Разьдзел 27 |
1. Калі-ж настала раніца, усе архісьвятары й старшыні народныя раду ўчынілі супраць Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць. 2. І, зьвязаўшы Яго, павялі й перадалі Яго Понцію Пілату, правіцелю. 3. Тады Юда, які прадаў Яго, пабачыўшы, што Ён засуджаны, раскаяўшыся, вярнуў трыццаць срэбранікаў архісьвятаром і старшыням; 4. Сказаўшы: “Зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную”. Яны-ж сказалі яму: “Што нам да таго, глядзі сам”. 5. І, кінуўшы срэбранікі ў храме, ён выйшаў ды пайшоў і павесіўся. 6. Архісьвятары, узяўшы срэбранікі, гаварылі: “Не па праву будзе класьці іх у скарбонку, бо гэта цана крыві”. 7. І, зрабіўшы нараду, купілі за іх ганчарова поле для пахаваньня чужаземцаў. 8. Таму й завецца поле тое полем крыві й па сёньняшні дзень. 9. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: “І ўзялі трыццаць срэбранікаў – цану Ацэненага – Якога ацанілі сыны Ізраіля. 10. І далі іх за зямлю ганчара, як сказаў мне Госпад”. 11. Ісус-жа стануў прад правіцелем; і спытаўся ў Яго правіцель, кажучы: “Ці Ты князь Юдэйскі?” Ісус сказаў яму: “Ты кажаш”. 12. І калі зьвінавачвалі Яго архісьвятары й старшыні, Ён нічога не адказаў. 13. Тады кажа Яму Пілат: “Ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?” 14. І не адказаў яму на ніводнае слова, з чаго намесьнік быў моцна зьдзіўлены. 15. На сьвята-ж Пасхі намесьнік меў звычай адпускаць народу аднаго вязьня, якога людзі пажадаюць. 16. На той час быў у іх ведамы арыштант, званы Вараўва. 17. І вось, калі яны зыйшліся, Пілат сказаў ім: “Каго з двух хочаце адпусьціць вам: Вараўву ці Ісуса, званага Хрыстос?” 18. Бо, ведаў, што выдалі Яго праз зайздрасьць. 19. Тым-часам, калі сядзеў Ён на судзейскім пасадзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: “Не рабі нічога Праведніку таму, бо я сёньня ў сьне шмат цярпела дзеля Яго”. 20. Але архісьвятары падгаварылі народ прасіць Вараўву, а Ісуса – на загубу. 21. І, калі правіцель спытаўся ў іх, каго з двух хочаце каб адпусьціў вам? Яны сказалі: Вараўву. 22. Тады Пілат прамовіў да іх: “Што я зраблю зь Ісусам, названым Хрыстом?” І сказалі ўсе: “Няхай будзе ўкрыжаваны!” 23. Правіцель сказаў ім: “Якое-ж зло ўчыніў Ён?” Але яны яшчэ мацней крычалі: “Няхай будзе ўкрыжаваны!” 24. Пілат, бачачы, што нічога не парадзіць, а толькі мацней узьнімаецца забурэньне, узяў вады памыў рукі прад народам і сказаў: “Не вінаваты я ў крыві Праведніка гэтага, самі глядзеце”. 25. А ў адказ увесь народ крычаў: “Кроў яго на нас і на дзецях нашых”. 26. Тады адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбічаванага, выдаў ім на ўкрыжаваньне. 27. Тады воіны правіцеля, узяўшы Ісуса ад судзілішча, склікалі на яго поўную кагорту войска. 28. І, распрануўшы Яго, накінулі на Яго чырвоную накідку. 29. І, сплёўшы вянок зь церняў, узлажылі Яму на галаву, і далі трысьціну ў правую руку Ягоную, і становячыся прад ім на калені, насьміхаліся зь Яго, кажучы: “Радуйся, Кароль Юдэйскі!” 30. І плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве. 31. А калі назьдзекваліся зь Яго, зьнялі зь Яго чырвоную накідку й апранулі Яго ў вопратку Ягоную й павялі Яго на ўкрыжаваньне. 32. Выходзячы-ж, яны сустрэлі чалавека кірынейца, на імя Сымон; гэтага прымусілі нясьці крыж Ягоны. 33. І прыйшлі на месца, званае Гальгофа, што значыць Чараповішча. 