Ні Евангелле, ні Царква не вучаць, што памерлы Хрыстос быў біялагічна вернуты да жыцця такім самым, якім быў Ён да Сваёй смерці. Ён уваскрэс у новым і слаўным вобразе: Яго чалавечая прырода, паўстаўшая з мёртвых, была напоўнена вечным жыццём Царства Божага.
Цела Хрыстова пасля Уваскрасення стала іншым, набыло новыя якасці: стала перамянённым, праслаўленым, духоўным – гэта значыць, цалкам падпарадкаваным Духу. Прастора і час не абмяжоўвалі Уваскрэслага Госпада. Збавіцель адначасова з'яўляўся ў розных месцах, праходзіў скрозь замкнёныя дзверы. Відавочна, Ён ужо не меў патрэбы ў зямной ежы, але, каб пераканаць вучняў у сваёй рэальнасці, спажываў яе перад імі. Цела Паўстаўшага з мёртвых Госпада захавала нанесеныя Яму раны і знявечанні. У гэтым мы бачым указанне на тое, што пакуты, подзвігі і ўсе годныя ўчынкі, зробленыя добрымі людзьмі, знойдуць сваё месца пры іх вечным праслаўленні.
У гэтыя светлыя дні, поўныя радасных перажыванняў, калі апосталы пераканаліся ў тым, што Сын Божы сапраўды ўваскрос, Збавіцель настойліва падкрэслівае ім, што перад імі не здань, не прывід, не дух, што уваскрэсла Яго цела, узышоўшы на найвышэйшую ступень духоўнай цялеснасці, якая не ведае перашкодаў і абмежаванняў, уласцівых грубай матэрыі.
Жывы Гасподзь – у гэтым пераконваліся вучні. Але вось з адзінаццаці толькі адзін Фама застаецца як бы ў баку ад гэтага. Горыччу крыўды сціскаецца сэрца Фамы, і ён усклікае: “Калі не ўбачу на руках Яго ран ад цвікоў і не ўкладу рукі маёй у бок Яго, не паверу.” (Іаан. 20:25) І ў гэтым “калі не ўбачу – не паверу” было выражана, як заўважае Святая Царква, “добрае нявер'е Фамы” – гэта значыць, жаданне хутчэй самому ўбачыць Паўстаўшага з мёртвых Настаўніка.
І вось на восьмы дзень пасля Уваскрасення зноў з'явіўся Іісус сярод вучняў, зноў пачуўся Яго ціхі голас: “Мір вам” (Іаан. 20:26) і звернуты да Фамы ласкавы дакор: “Дай палец твой сюды і паглядзі на рукі Мае; і дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, а будзь веруючым.” (Іаан. 20:27) – “Гасподзь мой і Бог мой”(Іаан. 20:28), трапечучы ад радасці ўсклікнуў Фама.
Звярніце ўвагу на тое, што Уваскрэслы Хрыстос не з'явіўся ні Анне, ні Каіафе, ні каму-небудзь іншаму са Сваіх мучыцеляў. Чаму? Ды таму, што іх злая воля не прымала відавочнага факта паўстання з мёртвых Таго, Каго яны асудзілі на смерць. Да іх цалкам адносіліся словы Аўраама: ” Калі б хто з мёртвых уваскрэс – не павераць.” (Лк. 16:31) Але Ён з'явіўся “добраму нявер'ю Фамы”, з'явіўся і Свайму ганіцелю Саўлу, заклікаўшы яго да дабравешчання, бо душа Саўла сумавала па Богу, шукала Ісціну. Саўл не толькі не дакранаўся да ран Уваскрэслага, але нават не бачыў Яго аблічча. Праз тры гады пасля крыжовых пакутаў Збавіцеля з вышыні Нябёсаў прагучаў заклік Сына Божага і перамяніў душу Саўла так, што былы ганіцель стаў святым першавярхоўным апосталам Паўлам.
Прызнаваць існаванне нейкага найвышэйшага абсалюта, якога можна назваць богам, напэўна, лёгка. Сёння можна знайсці вельмі мала людзей, якія б не верылі ў тое, што Бог сапраўды існуе. Лёгка, відаць, верыць у якогасьці там трансцэндэнтнага Бога.
Мы павінны не проста верыць у быццё Бога, а паверыць у Таго Бога, Які дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення стаў чалавекам, пацярпеў пакуты і прыняў смерць, праліў Сваю Пачэсную Кроў, а затым уваскрэс, каб і ўсе мы разам з Ім уваскрэслі і былі ўзнесены на неба.
