http://belmova.hram.by
Разьдзел 6
1. I выйшаў адтуль і прыйшоў на сваю радзіму, за Ім ішлі й вучні Ягоныя. 2. Калі настала сыбота, пачаў навучаць у сынагозе, і многія слухаючы з падзіўленьнем, гаварылі: "Адкуль у Яго гэта? Што за мудрасьць дадзена Яму, што цуды гэткія чыняцца рукамі Ягонымі? 3. Ці-ж ня цесьля гэта, сын Марыі, брат Якуба, Ясіі, Юды й Сымона? Ці-ж ня тут між намі й сёстры Ягоныя?" I блазнавалі над Ім. 4. Ісус-жа сказаў ім: "Ня бывае прарок без пашаны, хіба толькі на радзіме сваёй, ці між радні, ці ў доме сваім". 5. I ня мог там учыніць ніякага цуду, толькі аздаравіў некаторых нядужых, усклаўшы на іх рукі Свае. 6. I дзівіўся зь недаверства іхнага; і хадзіў па навакольных паселішчах, навучаючы. 7. Паклікаўшы дванаццацёх, пачаў іх пасылаць па двух і даў ім уладу над духамі нячыстымі. I запавядаў ім — у дарогу нічога ня браць, апрача падарожнага кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзякоў у поясе. 9. На абутак — сандалі і не апранацца ў дзьве вопраткі. 10. I сказаў ім: "Калі дзе ўвойдзеце ў дом, аставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце зь места таго. 11. Калі-ж дзе ня прымуць вас, ці ня будуць слухаць вяс, адыходзячы адтуль, атрасеце пыл зног вашых, на сьвядоцтва супраць іх; папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садоме й Гаморы ў дзень судны, чым месту таму". 12. Яны пайшлі, і абвяшчалі й клікалі да пакаяньня. 13. І выганялі шмат злыдухаў, і ацалялі многа нядужых намазваючы іх алеем.14. Кароль Ірад, пачуўшы пра Ісуса, бо Імя Яго было разгалошана, – гаварыў: "Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос зь мёртвых, і дзеля гэтага цуды праз яго дзеюцца". 15. Іншыя-ж гаварылі: "Гэта Ільля", а яшчэ іншыя, што гэта прарок. 16. Ірад-жа, пачуўшы, сказаў: Гэта Ян, якому я сьцяў галаву, ён устаў зь мёртвых". 17. Бо той-жа Ірад паслаў узяць Яна і ўкінуць яго ў вязьніцу за Ірадыяду, жонку брата свайго Піліпа, якую ўзяў за жонку сабе. 18. Ян-жа гаварыў Іраду. "Ня можна табе мець жонку брата твайго". 19. Ірадыяда-ж узлавалася на яго, і хацела яго загубіць, але не магла. 20. Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы яго, як мужа справядлівага й сьвятога, і сьцярог яго, і часта дзеяў слухаючы яго, і слухаў яго з павагай. 21. Але надыйшоў дзень лёсу, калі Ірад у дзень сваіх народзінаў спраўляў банкет для вяльможаў сваіх, тысячнікаў і старшыняў Галілейскіх. 22. I дачка тэй Ірадыяды, увайшоўшы, танцавала, і так дагадзіла Іраду й усім на банкеце, што кароль сказаў дзяўчыне: "Прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе". 23. І кляўся ёй: "Чаго ні папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго". 24. Яна-ж выйшла й папыталася ў маці свае, чаго прасіць, а тая сказала: "Галаву Яна Хрысьціцеля". 25. I дачка, вярнуўшыся да караля, папрасіла, кажучы: "Хачу, каб ты даў мне цяпер на падносе галаву Яна Хрысьціцеля". 26. І засмуціўся кароль, але з увагі на клятву й на гасьцей сваіх не захацеў адмовіць ёй. 26. У той-жа час кароль паслаў ката, загадаўшы яму прынесьці галаву Яна, той пайшоў і сьцяў галаву яму ў цямніцы. 