http://belmova.hram.by
Разьдзел 28
1. Пасьля сыботы, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена й іншая Марыя, паглядзець на гроб. 2. І вось пачалося вялікае землятрасеньне, бо Ангел Гасподні зыйшоў зь нябёс і, прыступіўшы, адваліў камень ад дзьвярэй гробу й сядзеў на ім. 3. А воблік Яго сьвяціўся маланкаю, і вопратка ягоная белая, як сьнег. 4. І ад страху прад ім жахнулася варта й сталася як няжывая. 5. Ангел, зьвярнуўшыся да жанчын, прамовіў: “Ня бойцеся, ведаю, што шукаеце Ісуса ўкрыжаванага. 6. Яго няма тут: Ён уваскрос, як і сказаў. Хадзеце, паглядзеце месца, дзе ляжаў Госпад. 7. І пайдзеце хутчэй, скажэце вучням Яго, што Ён уваскрос зь мёртвых, і што апярэдзіць вас у Галілеі, там Яго ўбачыце; гэта апавяшчаю вам”. 8. І, выйшаўшы борзда з гробу, яны ў страху й радасьці вялікай пабеглі апавясьціць вучням Ягоным. 9. Калі-ж яны йшлі апавяшчаць вучням Яго, вось Ісус сустрэў іх і прамовіў: “Радуйцеся!” Яны-ж, прыступіўшы, абнялі ногі Яго й пакланіліся Яму. 10. Тады кажа ім Ісус: “Ня бойцеся, ідзеце апавясьцеце братом Маім, каб ішлі ў Галілею; там яны ўбачаць Мяне”. 11. Калі-ж яны адыйшлі, некаторыя з вартаўнікоў пабеглі ў места й абвясьцілі архісьвятаром усё, што сталася. 12. І тыя, сабраўшыся з народнымі старшынямі й адбыўшы нараду, далі воінам шмат грошай, 13. І намовілі іх: “Скажэце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і ўкралі Яго, калі мы паснулі. 14. І калі правіцель даведаецца пра гэта, мы яго ўгаворым, і вас ад небясьпекі выбавім”. 15. Яны, узяўшы грошы, зрабілі так, як былі намоўленыя. І разьняслося слова гэтае між юдэямі аж па сёньнешні дзень. 16. Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды сказаў ім Ісус. 17. І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; некаторыя-ж сумняваліся. 18. І, зблізіўшыся да іх, Ісус сказаў ім: “Дадзена Мне ўсякая ўлада ў небе й на зямлі. 19. Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у Імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. 20. І навучайце іх выпаўняць усё, што Я запавядаў вам; і вось Я з вамі праз усе дні да сканчэньня веку. Амін”.
 
< Папярэдні
Назад
26-08-1big.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2025