На гэтым будуецца ўсё жыццё Царквы, увесь хрысціянскі светапогляд, уся веліч чалавека, усё бязмежнае змірэнне Божае. У Хрысце нам раскрыта і тое, і другое; і мы радуемся не толькі аб тым, што Бог ёсць Бог любві, што Бог ёсць Збавіцель наш, але радуемся і з тае нагоды, што ў Ім нам адкрыта ўся веліч чалавека. Чалавек такі вялікі, што Бог можа ўмясціцца ў ім; чалавек настолькі вялікі, што Хрыстос можа прайсці праз вароты смерці і ўвайсці ў жыццё вечнае і з Сабою захапіць і ўвесці нас у вечнасць. Чалавек настолькі вялікі, што Хрыстос, далучыўшыся да нашай чалавечай прыроды ва ўсіх адносінах, акрамя граху, цалкам далучае нас да Сваёй Боскай сутнасці, калі толькі мы адкрываемся Яго ўздзеянню. Але наша ўваскрасенне і наша ўзнясенне на неба будуць немагчымыя, калі мы самі не зменімся, калі з намі не адбудзецца перамяненне ўласнай грахоўнай сутнасці.. Менавіта ў гэтым і ёсць тая цяжкасць, з якой сутыкаецца шмат хто з людзей. Аказваецца, мы не проста павінны верыць, а павінны ЖЫЦЬ у адпаведнасці са сваёй верай. А гэта не проста, таму што прызнаваць быццё Бога, Які недзе там існуе, могуць усе, а вось верыць у Бога, Які не толькі існуе, але і любіць мяне і чакае ад мяне любові ў адказ, можа далёка не кожны. Нам неабходна не проста паверыць у існаванне або быццё Бога, а імкнуцца сустрэць Яго як доўгачаканага госця, як такую дарагую істоту, без Якой жыць немагчыма, без Якой страчвае сэнс ўсё жыццё.
Апосталы зачыніліся ў Сіонскай святліцы “з-за страху перад іудзеямі” (Іаан. 20:19). Хоць Хрыстос ім ўжо з'яўляўся і яны ведалі, што Ён уваскрэс, але страх яшчэ ўсё роўна знаходзіўся ў іх сэрцах. За ўсю гісторыю хрысціянскай царквы вось ужо амаль дзве тысячы гадоў і, хутчэй за ўсё, да другога прышэсця ў славе Госпада нашага Іісуса Хрыста хрысціяне збіраліся і будуць збірацца “пры зачыненых дзвярах”. Гэта значыць, што ўвесь час яны будуць у нейкім страху перад моцнымі свету гэтага, перад грамадствам свету гэтага; увесь час яны будуць у меншасці, і для таго, каб ім верыць, вызнаваць сваю веру, маліцца, каб жыць ім хрысціянскім жыццём, заўсёды прыходзіцца быць пры “дзверах зачыненых”. Хіба гэта не адбываецца і ў нашым з вамі жыцці? Хіба і мы не жывем так, як жылі першыя хрысціяне – пры “ зачыненых дзвярах ” ? Мы збіраемся, молімся, святкуем, вызнаем сваю веру, верым у Хрыста і праслаўляем Яго, імкнемся выконваць запаведзі Божыя, жыць згодна з Яго вучэннем – і ўсё гэта ў сваім асабістым жыцці, у сваім сямейным жыцці, у сваім вузкім коле аднадумцаў. А ў знешнім свеце, які адмаўляецца ад Хрыста, з-за вызнання сваёй веры мы церпім розныя абмежаванні. Сапраўды, усё жыццё хрысціянскай царквы – і наша з вамі таксама – адбываецца “пры зачыненых дзвярах з-за страху перад іудземі ”: з-за страху перад атэістычным грамадствам, з-за страху перад іншымі людзьмі ў свеце гэтым.
А Збавіцель заўсёды прыходзіць да нас і кажа нам: “ Мір вам! Не бойся, малы статак, у свеце гора зазнаеце, але мужайцеся, будзьце смелымі – Я перамог свет. ” “Ідзіце ў свет, – казаў Ён апосталам, – ідзіце, прапаведуйце, вучыце ўсе народы, прыводзьце іх да веры, дабравесціце ім Евангелле, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаваў вам, а Я заўсёды буду з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку.”
І зараз гучыць Яго голас, звернуты да нас, і цяпер Сын Божы кажа нам: ” Нягледзячы на тое, што жывяце вы за зачыненымі дзвярымі, што паддаецеся страху, адчыняйце дзверы і выходзьце, ідзіце ў свет, прапаведуйце Евангелле, хрысціце, вучыце людзей выконваць усё, што Я запаведаў, чаму Я вучыў, далучайце людзей да Майго вучэння. Што б ні здарылася – Я буду з вамі.”
