Разьдзел 26 |
1. І было-ж, калі Ісус кончыў усе гэтыя словы, тады сказаў вучням Сваім: 2. Ведайце, што за два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выданы на ўкрыжаваньне”. 3. Тады зыйшліся архісьвятары, кніжнікі й старшыні народныя на падворак архісьвятара, званага Кайафа. 4. І ўмовіліся хітрасьцяй схапіць Ісуса й забіць. 5. Але гаварылі: “Толькі не ў сьвята, каб ня сталася забурэньне ў народзе”. 6. Калі-ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона запракажонага, 7. Падыйшла да Яго жанчына, нясучы алябастравы слоічак дарагога алею, і паліла Яму на галаву, як Ён сядзеў за сталом. 8. Пабачыўшы гэтае, вучні Ягоныя сталі пасуджаць, гаворачы: “Нашто гэткае марнаваньне? 9. Можна-ж было прадаць гэтае мірра за добрую цану й даць убогім”. 10. Але Ісус, ведаючы гэта, сказаў ім: “Нашто пасуджаеце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне. 11. Бо ўбогіх вы заўсёды маеце каля сябе, Мяне-ж не заўсёды маеце. 12. Узьліўшы алей гэты на цела Маё, яна прыгатавала Мяне да пахаваньня. 13. Папраўдзе кажу вам: Дзе толькі будзе абвяшчацца гэтае Евангельле па ўсім сьвеце, сказана будзе пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе. 14. Тады адзін з дванаццацёх, званы Юда Іскарыёт, пайшоў да архісьвятароў, 15. І сказаў ім: “Што воліце даць мне, і я выдам Яго вам”. Яны-ж вызначылі яму трыццаць сярэбранікаў. 16. З таго часу ён пачаў выглядаць зручнага моманту, каб выдаць Яго. 17. У першы-ж дзень прэсьнічны падыйшлі вучні да Ісуса й сказалі Яму: Дзе жадаеш прыгатаваць Табе Пасху да спажываньня?” 18. Ён-жа сказаў: “Ідзеце ў места да пэўнага чалавека й скажэце яму: Настаўнік кажа: Час Мой блізкі; у цябе спраўлю Пасху з вучнямі Маімі. 19. Вучні зрабілі, як сказаў ім Ісус, і прыгатавалі Пасху. 20. Калі-ж настаў вечар, Ён заняў застольле з дванаццацьма вучнямі Сваімі. 21. І калі яны елі, сказаў: “Папраўдзе кажу вам, што адзін з вас прадасьць Мяне”. 22. І, моцна засмуціўшыся, яны пачалі, кожны паасобку, гаварыць: “Ці ня я, Госпадзе?” 23. Ён-жа ў адказ сказаў: “Той, хто апусьціў са Мною руку ў пасудзіну, ён прадасьць Мяне. 24. Але Сын Чалавечы йдзе, як пра Яго напісана, гора-ж таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца; лепш было-б гэтаму чалавеку не раджацца”. 25. Пры гэтым і Юда, які выдаваў Яго, сказаў: “Ці ня я, Настаўніку?”. Ісус кажа яму: “Ты сказаў”. 26. І калі яны вячэралі, Ісус узяў хлеб, і дабрасловіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: “Вазьмеце й ежце, гэта ёсьць Цела Маё”. 27. І ўзяўшы чашу, узьнёс хвалу й падаў ім, кажучы: “Пеце зь яе ўсе; 28. Гэта кроў Мая говага запавету, праліваная за многіх на адпушчэньне грахоў. 29. І кажу вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі віно новае ў Валадарстве Айца Майго”. 30. І, запяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную. 31. Тады сказаў ім Ісус: “Усе вы зьняверыцеся прада Мною ў гэтую ноч, як і напісана пра гэта: Паражý пастыра, і разьбягуцца авечкі стада. 32. Па Ўваскрасеньні Маім спаткаю вас у Галілеі”. 33. Пётра-ж, адазваўшыся, кажа Яму: “Хоць-бы ўсе адцураліся Цябе, я не адступлюся ніколі”. 34. І сказаў яму Ісус: “Папраўдзе кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым прапяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне”. 35. Пётра-ж кажа Яму: “А хоць-бы давялося мне памерці з Табою, не адракуся ад Цябе”. Гэтак гаварылі ўсе вучні. 36. Тады йдзе зь імі Ісус на месца, званае Гефсыманія й кажа вучням: “Пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся там”. 37. І, узяўшы Пятра й абодвух сыноў Завядэевых, упаў у скруху й вялікі жаль. 38. І тады кажа ім Ісус: “Душа Мая тужыць сьмяротна; пабудзьце тут, і чувайце пры Мне”. 39. І, адыйшоўшыся крыху, упаў на аблічча Сваё ды маліўся, прамаўляючы: “Войча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне чаша гэтая, але-ж ня як Я хачу, а як Ты”. 