http://belmova.hram.by
Разьдзел 9
1. I сказаў ім: "Запраўды, гавару вам, ёсьць некаторыя з прысутных тут, што не зазнаюць сьмерці, як ужо ўбачаць Уладарства Божае, яўленае ў сіле". 2. Па шасьцёх днёх узяў Ісус Пятра, Якуба і Яна ды узьвёў на гару высокую асобна іх адных, і перамяніўся перад імі. 3. Вопратка яго стала зіхатлівай, белай, як сьнег, як на зямлі бялільнік ня можа выбелець. 4. I зьявіуся ім Ільля з Майсеем, і размаўлялі зь Ісусам. 5. Тады азваўся Пётра й сказаў Ісусу: "Вучыцель! Добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну й адну Ільлі". 6. Гаварыў, ня ведаючы, што сказаць, бо былі яны перастрашаныя. 7. I спусьцілася хмара, ахінаючы іх; і пачуўся голас з-за хмары: "Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце". 8. I раптам, азірнуўшыся навокал, нікога больш з сабою ня ўбачылі, апрача Ісуса й сябе самых. 9. Калі-ж зыходзілі яны з гары, Ён загадаў ім нікому не расказваць пра бачанае тут, пакуль Сын Чалавечы не уваскрэсьне зь мёртвых. 10. І яны ўспрынялі ў сябе гэтае слова й разважалі між сабою, пытаючы адзін аднаго, што азначае — уваскроснуць зь мёртвых. 11. I спыталіся ў Яго, кажучы: "Як-жа кніжнікі гавораць, што перш належыць прыйсьці Ільлі". 12. Ён-жа ў адказ сказаў ім: "Так, Ільлі належыць прыйсьці перш і прыгатаваць усё; і Сыну Чалавечаму, як напісана пра Яго, належыць шмат адцярпець і быць пагарджанаму. 13. Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, як захацелі, як і напісана пра яго". 14. I, прыйшоўшы да вучняў, убачыў многа народу вакол іх і кніжнікаў, якія спрачаліся зь імі. 15. I раптам увесь народ, убачыўшы Яго, зумеўся, і ў боязьні падбягалі й віталі Яго. 16. Ён-жа спытаўся ў кніжнікаў: "Пра што спрачаецеся зь імі?" 17. Адзін-жа з народу, азваўшыся сказаў: "Вучыцель! Я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога. 18. I дзе ні схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніць і скрыгоча зубамі сваімі ды пруцянее; я гаварыў вучням Тваім, каб выгналі яго, і не змаглі.” 19. Ісус у адказ сказаў яму: "О, родзе няверны! Дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? Прывядзеце яго да Мяне". 20. I прывялі яго да Ісуса; убачыўшы Яго, дух страсянуў нямога, і той упаў на зямлю й валяўся, спускаючы пену. 21. І спытаўся ў бацькі яго: "Колькі часу прайшло, як гэта сталася зь ім?" Той-жа адказаў: "Зь дзяцінства. 22. І шмат разоў дух кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго; але калі што можаш, зьлітуйся над намі й памажы нам". 23. Ісус сказаў яму: "Калі крыху можаш верыць, усё магчыма для таго, хто верыць". 24. I ўраз загаласіўшы, бацька юнака сказаў праз сьлёзы: "Веру, Госпадзе, памажы майму недаверству". 25. Тады Ісус, бачачы, што зьбягаецца народ, загразіў Духу нячыстаму, кажучы яму: "Дух нямы й глухі: Я загадваю табе, выйдзі зь яго й больш не ўваходзь у яго". 26. I, моцна закрычаўшы й скалануўшы яго, выйшаў; і ён стаўся, як няжывы, а многія гаварылі, памёр. 27. Ісус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў. 28. I калі Ісус увайшоў у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго: "Чаму мы не маглі выгнаць яго?" 29. I сказаў ім: "Род гэты інакш ня можа выйсьці, як толькі ад малітвы й посту". 30. I, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся. 31. Бо навучаў вучняў сваіх, гаворачы ім, што Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі чалавечыя, і заб'юць Яго, і быўшы забітым, на трэйці дзень уваскросьне. 32. Яны-ж не разумелі сказанага, але баяліся ў Яго спытацца. 33. I прыйшлі ў Капэрнаум; а калі быў у доме, папытаўся ў іх: "Пра што вы ў дарозе разважалі між сабою?" 34. Яны-ж маўчалі, бо разважалі ў дарозе між сабою, хто зь іх большы. 35. I, сеўшы, падклікаў дванаццацёх і сказаў ім: "Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім і для ўсіх слугою.” 36. I, узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх, ды абняўшы яго, сказаў ім: 37. "Хто прыйме адно з гэткіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, хто паслаў Мяне". 38. Пры гэтым Ян, азваўшыся, сказаў: "Вучыцель, мы бачылі чалавека, які Імём Тваім выганяе злыдухаў, але ня йдзе за намі; і мы забаранілі яму, бо ён ня йдзе за намі". 39. Ісус-жа сказаў: "Не забараняйце яму, бо ніхто, стварыўшы цуд Імём Маім, ня будзе зараз зласловіць. 40. Бо хто ня супраць вас, той за вас. 41. Хто напоіць вас чашаю вады ў Імя Маё, дзеля таго, што вы Хрыстовы, — запраўды, кажу вам, ня страціць узнагароды свае. 42. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, верных Мне, лепш было-б яму, каб завесілі яму жарновы камень на шыю і ўкінулі ў мора. 43. I калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе калекам увайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі йсьці у геену, у агонь незгасальны. 44. Дзе й чарвяк іх ня ўмірае й агонь не згасае. 45. I калі нага твая спакушае цябе, адсячы яе: лепш табе увайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у агонь незгасальны. 46. Дзе й чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае. 47. I калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго: лепш табе аднавокаму увайсьці ў Уладарства Божае, чым з двума вокамі быць укінутым у геену агнявую. 48. Дзе чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае. 49. Бо кожны агнём асоліцца, і ўсякая ахвяра сольлю асоліцца. 50. Соль — добрая рэч; але калі соль несалёнай стане, чым яе асоліш? Мейце-ж соль у сабе, і мір мейце між сабою".
 
< Папярэдні   Наступны >
Назад
bel_svjat.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2023