28. I прынёс галаву на падносе й аддаў дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй. 29. Вучні-ж ягоныя дачуўшыся, прыйшлі й узялі цела яго й палажылі ў магілу. 30. Апосталы, вярнуўшыся, зыйшліся да Ісуса й расказалі Яму ўсё, што яны зрабілі й чаго навучылі. 31. I сказаў ім: "Пайдзеце вы самі адны ў месца пустыннае й супачыньце крыху, бо так многа прыходзіла да іх і адыходзіла, што нават есьці ім было некалі. 32. I адплылі ў чаўне у месца пустыннае адны. 33. Але многія бачылі, як адыходзілі й пазналі іх, і пешша беглі туды з усіх местаў і, апярэдзіўшы іх, зыйшліся да Яго. 34. Ісус, выйшаўшы, убачыў шмат людзей і зьлітаваўся над імі, бо былі яны, як авечкі, без пастуха, і пачаў навучаць іх многаму. 35. Па нейкім часе, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: "Месца тут пустыннае, а час ужо позьні. 36. Адпусьці іх, каб маглі пайсьці ў акалічныя паселішчы дабыць сабе хлеба, бо ня маюць чаго есьці. 37. Ён-жа у адказ сказаў: ім: "Вы дайце ім есьці". Яны-ж кажуць Яму: "Можам пайсьці купіць за дзьвесьце дынараў хлеба й даць ім есьці". 38. Але Ён спытаў ў іх: "Колькі хлябоў вы маеце?" Пайдзеце паглядзеце". Яны, даведаўшыся, сказалі "Пяць хлябоў і дзьве рыбы". 39. Тады загадаў ім рассадзіць усіх гурткамі на зялёнай траве. 40. I паселі радамі па сто й па пяцьдзесят. 41. I, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў на неба і, дабраславіўшы, разламаў хлябы й даў вучням сваім, каб разлажылі перад людзьмі; і дзьве рыбы разьдзяліў на ўсіх. 42. I елі ўсе й задаволіліся. 43. I набралі кускоў хлеба й астаткаў ад рыбы дванаццаць поўных карабоў. 44. Было-ж усіх, якія елі, блізу пяці тысячаў мужчын. 45. I зараз-жа загадаў вучням Сваім увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць народ. 46. Адпусьціўшы-ж народ, пайшоу на гару памаліцца. 47. Калі настаў вечар, човен быў пасярэдзтне мора, а Ён адзін на зямлі. 48. I ўбачыў іх зьняможаных вяславаньнем, бо вецер быў супраціўны, каля чацьвёртай старожы ночы падыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў мінаць іх. 49. Яны-ж, убачылі Яго, як ішоў па моры, падумалі, што гэта здань, і закрычалі. 50. Бо ўсе бачылі Яго й спалохаліся. Тады Ён загаварыў да іх, прамовіўшы: "Сьмялей дзяржэцеся, гэта Я, ня бойцеся". 51. I ўвайшоў да іх у човен. Вецер улёгся. Яны-ж моцна сумеліся ў сабе й дзівіліся. 52. Не ўсьведамілі яны сабе цуду з хлебамі, бо сэрцы іхныя былі ацьвярдзелыя. 53. I, пераплыўшы, прыбылі ў зямлю Гэнісарэцкую, і прысталі да берагу. 54. Калі яны выйшлі з чаўна, людзі зараз-жа пазналі Яго. 55. I, абегшы ўсю тую ваколіцу, пачалі прыносіць хворых на пасьцелях іхных, туды, дзе, як чулі, Ён быў. 56. I куды-б ні прыходзіў Ён: ці ў пасёлкі, ў ці вёскі, ці ў месты, — клалі хворых на плошчах, і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю вопраткі Ягонай. I хто дакранаўся да Яго, быў ацалены.
 
< Папярэдні   Наступны >
Назад
bel_svjat.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2023