Якой нябеснай светлай радасцю звіняць гэтыя два словы і адгукаюцца ў кожнай хрысціянскай душы. Хрысціянства – рэлігія радасці.
Пасха – гэта не ўспамін, гэта не мара. Пасха – гэта рэальнасць! Пропаведзь Уваскрасення Хрыстова – пропаведзь жывых сведкаў. Апосталы прапаведуюць факт, падзею, сведкамі якой яны былі.
Першыя хрысціяне сваю веру называлі не рэлігіяй, а Добрай Весткай, і сваё прызначэнне ў свеце бачылі ў яе абвяшчэнні і распаўсюджанні. Першыя хрысціяне ведалі і верылі, што Уваскрасенне Хрыстова – не проста прычына штогадовага святкавання, а крыніца сілы і перамянення жыцця.
Хрысціянства сцвярджае, што адзін чалавек можа быць мацнейшы за ўсіх. І менавіта ў гэтым сцверджанні добрая вестка пра Хрыста. Хрыста без улады, без супрацьборства, без якой бы та ні было зямной моцы. Здраджаны, пакінуты ўсімі і – Пераможца.
Ад пустой магілы святло Уваскрасення стала нястрымна разлівацца па ўсім свеце, выганяючы смерць і робячы жыццё сапраўды жыццём.
Пасха Хрыстова – гэта свята дзівоснай перамогі над смерцю і цялеснай, і духоўнай. Смерць на зямлі цяпер не палохае нас. Царква сцвярджае, што ў смерці мы сустракаем Хрыста, што Ён смерць ператварыў у сустрэчу з Сабой, у пачатак уваскрасення.
Таму і няма месца тужлівай безнадзейнасці і роспачы ў душы хрысціянскай. Што б ні здаралася ў свеце, не бойцеся нічога. Мы жывем там, дзе Уваскрэслы Хрыстос. Мы не сіроты ў гэтым свеце. З намі Айцец Нябесны!
Уваскрасенне Хрыстова напаўняе наша жыццё сэнсам, усяляе веру ў будучае. Светлая радасць Уваскрасення Хрыстова злучаецца сёння з цвёрдай надзеяй на перамогу праўды і святла ў нашым жыцці. Гэта перамога неабходна нам заўсёды і, асабліва, ў сённяшні няпросты час.
"Не прыйдзе Царства Божае бачным чынам", - сказаў Хрыстос. Царства Божае прыходзіць кожны раз – у сіле, святле і перамозе, – калі я, калі кожны вернік выносіць яго з храма і пачынае ім жыць у сваім жыцці.
І ў жыцці кожнага з нас, хто хаця б на імгненне адчуў блізасць нябеснага свету, адбываецца сустрэча з Уваскрэслым Госпадам, і Ён прыходзіць да кожнага, стукаючы ў дзверы яго сэрца, знаходзячы для кожнага свае словы. І мы павінны пачуць іх і адгукнуцца на іх, таму што Гасподзь прыйшоў выратаваць, адухатварыць і змяніць жыццё не толькі ўсіх, але і кожнага з нас. Таму сёння, у пасхальны дзень, вяртаючыся дадому, няхай кожны з вас нясе ў сэрцы сваім гэту радасць і думку, што Гасподзь явіўся і мне. Ён і для мяне паўстаў з мёртвых, і для мяне гаворыць, і са мной застаецца, і будзе заўсёды мой Гасподзь, мой Збавіцель, мой Бог.
Хацелася б шчыра пажадаць вам такой пасхальнай радасці, якая б ніколі ў вас не змяншалася і не страчвалася б. Няхай гэтая пасхальная радасць умацоўвае ў нашых сэрцах і веру, і надзею, і любоў і да Бога, і да ўсіх тых людзей, якія знаходзяцца побач з намі. З Пасхай Гасподняй вас, праваслаўныя!