З гісторыі Тураўскай епархіі |
З гісторыі Тураўскай епархіі Паводле царкоўнага падання, першыя місіянеры, якія неслі святло Хрыстовай праўды, маглі з'явіцца ў Тураве яшчэ да хрышчэння Кіева, бо вядома, што епархія славянскага першанастаўніка святога роўнаапостальнага Мяфодзія распаўсюджвалася да берагоў Прыпяці, а вучні яго па рэках Гарыні і Спаруй з Валыні заходзілі ў зямлю яцвягаў. Іншым цэнтрам распаўсюджання хрысціянства быў Кіеў, адкуль паходзілі вядомыя нам тураўскія князі, спадчыннікі роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра. З канца Х стагоддзя Тураў стаў палітычным і рэлігійна-культурным цэнтрам княства. Падчас княжання ў Тураве Святаполка (988–1015), з удзелам яго жонкі грачанкі Варвары, у Тураве хрысціянская вера значна пашырэла, будаваліся драўляныя цэрквы, быў заснаваны, паводле паддання, жаночы манастыр, які знаходзіўся на месцы, дзе пасля паўстала селішча Чарніцы. Ёсць ускосныя згадкі пра мужчынскі манастыр у Старажоўцах. Бясспрэчным сведчаннем высокай духоўнай культуры старажытнага Турава з'яўляецца пергаментнае Евангелле ХІ стагоддзя, знойдзенае ў 1866 г. у Тураўскай Спаса-Праабражэнскай царкве. У ХІІ павеку на гарадзішчы быў збудаваны вялікі каменны храм, дзе, мабыць, і былі пахаваныя першыя Тураўскія епіскапы. Пазней каменная царква была пабудавана і ў акружным горадзе. Пра распаўсюджанне хрысціянства сведчаць знойдзеныя на тураўскім гарадзішчы ўнікальныя свінцовыя рэльефныя абразкі Найсвяцейшай Багародзіцы і Святых, бронзавы абразок ХІІІ стагоддзя, а таксама шматлікія каменныя крыжы, знойдзеныя ў Тураве і ў вакольных вёсках. Яны сімвалізавалі адданасць новай веры і глыбока шанаваліся мясцовым насельніцтвам. Падчас росквіту Тураўскага княства ў Тураве налічвалася 80 цэркваў. Тураўская епіскапская кафедра была заснавана ў 1005 г. і з'яўляецца другой па старажытнасці сярод праваслаўных епархій у Беларусі. Таксама, як і Полацкія, Тураўскія епіскапы пастаўляліся на кафедру Кіеўскімі мітрапалітамі. Апошнія знаходзіліся ў кананічным падначаленні Канстанцінопальскага Патрыярха. У сінодзіку Варварынскага манастыра, які ў ХІХ стагоддзі знаходзіўся ў Старожоўскай цэркве, напісаны імёны 23-х архірэяў, якія займалі Тураўскую кафедру на працягу XII–XVI стагоддзяў. Тэрыторыя Тураўскай епархіі была шырокая і захоплівала тэрыторыі, якія належаць цяпер да Мінскай, Гомельскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. У 1241 г. кафедра была перанесена ў Пінск, тытул правячых архірэяў быў «Тураўскі і Пінскі». Імёны епіскапаў з 1182 па 1390 г. нам невядомыя; магчыма, быў час, што епіскапская кафедра не была занята, і архіпастарскую апеку над Турава-Пінскай паствай ажыццяўлялі мітрапаліты Кіеўскія і ўсяе Русі. Таму ў сінодзіку названы імёны мітрапалітаў Пятра, Алексія, Кіпрыяна і Іоны. Двое з Тураўскіх свяціцеляў — епіскап Кірыла ІІ і яго пераемнік епіскап Лаўрэнцій – атрымалі царкоўнае ўслаўленне і былі прылічаны царквой да ліку ўгоднікаў Божых. Асабліва глыбока шануецца мясцовымі жыхарамі епіскап Тураўскі Кірыла, дзень памяці якога (28 красавіка/11 траўня) традыцыйна з'яўляецца духоўным і дзяржаўным святам усяго Палесся. У 2-й палове ХІІ стагоддзя Тураўскае княства, распаўшыся на драбнейшыя часткі, паступова страціла сваю магутнасць. У 1241 г. у выніку спусташальнага набегу татараў Тураў, у якім налічвалася каля 50 цэркваў і манастыроў, быў спалены дашчэнту. У канцы ХІІІ – нач.XIV стагоддзя Тураў увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага і на працягу стагоддзяў прыналежаў розным княжым родам. У XVI ст. у Тураве, па сведчанні некаторых крыніц, было 80 цэркваў, працягваў дзейнічаць старажытны Барыса-Глебскі манастыр. Па вялікай веры Праваслаўным былі паказаны цудатворныя абразы Божией Маці Канковіцкая і Васькоўская (Мазырскі павет). У акце падпісання Брэсцкай уніі 1596 г. прыняў удзел і епіскап Пінскі і Тураўскі Лявонцій Пяльчыцкі, пасля чаго праваслаўная Пінска-Тураўская епархія перастала існаваць. Але праваслаўныя жыхары Тураўшчыны і Піншчыны