момант сваю слабасць я з сябе выдаляю рашуча і канчаткова. Так, такім чынам я ўжо больш не саграшу! І ў якасці падмацавання гэтай вялікай клятвы, у знак сваёй рашучасці пазбавіцца ад гэтага хай малога, хай аднаго, але – граху, я цалую Святы Крыж і Тваё Слова.” Вось гэта і ёсць самы эфектыўны лекавы сродак супраць самай небяспечнай духоўнай хваробы – граху. Усё часцей і часцей на споведзь прыходзяць людзі, якія жывуць з самімі сабой у міры і гармоніі. Так, я – грэшнік, думае такі чалавек – і грэшны і тым, і гэтым, і пятым, і дзесятым… Што ж тут зробіш! Сапраўды, калі ў чалавека сотні грахоў, тысячы дробных заганаў і недахопаў, яму гэтае сатанінскае полчышча ніколі не перамагчы. Змагайся спачатку з адным, а, калі дасягнеш поспеху, бярыся за другі. Перш чым перамагчы грэх шматслоўя, паспрабуй спачатку пазбавіцца ад граху вымаўлення брудных словаў. Інакш кажучы, споведзь нармальнага хрысціяніна павінна быць максімальна лаканічнай і сціслай, таму што кожны з нас добра ведае свой самы страшны для яго на сённяшні дзень грэх. Той, перад якім усе астатнія трымцяць і бляднеюць. Вось на яго і кінь усе сілы сваёй душы, вось аб ім і плач на споведзі. Вось ад яго і адракайся з самай страшнай клятвай. І тады, магчыма, праз шмат гадоў – ты пераможаш! Пераможаш, каб Гасподзь дапамог табе ўбачыць наступны твой грэх. Тут нам неабходна прыгадаць паралізаванага чалавека: ён 38 гадоў чакаў свайго ацалення і дачакаўся яго! Будзем цярпліва чакаць ацалення і пры гэтым прыкладваць усе магчымыя намаганні са свайго боку дзеля дасягнення канчатковага мэты – вызвалення ад граху. І тады Гасподзь, убачыўшы нашы добрыя намеры, абавязкова дапаможа нам і скажа: “Устань, вазьмі пасцель тваю і хадзі” (Іаан.5:8). Нагадваючы, як Гасподзь ацаліў паралізаванага, Царква папярэджвае нас ад упадзення ў адчай. Калі мы заўважаем у сабе хаця б адзін грэх, калі пакутуем і перажываем з-за яго і калі імкнемся з ім змагацца і яго перамагчы, – значыць, мы яшчэ духоўна жывыя. І нават калі мы не бачым відавочных вынікаў, – мы не павінны губляць надзею. Гасподзь бачыць і ведае ўсе нашы справы і думкі, як бачыў Ён веру і надзею таго няшчаснага паралізаванага чалавека. Ён бачыць нават слабыя спробы барацьбы з грахом. Самае галоўнае, каб у нас ніколі не знікала надзея на тое, што па міласці Божай (не сваімі сіламі: на іх спадзявацца нельга, бо яны слабыя і кволыя!) мы атрымаем ацаленне! Вось тыя ўрокі, якія нам прапануе сёння Святая Царква ў гэты дзень, названы Нядзеляй пра паралізаванага. Дай Бог, каб па малітвах усіх падзвіжнікаў веры Гасподзь умацаваў у сэрцах нашых веру ў Яго і даў нам непарушную надзею на тое, што, калі Гасподзь дазволіць і будзе на тое Яго Святая Воля, мы з вамі рана ці позна атрымаем ацаленне ад усіх сваіх хваробаў і душы, і цела. Амінь. |
< Папярэдні | Наступны > |
---|