Разьдзел 25 |
1. Тады Ўладарства Нябеснае прыпадобніцца да дзесяцёх дзеваў, якія, узяўшы сьвяцільнікі свае, выйшлі на сустрэчу жаніха. 2. Пяць-жа зь іх было разумных, а пяць недарэкіх. 3. Недарэкія, узяўшы сьвяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею. 4. Разумныя-ж узялі й алею ў пасудзінах да сьвяцільнікаў сваіх. 5. А як жаніх замарудзіў, то задрамалі ўсе й паснулі. 6. Поўначчу пачуўся моцны голас: “Вось жаніх ідзе! Выходзьце на спатканьне яго”. 7. Тады ўсталі ўсе дзевы, і паправілі сьвяцільнікі свае. 8. Недарэкія-ж сказалі разумным: “Дайце нам вашага алею, бо сьвяцільнікі нашыя гаснуць”. 9. Але разумныя адказалі: “Каб не забракла й нам і вам, пайдзеце лепш да гандляроў і купеце сабе”. 10. Калі-ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і прыгатаваныя ўвайшлі зь ім на вясельную бяседу, і дзьверы былі зачыненыя. 11. Потым прыходзяць і іншыя дзевы й кажуць: “Госпадзе, Госпадзе! Адчыні нам”. 12. Ён-жа сказаў ім у адказ: “Сапраўды, кажу вам, ня знаю я вас”. 13. Дык не драмлеце, бо ня ведаеце ні дня ні гадзіны, калі Сын Чалавечы прыйдзе. 14. Гэта падобна да чалавека, які, ад’яжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і здаў ім маёмасьць сваю. 15. І аднаму даў пяць талянтаў, іншаму – два, а яшчэ іншаму – адзін – кожнаму паводле яго магчымасьці. 16. Той, які атрымаў пяць талянтаў, пусьціў іх у справу, і прыдбаў яшчэ пяць талянтаў. 17. Таксама й той, які атрымаў два, прыдбаў яшчэ два. 18. Той-жа, які атрымаў адін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю й схаваў серабро гаспадара свайго. 19. Па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і запатрабаваў у іх разьліку. 20. І падыйшоў першы, які дастаў пяць талянтаў, і прынёс другія пяць талянтаў, кажучы: “Гаспадару, пяць талянтаў ты мне даў, вось яшчэ пяць талянтаў я здабыў іх”. 21. І сказаў яму гаспадар: “Добра, добры й верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго”. 22. Падыйшоў таксама й той, які дастаў два талянты й сказаў: “Гаспадару! Два талянты ты мне даў, вось я здабыў на іх другіх два”. 23. Сказаў яму гаспадар яго: “Добра, слуга добры й верны! У малым ты быў верны. Над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго”. 24. Той-жа, які дастаў адзін талянт, падыйшоўшы, сказаў: “Гаспадару! Я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў. 25. Дык, пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі, і вось маеш тваё”. 26. Гаспадар-жа яго сказаў яму ў адказ: “Злы слуга й лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў. 27. Дзеля гэтага трэба было табе аддаць мае грошы купцом, і я, вярнуўшыся, узяў-бы сваё з прыбыткам. 28. Дык вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў. 29. Бо ўсякаму, хто мае, дадасца й прыспорыцца, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што мог-бы мець. 30. А нягоднага слугу ўкіньце у цемру бяздонную, там будзе плач і скрыгат зубоў”. Гэта сказаўшы, усклікнуў: “Хто мае вушы, хай слухае. 31. Калі-ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя ангелы зь ім, тады сядзе на Пасадзе славы свае. 32. І зьбяруцца прад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад іншых, як пастух аддзяляе авец ад казлоў. 33. І паставіць авец па правым баку ад Сябе, а казлоў – па левым. 34. Тады скажа Ўладар тым, хто направа ад Яго: “Прыйдзеце дабраславёныя Айца Майго, насьледуйце Ўладарства, прыгатаванае вам ад ставрэньня сьвету. 35. Бо Я быў галодны, і вы накармілі Мяне. Я меў смагу, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне. 36. Быў нагім, і вы адзелі Мяне; быў хворым, і вы наведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. 37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці смаглым – і напаілі? 38. Калі мы бачылі Цябе падарожным, і прынялі, ці нагім, і адзелі? 39. Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязьніцы й прыйшлі да Цябе?” 40. І Ўладар скажа ім ў адказ: “Папраўдзе кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму зь меншых братоў Маіх – Мне зрабілі”. 41. Тады скажа й тым, якія па левым баку Яго: “Ідзеце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, прыгатаваны д’яблу й ангелам Яго. 42. Бо Я быў галодны, і вы не накармілі Мяне; хацеў піць, і вы не падалі Мне вады. 43. Быў падарожным, і вы ня прынялі Мяне; быў нагім, і вы не адзелі Мяне; быў хворым і ў вязьніцы, і вы не наведалі Мяне”. 44. Тады й яны скажуць Яму ў адказ: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным ці смагнучым, ці падарожнікам, ці нагім або хворым, або ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?” 45. Тады скажа ім у адказ: “Папраўдзе кажу вам: калі вы не зрабілі гэтага ніводнаму з гэтых меншых, то й Мне не зрабілі”. 46. І пойдуць гэтыя на мýку вечную, а праведнікі – у жыцьцё вечнае.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|