Разьдзел 23 |
1. Тады Ісус прамовіў да народу й да вучняў Сваіх, кажучы: 2. “На Майсеевым пасадзе заселі кніжнікі й фарысеі. 3. Вось-жа, уважайце на ўсё, што яны кажуць вам, і выконвайце, але не тварэце паводле ўчынкаў іхных, бо яны гавораць, а не выконваюць. 4. бо яны навязваюць ношы цяжкія й прыгнятальныя, і ўскладаюць на плечы людзкія, а самі й пальцам крануць іх ня хочуць. 5. Усе-ж учынкі свае яны твораць для вока людзкога; павялічваюць сховішчы свае й пашыраюць полы вопраткі свае. 6. І любяць першыя месцы на банкетах, і першыя лавы ў сынагогах. 7. І вітаньні на рынкавых пляцох і вялічаньні ад людзей – настаўнік, настаўнік! 8. А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік – Хрыстос, а вы ўсе – браты. 9. І айцом сабе нікога не называйце на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Хто ў небе. 10. І не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік – Хрыстос. 11. Большы з вас няхай будзе вам слугою. 12. Бо хто ўзвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе. 13. Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што зачыняеце Ўладарства Нябеснае прад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, якія хочуць увайсьці, не дапускаеце. 14. Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што аб'ядаеце дамы ўдавіцаў і няшчыра доўга моліцеся; за гэта-ж цяжэйшы прысуд атрымаеце. 15. Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што праходзіце мора й сушу, каб навярнуць хоць аднаго, і калі здабудзеце, робіце яго сынам пекла, удвая горшым за вас. 16. Гора вам, правадыры сьляпыя, калі кажаце: Хто паклянецца храмам, гэта нічога, а хто паклянецца золатам, што ў храме, той павінны. 17. Збуялыя й сьляпыя! Што-ж большае, золата ці храм, які асьвячае яго? 18. Гэтак-жа, калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога, але калі паклянецца ахвяраю, якая на ім, то павінны. 19. Збуялыя й сьляпыя! Што-ж большае, ахвяра ці ахвярнік, які асьвячае ахвяру? 20. Дык-жа той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца й ім і ўсім тым, што на ім. 21. І калі хто клянецца храмам, клянецца й тым, хто прабывае ў ім. 22. А хто клянецца небам, клянецца Прастолам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім. 23. Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што здаеце дзесяціну зь мяты, анісу й кмену, а зьневажаеце найважнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэтае належала выконваць, і таго не пакідаць. 24. Правадыры сьляпыя! Камара цэдзіце, а вярблюда глытаеце. 25. Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што ачышчаеце кубкі й міскі звонку, а ўсярэдзіне поўныя зьдзерства й бруду. 26. Фарысей сьляпы! Ачысьць перш нутро кубка й місы, каб чыстымі сталіся й звонку. 27. Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі, што прыпадабняецеся да трунаў пабеленых, якія звонку выдаюцца харошымі, а ўсяродку поўныя касьцей трупаў і рознае нечысьці. 28. Гэтак і вы: звонку паказваецеся людзям справядлівымі, а ўсяродку поўныя крывадушнасьці й беззаконьня. 29. Гора вам, кніжнікі й фарысеі-крывадушнікі! Вы будуеце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце памятнікі праведнікам. 30. І гаворыце: Калі-б мы былі ў дні бацькоў нашых, то ня былі-б іхнымі супольнікамі ў праліцьці крыві прарокаў. 31. Гэтым вы самі супраць сябе сьведчыце, што вы сыны тых, якія пабівалі прарокаў. 32. І вы дапоўніце меру бацькоў вашых. 33. Зьмеі, пароджаньне гадаў! Як унікнеце вы асуджэньня на пекла? 34. Таму вось Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; вы-ж адных зьнішчыце й укрыжуеце, іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць будзеце зь места да места. 35. Каб пала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захара, сына Варахііна, якога вы забілі між царквою й алтаром. 36. Папраўдзе кажу вам, што ўсё гэта прыйдзе на гэты род. 37. Ерусалім, Ерусалім, пабіўшы прарокаў і каменяваўшы пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крыльлі, і вы не захацелі. 38. І вось пакідаецца дом ваш парожны. Бо кажу Я вам: Ня будзеце бачыць Мяне ад сёньня, дакуль ня ўсклікнеце: Дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе”.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|