http://belmova.hram.by
Разьдзел 5
1. I прыплылі на другі бок мора ў краіну Гадарынскую. 2. I, як толькі Ён выйшаў з чаўна, адразу-ж сустрэў Яго чалавек, выбегшы з магільніку. Ён апанаваны быў духам нечысьці. 3. Меў ён прыстанішча ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць, нават ланцугамі. 4. Бо няраз скоўвалі яго кайданамі й ланцугамі, але ён разрываў ланцугі й разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог уціхамірыць яго. 5. Заўсёды, і дзень і ноч ён быў між магілаў і ў горах, хаваючыся й б'ючыся аб каменьне. 6. Убачыўшы Ісуса здалёк, ён прыбег і пакланіўся Яму. 7. І, закрычаўшы моцным голасам, прамовіў: "Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага!? Заклікаю Цябе Богам, ня муч мяне". 8. Бо Iсус сказаў яму: "Выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека". 9. I спытаў у яго: "Як тваё імя?" Ён-жа сказаў у адказ: "Імя маё легіён, бо нас многа". 10. I вельмі прасіў Яго , каб ня высылаў іх вонкі з краіны тэй. 11. Пасьвіўся-ж там пры гары вялікі гурт сьвіней. 12. I прасілі Яго ўсе злыдухі, кажучы: "Пашлі нас да сьвіней, каб мы маглі ўвайсьці ў іх". 13. Ісус ураз-жа дазволіў ім, і, выйшаўшы, злыдухі ўвайшлі ў сьвіньні, і памкнуў увесь гурт з кручы ў мора, а было-ж іх да дзьвёх тысячаў, і патапіліся ў моры. 14. Пастухі-ж сьвіней пабеглі й расказалі ў месьце й вёсках, а тады выйшлі жыхары паглядзець, што сталася 15. Прыходзяць да Iсуса й бачаць, што апанаваны злыдухамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты й пры добрым розуме, і спалохаліся. 16. Тыя-ж, якія бачылі ўсё, расказалі ім, што сталася з апанаваным і пра сьвіней. 17. Тады жыхары пачалі прасіць Ісуса, каб адыйшоў зь іхняй ваколіцы. 18. Калі-ж Ісус увайшоў у човен, папрасіў Яго вызвалены ад злыдухаў, каб быць зь Ім. 19. Але Ісус не дазволіў і сказаў яму: "Ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што учыніў табе Госпад і як памілаваў цябе". 20. I ён пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяціградзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус, і ўсе дзівіліся. 21. Калі Iсус прыбыў у чаўне ізноў на той бок, зыйшлося да Яго многа народу, і быў Ён пры моры. 22. I вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на ймя Ёсір, і ўгледзеўшы Яго, прыпадае да ног Ягоных. 23. I горача просіць Яго, кажучы: "Дачка мая пры сьмерці, прыйдзі, узлажы на яе рукі, каб яна ачуняла й жыла". 24. І Ісус пайшоў зь ім. I ў сьлед за Ім ішло шмат народу, і сьціскалі Яго. 25. Адна жанчына, якая цярпела ад крывяцечы дванаццаць гадоў, 26. Шмат страціла на розных дактароў, раздаўшы ўсё, што мела, і не знайшла палёгкі, але яшчэ больш заняпала. 27. Дачуўшыся пра Ісуса, падыйшла ззаду між людзей і дакранулася да вопраткі Ягонае. 28. Бо казала: "Калі хоць да вопраткі Ягонае дакрануся, буду збавёна". 29. I ўраз запынілася ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе сваім, што выбавілася ад нядугі. 30. У той-жа час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што зыйшла ад Яго сіла, абярнуўся да людзей і сказаў: "Хто дакрануўся да вопраткі Мае?" 31. Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму "Бачыш як народ цісьнецца да Цябе, і Ты пытаеш — хто дакрануўся да Мяне?" 32. Але Ён узіраўся навокал, каб убачыць тую, якая ўчыніла гэта. 33. Жанчына ў страху й трывозе, ведаючы, што зь ёю сталася, падыйшла й пала прад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. 34. Ён-жа сказаў ей: "Дачка! Вера твая спасла цябе, ідзі ў супакоі й будзь ацаленая ад нядугі твае. 35. Калі Ён яшчэ гаварыў прыходзяць ад начальніка сынагогі й кажуць: "Дачка твая памерла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?" 36. Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў начальніку сынагогі: "Ня бойся, толькі вер". 37. I не дазволіў нікому ісьці за Сабою, апрача Пятра, Якуба й Яна — брата Якубавага. 38. I прыходзіць да дому начальніка сынагогі, і бачыць трывогу, плач і лямэнт вялікі. 39. I, увайшоўшы, гаворыць ім: "Чаго хвалюецеся й плачаце? Дзяўчынка не памерла, яна сьпіць". 40. I зьдзекліва адзываліся пра Яго, але Ён, адправіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку й маці дзяўчынкі й тых, якія прыйшлі зь Ім, і уваходзіць туды, дзе дзяўчынка ляжала. 41. I, узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: "Талíфа кýмі" — гэта значыць, дзяўчынка, кажу табе, устань. 42. I дзяўчынка ўраз устала й пачала хадзіць; было ёй гадоў дванаццаць, і жахнуліся ўсе ад вялікага дзіва. 43. Ён-жа станоўча заказаў, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў: "Дайце ёй есьці".
 
< Папярэдні   Наступны >
Назад
26-08-1big.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2023