Гісторыя апостала Фамы – гэта гісторыя ўсёй хрысціянскай царквы.І наша з вамі гісторыя таксама.. З намі адбывалася і адбываецца тое ж, што адбылося з апосталам Фамою.Мы верай сваёй перамагаем слабасць, спакусу, нявер'е, малавер'е. Пасля ўпадку веры, пасля крызісу мы зноў знаходзім у сабе сілы глыбока, аддана і свядома верыць у Госпада і гаворым Яму: “Гасподзь мой і Бог мой!” І мы маем большае абяцанне, чым апостал Фама, таму што Гасподзь сказаў: “Ты ўвераваў, таму што ўбачыў Мяне, блажэнныя тыя, якія не бачылі і ўверавалі” (Іаан. 20:29). Мы не бачым фізічна, мы не маем ніякіх рэчавых доказаў, але мы верым усёй сваёй душой. Бо калі не верым ва Уваскрасенне Хрыстова, то, як кажа апостал Павел, вера наша будзе пустая і дарэмная. Бо калі Хрыстос не уваскрос, тады наша дабравешчанне, наша хрысціянскае вучэнне будзе проста адной са шматлікіх філасофскіх, ідэалагічных сістэмаў, якіх ужо шмат было, ёсць і будзе. Але мы не толькі верым, але і ведаем, браты і сёстры, ведаем, як ведалі апосталы, якія бачылі Збавіцеля, якія дакраналіся да Яго, якія пераканаліся, што Хрыстос сапраўды уваскрос. І мы з Ім уваскрэснем, уваскрэсне і ўсё чалавецтва.
Апостал Фама ўбачыў Хрыста і забыў пра свой страх. Ён смела і адкрыта вызнае сваю веру ў Хрыста Уваскрэслага: “ Гасподзь мой і Бог мой!
Ісціна Хрыстова Уваскрасення ёсць Ісціна абсалютная, дасканалая. Гэта не толькі Ісціна веры, але таксама і Ісціна розуму, перамога Праўды і Дабра. За гэтую Ісціну былі распятыя апосталы Пётр і Андрэй, за Яе адсеклі галовы апосталам Іакаву і Паўлу, пакаралі смерцю апосталаў Філіпа і Нафанаіла. Апостал Фама трапіў у цямніцу, прайшоў праз катаванні і, нарэшце, працяты пяццю дзідамі, адышоў да Госпада. За Паўстаўшага з мёртвых Царква Яго прайшла праз ганенні. За Імя Яго ішлі і ідуць на пакуты тысячы і тысячы мучанікаў. Калі б і мы з вамі заўсёды маглі падобным чынам вызнаваць Хрыста ў сваім жыцці!
Вера – гэта такі стан чалавека, які дапамагае яму заўсёды адчуваць прысутнасць Бога ў сваім уласным жыцці. Шлях веры – цяжкі шлях, на якім сустракаюцца шматлікія перашкоды. Дзеля мяне асабіста, деля кожнага з нас прыходзіў на гэтую зямлю Гасподзь. У такога Бога мы павінны верыць. І калі дзеля мяне асабіста Гасподзь прыйшоў на гэту зямлю, калі Гасподзь хоча, каб я быў разам з Ім, калі Гасподзь жадае мне збаўлення, жадае выратаваць маю душу і хоча зрабіць мяне Сваім сынам або дачкою, – то я таксама павінен адгукнуцца на Яго любоў і не быць да яе абыякавым, пасіўным, інэртным. Самае страшнае – гэта абыякавасць і раўнадушша да Ісціны. Будзем жа пазбягаць іх! Гасподзь наш Іісус Хрыстос у Сваім Адкрыцці святому апосталу і евангелісту Іаану Багаслову выразна і ясна паказвае нам, якім небяспечным з'яўляецца абыякавасць і раўнадушша ў справах веры. Ён звяртаецца да Ангела, прадстаўніка Лаадыкійскай Царквы, і гаворыць: “Ведаю твае дзеі. Ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны альбо гарачы! Але так, як ты ні халодны, ні гарачы, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх!” (Адкр.3:14-16) Больш рэзка сказана ў царкоўнаславянскім тэксце: “Изблевати тя имам из уст Моих”, быццам арганізм рашуча пазбаўляецца і выдаляе з сябе нешта яму карэнным чынам чужароднае і шкоднае.
Мы павінны быць гарачымі, каб заўсёды ў сэрцы трымаць жывое полымя веры ў Таго Бога, Які нас любіць. Дай Бог, браты і сёстры, каб мы з вамі зразумелі і ўсвядомілі гэта; зразумелі і ўсвядомілі не толькі розумам, але – перш за ўсё – сваім сэрцам. І, усвядоміўшы гэта, прыклалі ўсе намаганні для таго, каб кожны з нас не проста лічыў сябе веруючым чалавекам, але і сапраўды жыў у адпаведнасці са сваёй верай – гэта значыць, адгукаўся на тую любоў, якой кожнага з нас любіць Гасподзь. І тады мы ўсе, без выключэнняў, разам з апосталам Фамою зможам заўсёды ўсклікаць: “Гасподзь мой і Бог мой!”