http://belmova.hram.by
Разьдзел 3
1. І прыйшоў ізноў у сынагогу; там быў чалавек, які меў засохлую руку. 2. І сачылі Яго, ці ня будзе ацаляць у сыботу, каб абвінаваціць Яго. 3. Ён-жа кажа сухарукаму: "Стань пасяродку". 4. Тады гаворыць да іх: "Ці належыць у сыботу дабро тварыць, ці тварыць зло? Душу выбавіць ці загубіць яе?" Але яны маўчалі. 5. I, глянуўшы на іх гнеўна ды сумуючы аб закамянеласьці сэрцаў іхных, кажа сухарукаму: "Падымі руку тваю!" Ён падняў, і стала рука яго здароваю, як і другая. 6. Фарысеі выйшаўшы, зараз-жа зрабілі змову з ірадыянамі на Яго, каб загубіць Яго. 7. Ісус-жа з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, а за Ім пайшло мноства народу з Галілеі, Юдэі, 8. 3 Ерусаліму, і Ідумэі, і з-за Ярдану, і з ваколіц Тыру й Сыдону, — вялікай грамадою йшлі да Яго, дачуўшыся, што Ён тварыў. 9. I сказаў вучням Сваім, каб прыгатавалі для Яго човен, з увагі на мноства народу, каб ня сьціскалі Яго. 10. Бо шматлікіх Ён ацаліў, таму ўсе, хто меў нядугу, ціснуліся да Яго, каб дакрануцца да Яго. 11. І духі нячыстыя, убачыўшы Яго, пáдалі прад Ім і крычалі, кажучы: "Ты Сын Божы!" 12. Але Ён моцна забараняў ім, каб не выяўлялі Яго. 13. I, узыйшоўшы на гару, паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў, і прыйшлі да Яго. 14. I, выбраўшы зь іх дванаццаць, каб былі зь Ім і каб пасылаць іх на прапаведаньне. 15. I каб яны мелі ўладу вызваляць зь нядугаў і выганяць злыдухаў. 16. І выбраў Сымона, даўшы яму ймя Пётра. 17. I Якуба Заведэева й Яна, брата яго, даўшы ім іменьні Бэанаргэс, што значыць – сыны громавы. 18. I Андрэя, і Піліпа, і Бартламея, і Мацьвея, і Хаму, і Якуба Алфеевага, і Фадзея, і Сымана Кананіта. 19. І Юду Іскарыёта, які й прадаў Яго. 20. I прыходзяць дадому, ізноў зыходзіцца народ, аж ім нават і хлеба зьесьці нельга было. 21. I, дачуўшыся, бліжнія Яго пайшлі забраць Яго, бо апавядалі, што Ён не пры сабе. 22. А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліму, гаварылі, што Ён мае ў Сабе вельзэвула, і што выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага. 23. I, паклікаўшы іх, гаварыў ім прыпавесьцямі: "Як можа шатан шатана выганяць? 24. Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць гаспадарства тое. 25. I калі дом разьдзеліцца сам ў сабе, ня зможа ўстаяць дом той. 26 I калі шатан паўстаў сам на сябе й разьдзяліўся, ня можа ўстаяць, але канец яму. 27. Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом дужага чалавека, рабаваць дабро яго, калі перш ня зьвяжа дужага, і тады абрабуе дом ягоны". 28. "Папраўдзе кажу вам: усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым і ўсе зьнявагі, якімі-б ні зьневажалі. 29. Але хто будзе зьневажаць Духа Сьвятога, таму ня будзе адпушчэньня ніколі, бо падлягае вечнаму асуджэньню. 30. I сказаў гэта таму, што гаварылі: "У Ім нячысты дух". 31. Тады прыйшлі Маці й браты Ягоныя і, стоячы вонках дому, паслалі да Яго паклікаць Яго. 32. Навокал Яго сядзеў народ; і сказалі Яму: "Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на падворку пытаюць пра Цябе. 33. I сказаў ім: "Хто Маці Мая, ці браты Мае?" 34. I, абвёўшы позіркам усіх, што сядзелі вокал Яго, сказаў: "Вось маці Мая й браты Мае. 35. Бо хто будзе выпаўняць волю Божую, той брат Мой, і сястра Мая, і маці Мая".
 
< Папярэдні   Наступны >
Назад
bel_svjat.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2023