http://belmova.hram.by
Разьдзел 4
1. І ізноў пачаў навучаць над морам; і сабралася ля Яго такое мноства народу, што Ён увайшоў у човен і сядзеў на моры, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры. 2. І доўга павучаў іх прыпавесьцямі, і ў навучаньні Сваім гаварыў ім: 3. Слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць. 4. I калі ён сеяў, адно насеньне ўпала на дарогу, і наляцелі птушкі й падзяўблі яго. 5. Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая. 6. Калі-ж прыгрэла сонца, яно завяла і, ня маючы караня, ссохла. 7. Іншае ўпала ў цярніну; і вырасла цярніна й заглушыла яго, і плоду ня выдала. 8. Іншае ўпала ў добрую глебу й дало плён: адно трыццаць, іншае шэсьцьдзесят, іншае стакроць". 9. I сказаў ім: "Хто мае вушы слухаць, няхай слухае". 10. Калі-ж астаўся без народу, тыя, якія былі зь Ім разам з дванаццацьма, папыталіся ў Яго пра прыпавесьць. 11. І сказаў ім: "Дадзена вам пазнаваць тайніцы Ўладарства Божага, а тым пабочным усё падаецца ў прыпавесьцях. 12. Што гледзячы вачыма сваімі — ня бачаць, слухаюць вушамі сваімі — не разумеюць, каб не навярнуцца ды каб ня былі дараваныя ім грахі іхныя". 13. I кажа ім: "Не разумееце гэтае прыпавесьці? Як-жа вам зразумець усе прыпавесьці? 14. Сейбіт слова сее. 15. Пасеянае пры дарозе азначае тых, між якіх слова сеецца, але як толькі пачуюць, зараз-жа прыходзіць шатан і вырывае слова, пасеянае ў сэрцах іхных. 16. Таксама пасеянае на камяністым груньце — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыймаюць яго з радасьцяй. 17. Але ня маюць у сабе карэньня, і трымаюцца да часу; калі-ж прыходзіць трывога, уціск і гнабленьне за слова, зараз-жа спакушаюцца. 18. А тыя, што ў цярніне пасеяныя — гэта тыя, якія чуюць слова. 19. Але жыцьцёвыя клопаты, зманлівасьць багацьця й розныя іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплённым. 20. А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, якія чуюць слова, прыймаюць яго й даюць плён — адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзесят, іншы ў стакроць". 21. І сказаў ім: "Ці-ж на тое прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну, або пад ложак? А ці-ж не для таго, каб паставіць яе на падсьвечніку? 22. Бо няма нічога тайнага. каб ня сталася яўным, і нічога сукрытага, каб ня выявілася. 23. Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае". 24. I сказаў ім: "Заўважайце, што чуеце: якою мераю мераеце, такою й вам адмерана будзе й дададзена будзе вам слухаючым. 25. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што мае". 26. I сказаў: "Уладарства Божае падобнае да чалавека кідаўшага насеньне ў землю. 27. І сьпіць, і устае; і ноч і дзень, і насеньне прарастае й расьце без яго веданьня. 28. Бо зямля сама сабою родзіць: сьпярша рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. 29. Калі-ж насьпее плён, зараз-жа пасылае жаць, бо настала жніва". 30. І сказаў: "Да чаго прыпадобнім Уладарства Божае? Ці якою прыпавесьцяй выкажам яго? 31. Яно, як зерне гарчычнае: калі высяваецца ў зямлю, яно меншае за ўсякае зерне на зямлі 32. Калі-ж пасеянае ўзрастае, становіцца большае за ўсякае зельле, і выпускае вялікія галінкі, і ў цені іх могуць хавацца птушкі нябесныя". 33. I гэткімі шматлікімі прыпавесьцямі прамаўляў да іх слова, наколькі яны маглі ўспрыняць. 34. Без прыпавесьці не гаварыў ім; а вучням асобна разьясьняў усё. 35. Таго-ж дня ўвечары ім сказаў: "Пераплывем на той бок". 36. І яны, адправіўшы народ, узялі Яго з сабою, так як быў у чаўне, і былі зь Ім іншыя чаўны. 37. І ўсхадзілася вялікая бура, хвалі так білі ў човен, што човен пачаў напаўняцца вадою. 38. Ён-жа Сам спаў пры стырне на ўзгалоўі; Яго будзяць і кажуць Яму: "Настаўніку, няўжо Ты ня дбаеш, што мы загібаем?" 39. І ўстаўшы, Ён супакоіў вецер і азваўся да мора: "Сьціхні, супакойся!" I заціх вецер, і стала вялікая ціша. 40. I сказаў ім: "Чаму вы такія баязьлівыя? Як-жа ў вас няма веры?" 41. Яны-ж праняліся страхам вялікім і гаварылі паміж сабою: "Хто-ж гэта, што і вецер і мора паслушныя Яму?"
 
< Папярэдні   Наступны >
Назад
26-08-1big.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2023