адмовіліся падпарадкоўвацца ўніятам і дамагліся пастаўлення ў Тураў праваслаўных епіскапаў, якія дзейнічалі адначасова з уніяцкімі. Дакументы сведчаць, што да канца XVIII стагоддзя ў Тураве і найблізкіх прыходах не было амаль уніяцкіх цэркваў. У Тураве было створана праваслаўнае брацтва і адкрыта школа пры манастыры. Велізарную падтрымку аказваў праваслаўным князь Канстанцін Астрожскі, які пабудаваў тут царкву і заснаваў школу. У 1609 г. князем Адамам Вішнявецкім і яго жонкай Аляксандрай Хадасевіч былі заснаваны Спаса-Праабражэнскі мужчынскі і Свята-Дабравешчанскі жаночы манастыры ў Сялец-Брагіне. Пасля аднаўлення Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі (1633), да мітрапалічай епархіі адносіліся і праваслаўныя цэрквы і манастыры Тураўшчыны. Большы ўплыў унія і каталіцызм мелі ў Мазыры. У XVII стагоддзі тут былі пабудаваны тры каталіцкіх касцёла, дзейнічала езуіцкая місія са школай. У 1720 г. быў заснаваны базыльянскі Сухавіцкі манастыр у Мазырскім павеце. Разам з тым, напачатку XVIII ст. у Мазырскай пратапопіі працягвалі дзейнічаць 50 праваслаўных цэркваў. Але ў 1747 г. мазырскі пратапоп Фёдар Савіцкі з горыччу паведамляў, што з 50 цэркваў пад яго апекай засталося толькі 7. Нягледзячы на цвёрдае стаянне ў веры, да канца XVIII стагоддзя ўсе праваслаўныя храмы ў старажытным Тураве былі перададзены ўніятам. Пасля 2-га падзелу Рэчы паспалітай Тураў увайшоў у склад Расіі. Са стварэннем праваслаўнай Мінскай епархіі ў 1793 г. тэрыторыя былой Турава-Пінскай епархіі перайшла ў падначаленне Мінскіх архірэяў, якія сцвярджаліся сінодам РПЦ. Віктар Садкоўскі, першы епіскап новастворанай кафедры, арганізаваў шэсць акругаў на чале з пратапопамі, у тым ліку Петрыкаўскую, Мазырскую і Тураўскую. Тым часам ішоў паступовы пераход уніятаў у Праваслаўе. У ХІХ павеку Тураў быў цэнтрам воласці Мазырскага павета. У канцы ХІХ ст. у Тураве былі Спаса-Праабражэнская, Свята-Іллінская, Нараджэння-Багародзіцкая, Свята-Мікалаеўская, Петра-Паўлаўская, Усіхсвяцкая цэрквы. Пасля пажару 1834 г. засталіся толькі Спаса-Праабражэнская, Свята-Іллінская і царква Ўсіх Святых на могілках. У 1878 г. у Мазыры пражывала 5457 праваслаўных (для параўнання: каталікоў — 446, старавераў — 23, евангелістаў — 10), дзейнічалі тры цэрквы. У 1870-е гг. пры епіскапе Аляксандры (Дабрыніне) архірэі Мінскай епархіі сталі звацца «Мінскімі і Тураўскімі», гэты тытул захоўваўся да 1922 года. У траўні 1877 г. на Мінскую кафедру быў пастаўлены епіскап Яўген (Шаршылаў; 1877–1880), які быў глыбокім прыхільнікам малітоўнага шанавання свяціцеля Кірылы Тураўскага. З яго блаславення былі выдадзены галоўныя працы свц. Кірылы, а ў Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы ў лістападзе 1878 г. у імя свц. Кірылы быў асвечаны прыдзельны прастол. Да дня асвячэння епіскап Яўген склаў трапар і велічанне свяціцелю. У 1922 г. пасля Памеснага Сабора Беларускай Праваслаўнай царквы, была створана Мазырская епархія на чале з вікарным епіскапам Іаанам (Пашыным), якая падпарадкоўвалася Мінска-Беларускай праваслаўнай мітраполіі. У 1927 г. епіскап Іаан (Пашын) быў беспадстаўна арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер, дзе і памёр. У 1920-1930-е гг. цэрквы масава зачыняліся, маёмасць канфіскоўвалася, а святары і актыўныя вернікі падвяргаліся арыштам, сасланню і нярэдка пазбаўляліся жыцця. Да 1939 г. на Тураўшчыне не было ніводнага дзейснага храма. Ва ўмовах нямецкай акупацыі 1941–43 гг. стварыліся ўмовы для часовага аднаўлення царкоўнага жыцця. Прыходы Тураўшчыны і Мазыршчыны адносіліся да Мінскай епархіі на чале з Мітрапалітам Мінскім і ўсяе Беларусі Панцелеіманам (Ражноўскім). У 1943 г. была створана Гомельска-Мазырская епархія на чале з епіскапам Георгіем (Барышкевічам). Але з-за набліжэння лініі фронта яму не атрымалася выехаць у Гомель. У 1950-е гг. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала толькі адна Мінская епархія. Былі раёны, дзе не было ніводнага храма. Тураўская епархія адроджана ў 1992 г.
|
< Папярэдні |
---|