Разьдзел 22 |
1. Ісус, зьвяртаючыся да іх, зноў гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы: 2. “Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека-ўладара, які справіў вясельле сыну свайму. 3. І паслаў слугаў сваіх клікаць запрошаных на вясельле, і не хацелі прыйсьці. 4. Зноў паслаў іншых слугаў, наказваючы: Скажэце запрошаным: вось я прыгатаваў абед мой, валы мае й кормнікі забітыя, і ўсё гатова, прыходзьце на вясельную бяседу. 5. Яны-ж, зьняважыўшы гэта, пайшлі: хто на поле сваё, хто да гандлю свайго. 6. Іншыя-ж, схапіўшы слугаў яго, назьдзекаваліся й забілі іх. 7. Пачуўшы тое, уладар угнявіўся й паслаў войска сваё, зьнішчыў забойцаў тых і спаліў месты іхныя. 8. Тады кажа ён слугам сваім: Вясельле гатовае, але званыя не былі дастойнымі. 9. Дык пайдзеце на ростані й клічце на вясельле ўсіх, каго сустрэнеце. 10. І слугі яго, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі – і добрых, і благіх – і на вясельнай бяседзе было поўна гасьцей. 11. Уладар, прыйшоўшы паглядзець гасьцей, убачыў там чалавека ўбранага не ў вясельнае адзеньне. 12. І кажа яму: Дружа! Як ты ўвайшоў сюды не ў вясельнай вопратцы? Той-жа маўчаў. 13. Тады сказаў уладар слугам сваім: “Вазьмеце яго, зьвяжэце яму рукі й ногі, і ўкіньце яго ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубоў. 14. Бо многа пазваных, але мала выбраных”. 15. Тады фарысеі, зыйшоўшыся, радзіліся, як-бы ўлавіць Яго на словах Ягоных. 16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: “Настаўніку! Мы ведаем, што Ты справядлівы й праўдзіва настаўляеш на шлях Божы, ды ня дбаеш дагаджаць каму-небудзь, бо не ўзіраешся на абліччы асобаў. 17. Дык скажы нам, як ты думаеш? Ці законна даваць падатак кесару, ці не?” 18. Але Ісус, ведаючы іхную нягоднасьць і подступ, сказаў: “Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушнікі? 19. Пакажэце мне падатковую манету”. Яны прынясьлі Яму дынар. 20. Тады Ісус кажа ім: “Чый гэта тут воблік і надпіс?” 21. Яны сказалі Яму: “Кесаравы”. Тады сказаў ім: “Дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу”. 22. Пачуўшы гэтае, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі. 23. У той-жа дзень прыступілі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся ў яго, кажучы: 24. “Настаўніку! Майсей сказаў: “Калі хто памрэ, не пакінуўшы дзяцей, то брат яго няхай возьме жонку ягоную ды адродзіць патомства брату свайму”. 25. Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр, і, ня маючы патомства, пакінуў жонку браты свайму. 26. Таксама й другі й трэйці аж да сёмага. 27. Пасьля-ж усіх памерла й жонка. 28. Дык пры ўваскрасеньні каторага зь іх сямёх будзе яна жонкаю, бо ўсе мелі яе?” 29. Адказваючы ім, Ісус сказаў: “Памыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ані сілы Божае. 30. Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца, ані замуж ня йдуць, але бытуюць у небе, як анёлы Божыя. 31. А пра ўваскрасеньне, ці-ж не чыталі вы сказанага ад Бога: 32. Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба. Бог ня ёсьць Богам мёртвых, але Богам жывых”. 33. І слухаючы, народ дзівіўся з навукі Яго. 34. Фарысеі, дачуўшыся, як ён спыніў садукеяў, сыйшліся разам. 35. І адзін зь іх, законьнік вучоны, спакусьліва папытаў у Яго, кажучы: 36. “Настаўніку! Які запавет найбольшы ў законе?” 37. Ісус-жа сказаў яму: “Узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім. 38. Гэта ёсьць першы й найбольшы запавет. 39. Другі-ж, падобны да яго: любі бліжняга твайго, як самога сябе. 40. На гэтых двух запаветах грунтуецца ўвесь закон і прарокі”. 41. Сабраным-жа фарысеям Ісус задаў пытаньне, кажучы: 42. “Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?” Кажуць Яму: “Давідаў”. 43. І гаворыць ім: “Як-жа Давід у натхненьні заве Яго Госпадам, калі кажа: 44. Сказаў Госпад Госпаду Майму: Сядзі праваруч Мяне, дакуль не палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх. 45. Калі-ж Давід называе Яго Госпадам, як-жа Ён сын яму?” 46. І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова, і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся больш даваць яму пытаньні.
|
< Папярэдні | Наступны > |
---|