http://belmova.hram.by
Разьдзел 24
1. І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні і падышлі да Яго вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будыніны сьвятыні. 2. Ісус-жа ў адказ сказаў ім: “Бачыце ўсё гэта? Папраўдзе кажу вам: Не астанецца тут каменя на камені – усё будзе разбурана”. 3. Калі-ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, прыступілі да Яго вучні Ягоныя насамоце, кажучы: Скажы нам, калі гэта станецца, і якія адзнакі Твайго прыйсьця й канца сьвету? 4. Ісус сказаў ім у адказ: “Сьцеражэцеся, каб хто не зманіў вас. 5. Бо шматлікія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: Я Хрыстос і многіх абмануць. 6. Таксама пачуеце пра войны й пагалоскі пра войны; глядзеце, не трывожцеся, бо належыць усяму гэтаму стацца, але гэта яшчэ не канец. 7. Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць галадоўлі, паморы й землятрасеньні мясцамі. 8. Але гэта ўсё – пачатак гора. 9. Тады будуць выдаваць вас на пакуту, і будуць забіваць вас, і будзеце ў нянавісьці сярод усіх народаў дзеля імя Майго. 10. І тады спакусяцца многія, і адзін аднаго будуць выдаваць і ненавідзець адзін аднаго. 11. І шмат фальшывых прарокаў паўстане й спакусяць многіх. 12. І ад пашырэньня беззаконьня выгасае любоў. 13. Хто-ж выцерпіць да канца, той збавёны будзе. 14. і абвешчана будзе гэтае Евангельле Ўладарства па ўсім сьвеце дзеля сьведчаньня ўсім народам, і тады (будзе) канец. 15. Вось-жа, калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую гаварыў прарок Даніла, што паўстане на сьвятым месцы (няхай стане розуму таму, хто чытае). 16. Тады, хто ў Юдэі, няхай бяжыць у горы. 17. А хто на страсе, няхай не зыходзіць узяць штось з дому свайго. 18. І хто на полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё. 19. Гора-ж цяжарным і карміцелькам немаўлят у дні тыя. 20. Дык малецеся, каб не давялося вам уцякаць узімку ці ў сыботу. 21. Бо тады будзе гора вялікае, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе. 22. І калі-б не скараціліся дні тыя, то не ўхавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных скароцяцца дні тыя. 23. Тады, калі-б хто сказаў вам: Вось тут Хрыстос ці там – ня верце. 24. Бо паўстануць лжэхрысты й фальшывыя прарокі і пакажуць вялікія знаменьні й цуды, каб спакусіць, калі магчыма, і выбраных. 25. Вось Я наўперад сказаў вам. 26. Дык калі скажуць вам: Вось Ён у пустыні – не выходзьце; вось Ён у скрытым пакоі – ня верце. 27. Бо, як маланка зыходзіць з усходу й зіхаціць аж да заходу, так будзе прыйсьце Сына Чалавечага. 28. Бо дзе-б ні быў труп, там зьбяруцца й арлы. 29. І зараз па вялікай бядзе дзён тых сонца зьмеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоры зь неба спадуць, і сілы нябесныя зрушацца. 30. Тады зьявіцца знаменьне Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і угледзяць Сына Чалавечага, ідучага на воблаках нябесных зь сілаю й славаю вялікаю. 31. і пашле ангелаў сваіх з гучным голасам трубаў, і зьбяруць выбраных Яго ад чатырох вятроў, ад аднаго краю неба да другога. 32. Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе распускаюцца й выпускаюць лісьце, то ведаеце, што блізка ўжо лета. 33. Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, пры дзьвярах. 34. Запраўды, кажу вам: Не праміне род гэты, як усё гэта станецца. 35. Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. 36. Дня таго й гадзіны ня ведае ніхто, ані Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой Адзіны. 37. Як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага. 38. Бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся й замуж выходзілі, да таго дня, калі ўвайшоў Ной у судно. 39. І ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх; гэтак будзе і ў прыход Сына Чалавечага. 40. Тады, калі на полі будуць двое, адзін бярэцца, а другі пакідаецца. 41. Будуць дзьве пры жорнах малоць – адна бярэцца, другая пакідаецца. 42. Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе. 43. Ведама-ж вам, што калі-б гаспадар дому ведаў, у якую старожу ночы прыйдзе злодзей, ён тады вартаваў-бы, і ня даў-бы падкапацца пад свой дом. 44. Дык будзьце прыгатаванымі й вы, бо ў неспадзяваную для вас гадзіну прыйдзе Сын Чалавечы. Хто-ж верны й разумны слуга, якога гаспадар паставіў у доме сваім, каб даваць яду людзям у сваім часе. 46. Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар дому, прыйшоўшы, застане робячы належна. 47. Папараўдзе кажу вам, над усёй маёмасьцяй сваёй паставіць яго. 48. Калі благі слуга скажа сам сабе: “Не сьпяшаецца гаспадар мой”; і пачне біць сяброў сваіх ды есьці й піць з п’яніцамі – 49. Тады прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень нечаканы, і ў гадзіну, яму няведамую. 50. І адлучыць яго, і прыдзеліць яму лёс разам з крывадушнікамі, там будзе плач і скрыгат зубоў.
 
< Папярэдні   Наступны >
Назад
26-08-1big.jpg
Галоўная
Пра праект
Зваротная сувязь

Навiны

Праваслаўная Царква і Беларуская мова © 2025