34. І давалі Яму піць воцат, зьмешаны з жоўцяй, але, пакаштаваўшы, не хацеў піць. 35. Укрыжаваўшы-ж Яго дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабе, каб збылося сказанае праз прарока: “Разьдзялілі вопратку маю й на вопратку маю кінулі жэрабе”. 36. І, пасеўшы, сьцераглі Яго там. 37. І прыставілі над галавою Яго надпіс віны Ягонае: “Гэта Ісус Кароль Юдэйскі”. 38. Тады ўкрыжавалі пры Ім двух разбойнікаў: аднаго – з правага боку, а другога – зь левага. 39. І людзі, праходзячы міма, глуміліся над Ім, ківаючы галовамі сваімі, 40. І кажучы: “Сьвятыні руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш, выбаві Сам Сябе, калі Ты Сын Божы, зыйдзі з крыжа”. 41. Таксама й архісьвятары з кніжнікамі й старшынямі ды фарысеі зьдзекліва гаварылі: 42. “Іншых выбаўляў, а Сам Сябе ня можаш выбавіць; калі Ён кароль Ізраіля, няхай цяпер зыйдзе з крыжа, і ўверым ў Яго. 43. Спадзяваўся на Бога, няхай-жа цяпер выбавіць Яго, калі Ён – угоднік Яго, бо-ж Ён казаў: “Я Сын Божы”. 44. Таксама й разбойнікі, укрыжаваныя побач, зьневажалі Яго. 45. Ад шостае-ж гадзіны стала цемра на над усёю зямлёю аж да гадзіны дзявятай. 46. А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам, прамовіўшы: “Ілі, Ілі, лімá савахвані!” Гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! Чаму пакінуў Мяне? 47. Некаторыя з тых, што стаялі там, пачуўшы гэта, гаварылі: “Ільлю кліча Ён”. 48. І ўраз пабег адзін зь іх і ўзяў губку, памачыў яе ў воцат і, насадзіўшы на трасьціну, даваў Яму піць. 49. А іншыя гаварылі: “Пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ільля выбавіць Яго”. 50. Ісус-жа ізноў, усклікнуўшы моцным голасам, аддаў дух Свой. 51. І вось заслона ў сьвятыні разадралася на дзьве часткі ад верху да нізу, і зямля здрыганулася, і скалы патрэскаліся, 52. І труны адкрыліся, і многія целы супачыўшых сьвятых ўваскросьлі, 53. І, выйшаўшы з трунаў па Ўваскрасеньні Ягоным, увайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім. 54. Сотнік-жа і ўсе, якія зь Ім сьцераглі Ісуса, гледзячы на землятрасеньне й на ўсё, што сталася, моцна спалохаліся й гаварылі: “Запраўды Ён быў Сын Божы”. 55. Былі там і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія йшлі зь Ісусам з Галілеі й прыслугоўвалі Яму. 56. Былі між імі Марыя Магдалена й Марыя, маці Якуба й Язэпа, і маці сыноў Завядэевых. 57. Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арымафеі, на ймя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса. 58. Ён прыйшоў да Пілата й прасіў Цела Ісуса; тады Пілат загадаў аддаць Цела. 59. І, узяўшы Цела, Язэп ахінуў Яго чыстаю плашчаніцаю, 60. І палажыў Яго ў новым сваім гробе, высечаным у скале, і, прываліўшы да дзьвярэй гробу вялікі камень, адыйшоў. 61. Была-ж там Марыя Магдалена й другая Марыя; яны сядзелі насупраць гробу. 62. А назаўтра, пасьля пятніцы, раніцою зыйшліся архісьвятары й фарысеі да Пілата. 63. І сказалі: “Спадару! Мы прыпомнілі, што падманшчык той, калі быў яшчэ пры жыцьці, казаў: “Па трох днёх уваскросну!” 64. Дык накажы ахоўваць гроб да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго й не сказалі народу – уваскрос зь мёртвых, і будзе апошні падман, горшы за першы. 65. Пілат-жа сказаў: “Маеце варту, ідзеце й вартуйце, як знаеце”. Яны пайшлі, паставілі пры гробе варту й прылажылі да каменя пячаць.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|