40. І, прыйшоўшы да вучняў, засьпяе іх сьпячымі; і кажа Пятру: “Ці-ж так не маглі вы аднае гадзіны пацярпець са Мною? 41. Чувайце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу, бо дух бадзёры, цела-ж – нядужае. 42. І ізноў, адыйшоўшыся другі раз, маліўся, прамаўляючы: “Войча Мой! Калі ня можа чаша гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, няхай будзе воля Твая”. 43. І прыйшоўшы, ізноў знаходзіць іх сьпячымі, бо былі ў іх вочы ацяжалыя. 44. І, пакінуўшы іх, ізноў адыйшоўся й трэці раз маліўся тымі-ж словамі. 45. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: “Вы ўсё яшчэ сьпіцё й супачываеце; вось настаў час, і Сын Чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў. 46. Устаньце, пойдзем; вось, набліжаецца той, хто Мяне выдасьць”. 47. І калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з дванаццацёх, а зь ім вялікая грамада зь мячамі й кіямі, ад архісьвятароў і старшыняў народных. 48. Здраднік-жа Ягоны даў ім знак, сказаўшы: “Каго я пацалую, гэта ёсьць Ён; бярэце Яго”. 49. І зараз-жа падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: “Радуйся, Настаўнік! І пацалаваў Яго. 50. Ісус-жа сказаў яму: “Дружа, зь якім намерам прыйшоў ты, тады й рабі тое”. Тады падыйшоўшыя паклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго. 51. І вось адзін з тых, якія былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы архісьвятаровага слугу, адсек яму вуха. 52. Тады сказаў яму Ісус: “Вярні меч свой на месца яго; бо ўсе, хто ўзьнімае меч, ад мяча загінуць. 53. Ці думаецца табе, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, каб прыслаў Мне больш дванаццаці легіёнаў ангелаў? 54. Дык як-жа збудзецца пісаньне, што гэтак павінна стацца?” 55. У той-жа час Ісус гаварыў да народу: “Нібы на разбойніка выйшлі вы зь мячамі й кіямі ўзяць Мяне; Я-ж кожны дзень сядзеў з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне. 56. Усё-ж гэта сталася, каб збыліся пісаньні прарокаў”. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, разьбегліся. 57. Воіны-ж, узяўшы Ісуса, павялі Яго да архісьвятара Кайафы, дзе былі сабраўшыся кніжнікі й старшыні. 58. Пётра-ж ішоў сьледам за Ім здаля, да падворку архісьвятаровага, і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў разам з слугамі, каб бачыць канец. 59. Архісьвятары й старшыні ды ўвесь Сынедрыён шукалі фальшывага сьвядоцтва супраць Ісуса, каб усьмерціць Яго. 60. І не знаходзілі; і хоць многа фальшывых сьведкаў прыходзіла – не знайшлі; нарэшце, прыйшлі двух фальшывых сьведкаў, 61. І сказалі: Ён казаў: “Магу зруйнаваць храм Божы, і ў тры дні адбудаваць яго.” 62. Тады архісьвятар, устаўшы, сказаў Яму: “Нічога Ты ня можаш адказаць на тое, што гэтыя людзі падаюць супраць Цябе?” 63. Але Ісус маўчаў, і архісьвятар сказаў Яму: “Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?” 64. Ісус кажа яму: “Ты сказаў, і больш скажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, сядзячага праваруч Усемагутнасьці й ідучага на хмарах нябесных. 65. Тады архісьвятар разадраў вопратку сваю й сказаў: “Ён блюзьніць; што яшчэ патрэбна ад сьведак? Вось вы чулі Яго блюзьнерства. 66. Што вы думаеце?” Яны-ж сказалі ў адказ: “Варты сьмерці”. 67. Тады заплявалі аблічча Яго й штурхалі кулакамі; іншыя-ж білі Яго па шчоках, 68. Кажучы: “Адгадай нам, Хрысьце, хто Цябе ўдарыў.” 69. А Пётра сядзеў вонках на падворку. І падыйшла да Яго адна служніца, кажучы: “І ты быў зь Ісусам Галілейскім?” 70. Але ён адрокся прад усімі, сказаўшы: “Ня ведаю, што ты гаворыш”. 71. Калі-ж Ён выходзіў за вароты, убачыла яго другая й гаворыць да тых, хто быў там: “І гэты быў зь Ісусам Назарэем”. 72. І ён ізноў адрокся, клянучыся, што ня ведае Гэтага Чалавека. 73. Крыху счакаўшы, падыйшлі былыя там і сказалі Пятру: “Напэўна й ты зь іх, бо мова твая выдае цябе”. 74. Тады ён пачаў клясьціся й бажыцца, што ня ведае Гэтага Чалавека. У гэты ж момант запяяў певень. 75. І ўспомніў Пётра словы, якія сказаў яму Ісус: “Перш, чым запяе певень, тройчы адрачэсься ад Мяне”. І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|